Сучасная школа на старадаўнім падмурку

№ 31 (1470) 01.08.2020 - 08.08.2020 г

Заўтра з удзелам міністра культуры Беларусі Юрыя Бондара мае адбыцца ўрачыстае адкрыццё адрэстаўраванага будынка Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. А ўжо сёння там пачынаюцца ўступныя іспыты па спецыяльнасці для тых, хто марыць стаць першакурснікам каледжа.

/i/content/pi/cult/809/17344/1.jpgКапітальны рамонт Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі пачаўся яшчэ ў 2013 годзе, пытанне ж пра яго неабходнасць узнімалася яшчэ ў 2004-м. Яно і не дзіва: пасля перабудовы, ажыццёўленай у 1960-я, гэты дом на плошчы Свабоды, з ранку да позняга вечара населены адоранымі юнымі музыкантамі і іх выкладчыкамі, паступова старэў, і ніякія касметычныя меры не маглі спыніць гэты працэс: некаторыя часткі будынка, фундамент якога закладаўся яшчэ ў канцы ХVII стагоддзя, прыйшлі ў аварыйны стан.

Але проста рамонтам, нават капітальным, справа не абмежавалася: год таму па даручэнні Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Лукашэнкі тут пачаліся тэрміновыя рэканструкцыя з рэстаўрацыяй. Дарэчы, само даручэнне ўзнікла пасля таго, як 1 сакавіка 2019 года знакаміты оперны саліст нашага Вялікага тэатра Уладзімір Громаў, які днямі атрымаў званне народнага артыста Беларусі, на сустрэчы прадстаўнікоў грамадскасці і СМІ звярнуўся да Кіраўніка дзяржавы з просьбай, каб спецыялісты паскорылі рамонтныя працы.

/i/content/pi/cult/809/17344/2.jpgБудынак шмат чаго зведаў на сваім вяку. З 1699 года тут змяшчалася езуіцкая школа, што ўваходзіла ў склад знакамітага мінскага езуіцкага калегіума. Праз некалькі дзесяцігоддзяў, пасля забароны ордэна езуітаў, сюды пасялілі свецкую школу. Пасля далейшай перабудовы ў класіцысцкім стылі гэта стаў дом губернатара. У гады Першай сусветнай вайны другі паверх быў аддадзены пад шпіталь, у 1918 годзе тут нават знаходзіліся нямецкія ваенныя музыканты. Увогуле ж, пасля рэвалюцыі будынак абжывалі самыя разнастайныя дзяржаўныя ўстановы. Сваё школьнае прызначэнне ён займеў толькі пасля Вялікай Айчыннай. Нарэшце, у 1947-м сюды пераехала цяперашняя гімназія-каледж, якая тады называлася Рэспубліканскай музычнай школай-дзесяцігодкай (пазней — адзінаццацігодкай) пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі.

/i/content/pi/cult/809/17344/3.jpgЭлітная (у самым высокім сэнсе слова) навучальная ўстанова, створаная ў кастрычніку 1935 г., спрадвек збірала ды песціла самых музычна таленавітых дзяцей з усёй рэспублікі. Педагогі ездзілі па дзіцячых садах і школах, дабіраліся ў самыя аддаленыя рэгіёны, каб праслухаць сваіх патэнцыйных талентаў і рэкамендаваць іх бацькам сур’ёзна задумацца пра магчымую музычную прафесію дзіцяці.

Дык якія новыя магчымасці атрымаюць навучэнцы гімназіі-каледжа пры Акадэміі музыкі пасля канчатковага ўезду ў адноўлены будынак? З такім пытаннем мы звярнуліся да дырэктара навучальнай установы, знакамітага піяніста, лаўрэата міжнародных конкурсаў Аляксандра Палякова.

— Найперш, у нас з’яўляецца свая студыя гуказапісу, — распавёў Аляксандр Яўгенавіч. — Яна знаходзіцца на месцы былой фанатэкі, што змяшчалася ў двух кабінетах пятага паверха. Неабходнасць такой студыі даўно пацверджана часам. Бо мы зможам рабіць запісы, неабходныя не толькі для папаўнення агульнай калекцыі лепшых інтэрпрэтацый, але і для ўдзелу нашых музыкантаў у выканальніцкіх конкурсах: на многіх такіх спаборніцтвах пачатковы адбор ажыццяўляецца на аснове дасланых аўдыя-відэаматэрыялаў. Таму раней вучні і выкладчыкі павінны былі самі шукаць такія магчымасці.

Экскурсія працягваецца, і я бачу яшчэ шмат навінак, якія пачынаюцца акурат з уваходу — нават са знешняга аблічча будынка. Розныя колеры аддзяляюць “старажытныя” паверхі ад дабудаваных у ХХ стагоддзі: такая практыка правядзення рэстаўрацыйных прац, між іншым, распаўсюджана ў Еўропе. Закансерваваны знойдзеныя пад слаямі тынкоўкі старадаўнія роспісы ў падвале. Будынак цяпер мае тры ўваходы-выхады: галоўны і два запасныя. Фае стала больш святочным — бы ў палацы. Гардэроб, які быў направа ад дзвярэй, пераехаў уніз, на цокальны паверх. Цэнтральная лесвіца, што вядзе ў вялікую залу, атрымала працяг, што значна палепшыла арыентацыю ў будынку. Значна змянілася і сама гэтая зала, стала шматфункцыянальнай.

Так, у каледжы і раней былі тры канцэртныя аўдыторыі розных маштабаў. У дзвюх камерных праводзіліся разнастайныя вучэбныя выступленні, майстар-класы, канферэнцыі. У вялікай — больш буйныя мерапрыемствы. Памятаю, як тут ладзіліся нават праслухоўванні колішніх усесаюзных конкурсаў піяністаў, выканаўцаў на духавых інструментах. Цяпер сцэна стала крыху меншай, затое больш эстэтычнай і прыстасаванай: у яе з’явіліся кішэні, дзе артысты змогуць чакаць свайго выхаду. Значна пашыраць выкарыстанне залы набытыя прылады: відэапраектар, экран, светлавое абсталяванне. У глядзельнай зале з’явіўся пад’ём (раней ён быў толькі з сярэдзіны, пасля праходу), вузенькі працоўны балкончык ператварыўся ў прызначаны для публікі.

— Вялікая роля надавалася акустыцы і гукаізаляцыі, — працягвае Аляксандр Палякоў, на чые плечы як дырэктара гімназіі-каледжа лёг апошні год рэстаўрацыйна-будаўнічых прац, калі маладому музыканту давялося курыраваць усё літаральна да апошняга цвіка. — Яна палепшылася ў харавым класе, які таксама стаў больш кампактным і ўтульным, больш аб’ёмны гук з’явіўся ў камерных залах другога і трэцяга паверхаў. За кошт прыбудоў і перапланіроўкі, у тым ліку падвальных памяшканняў, павялічылася колькасць аўдыторый, змяніліся функцыі некаторых з іх.

Ды ўсё ж асобы гонар майго суразмоўцы — выдатнага піяніста з багатай не толькі айчыннай, але і замежнай канцэртнай практыкай — уяўляюць новыя музычныя інструменты, набытыя дзяржавай для гімназіі-каледжа. Сярод іх — 22 раялі і 14 піяніна.

— Піяніна “Беларусь”, — дадае Аляксандр Яўгенавіч, — яшчэ ў савецкія дзесяцігоддзі лічылася лепшым за многія замежныя аналагі. А раялі — знанай японскай фірмы Kawai. Вядома, быў аб’яўлены тэндар на іх набыццё. Сярод тых, хто выносіў экспертнае рашэнне, былі прадстаўнікі і нашай Акадэміі музыкі, і Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Бо ўвага надавалася не толькі кошту, але і, што яшчэ больш важна, якасці.

У пацверджанне сваіх слоў ён садзіцца за раяль — і я магу ацаніць не толькі тэмбр інструмента, але і майстэрства выканаўцы. Дарэчы, новыя інструменты былі ўжо апрабаваны юнымі музыкантамі. І не толькі цяперашнімі, але і будучымі навучэнцамі: прыём у 5-ты клас гімназіі завершаны. Дарэчы, колькасць вучняў не зменіцца: у гімназіі-каледжы займаюцца каля 440 юных музыкантаў. Апошнія гады іх і без таго напружаная вучоба ўскладнялася тым, што заняткі праводзіліся ў тры змены, яшчз і ў розных карпусах — на базе дзвюх іншых школ.

Цяперашняе перасяленне гімназіі-каледжа ў адноўлены будынак (так і хочацца сказаць, сапраўднае наваселле!) — цудоўны падарунак да 85-годдзя навучальнай установы.

— Тэрміны будаўнічых прац спазнаюцца ў параўнанні, — усміхаецца Аляксандр Палякоў. — Бо Цэнтральная музычная школа пры Маскоўскай кансерваторыі рамантавалася 17 гадоў. Музычнае вучылішча імя Гнесіных Расійскай акадэміі музыкі — і таго больш, ажно 20. Таму вялікі дзякуй усім, хто прыкладаў намаганні для нашага вяртання ў родны дом.

Словы падзякі будуць гучаць і ў дзень афіцыйнага адкрыцця. Але аднымі прамовамі, зразумела, справа не абыйдзецца: урачыстасці завершацца канцэртам, у якім прымуць удзел юныя пераможцы прэстыжных міжнародных конкурсаў.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"