На “Славянскім...” выклаліся “па поўнай”

№ 30 (1469) 25.07.2020 - 01.08.2020 г

Абодва Гран-пры — нашы!
Пераможцамі абодвух конкурсаў эстрадных выканаўцаў на “Славянскім базары ў Віцебску” сталі прадстаўнікі нашай краіны: на дзіцячым перамагла Ангеліна Ламака, на дарослым — Раман Волазнеў, дадаўшы да Гран-пры не толькі прэмію Парламенцкага сходу саюзу Беларусі і Расіі, якой незалежна ад ацэнак журы адзначаюцца канкурсанты гэтых краін, але і спецыяльную прэмію імя Уладзіміра Мулявіна “За лепшае ўвасабленне нацыянальнай тэмы, высокае выканальніцкае майстэрства”.

/i/content/pi/cult/808/17329/03.jpgУ Віцебску сышлося ўсё: добрая прафесійная падрыхтоўка, удала падабраны рэпертуар, баявы настрой — нарэшце, вельмі сур’ёзнае стаўленне нашых спевакоў і іх выкладчыкаў да конкурсаў, бо гэтыя творчыя спаборніцтвы расцэньваюцца ў нас не як нейкія чарговыя шоу, а як важкі ўнёсак у нацыянальную культуру і само пазіцыянаванне Беларусі на мапе Еўропы і свету як краіны талентаў.

Вялікую ролю ў гэтым адыграла і спагадлівая пазіцыя журы, якое гэтак жа, як і іншыя ўдзельнікі фестывалю, імкнулася падтрымаць усіх, хто прыкладаў намаганні, каб фестываль і ягоныя конкурсы здзейсніліся “на ўсе сто”. Да беларускіх канкурсантаў стаўленне заўсёды асаблівае, дый увагі да іх заўжды больш, чым да каго іншага з маладых і юных выканаўцаў. Але ж сёлета ўвесь гэты згустак пазітыўнай энергетыкі, скіраваны на нашых удзельнікаў, быў падвоены-патроены. Бо да разумення арганізатарскіх намаганняў краіны, што праводзіць такі буйны форум, дадавалася яшчэ тое, у якіх надзвычай складаных умовах ладзіцца сёлета свята.

Ангеліна Ламака і Раман Волазнеў — сапраўды малайцы. Як гаворыцца ў такіх выпадках, выклаліся “па поўнай”. Іншымі словамі, прадэманстравалі ўсё, на што здольныя.

Акрамя ўласна спеваў, Раман у першай песні граў на губным гармоніку, у другой — на клавішах, прычым выдаваў настолькі віртуозныя фартэпіянныя пасажы, што сумнявацца ў яго папраўдзе добрым валоданні гэтым інструментам не даводзілася. Дый першая песня была яго ўласнай —“Свечка” на словы Максіма Багдановіча.

Абраны верш “Свяча бліскучая зіяе” шмат у чым перагукаецца з іншым вершам гэтага беларускага класіка —“Маёвай песняй” з таго ж зборніка “Вянок”. Дарэчы, тую “Маёвую песню” ўсе ведаюць, дзякуючы найперш музыцы Ігара Паліводы, які заўчасна пакінуў нас у 1996-м. Яго песня “Па-над белым пухам вішняў…”, названая паводле першага радка таго верша, была часткай буйнога твора кампазітара — поп-оперы “Максім”, паводле жанравага вызначэння блізкай песеннаму цыклу. І атрымала асаблівую папулярнасць пасля таго, як прынесла Гран-пры ў выглядзе новенькага аўто (дададзім, што па тых часах машына магла каштаваць больш за кватэру) Алёне Саўленайтэ на Першым Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне ў 1993 годзе. І на тое, каб адважыцца звярнуцца да “раскручанага” матыльковага вобразу, толькі праз іншы верш паэта, дзе матылёк пададзены ў выключна трагічным абліччы, патрабавалася, да ўсяго, творчая смеласць.

Дарэчы, такія перазовы паміж двума вершамі ў мяне ўзніклі яшчэ і таму, што да цяперашняй песні Рамана Волазнева цалкам падыйшоў бы эпіграф, дадзены паэтам яго “Маёвай песні”: “Музыка перш за ўсё”. Гэтыя словы Поля Верлена, паэзію якога Максим Багдановіч шмат перакладаў, як нельга лепей адпавядаюць песні “Свечка”: музыка ў ёй выходзіць на першы план і літаральна засланяе сабой словы. Няроўнае полымя агеньчыка – і такое ж зіхаценне-мільганне, кранальна імпульсіўнае трымценне-трапятанне крылцаў матылька чуецца-бачыцца найперш у самой мелодыі, багата аздобленай джазавай арнаментыкай. У тым матыльку музыка дапамагае ўбачыць постаць самога паэта, згарэлага ад хваробы. І, шырэй, любога творцы, што спальвае сябе ў полымі натхнення і працы, прыносячы ахвяры ў гонар прыгажосці.

Было відаць, як моцна хваляваўся Раман, асабліва ў пачатку песні: на адборачных праслухоўваннях да конкурсу, што праходзілі ў сакавіку ў Лідзе, ён спяваў гэту кампазіцыю больш упэўнена. Ды справа не ў гэтым: асабіста для мяне Раман Волазнеў — не столькі ўласна спявак, колькі таленавіты музыкант (у самым шырокім сэнсе слова) і найперш кампазітар. Гледзячы і слухаючы яго выступленне, я ўвесь час лавіла сябе на думцы, што звяртаю ўвагу не столькі на спевы, колькі менавіта на песню. І што вельмі хочацца паслухаць яе яшчэ ў нечым выкананні. А тым і вылучаюцца звычайна так званыя аўтарскія, кампазітарскія паказы! Таму пажадаем нашаму пераможцы далейшых таленавітых кампазіцый (і найперш джазавых, у чым ён папраўдзе спец, невыпадкова атрымліваючы прэміі ды прызы на Міжнародным конкурсе Jazz-Time у Салігорску). Іншая справа, што сёння кампазітара, а тым больш песеннага, ведаюць хіба тады, калі ён сам выходзіць на эстраду.

Самыя лепшыя ўражанні пакінула і Ангеліна Ламака на дзіцячым конкурсе. У час лідскага адбору, прызнацца, не ў мяне адной былі сумневы, як успрымуць нашу ўдзельніцу замежныя члены журы. Калісьці ў юнай спявачкі была ледзь не цалкам народная манера выканання. Цяпер гэта эстрадныя спевы, добра аздобленыя гарлавымі ноткамі, што было асабліва заўважна ў першай песні — “Вольная рака” Аляксандра Аляксандрава на словы самой спявачкі і яе колішняга выкладчыка Валерыя Шмата, які ўзначальвае арт-гурт “Беларусы”.Такая стылёвая сумесь, спевы на памежжы эстраднага і “адкрытага” народнага гучання аказаліся як ніколі дарэчы: у падобнай манеры, апошнім часам распаўсюджанай на тым жа “Еўрабачанні”, спявалі і прадстаўнікі Украіны, Казахстана.

На іх фоне Ангеліна Ламака вылучалася найперш стабільнасцю, што заўжды вельмі важна для конкурсных баталій. Хтосьці “стушаваўся” на першай песні. Хтосьці, наадварот, сапсаваў усё уражанне няўдалай другой. Ангеліна ж выступіла роўна, на добрым узроўні — і гэта не магло не пераканаць журы ў яе перамозе.

Але конкурс скончыўся. І тыя Гран-пры, нягледзячы на ўсю важнасць цяперашняга моманту, хутка забудуцца, калі іх не падтрымліваць. Прычым штодня. А гэта і новыя рэпетыцыі, і новыя выступленні. І не толькі з раней напрацаваным рэпертуарам, але і з усё новымі песнямі. Таму пасляконкурсная эйфарыя павінна працягнуцца не толькі заслужаным адпачынкам, але і новымі стартамі. Невыпадкова многія акадэмічныя конкурсы міжнароднага кшталту прадугледжваюць разгорнутыя гастрольныя туры пераможцаў адразу пасля ўручэння ім узнагарод. Вядома, цяперашняя сітуацыя ў свеце гэтага не дазваляе, але пра свае далейшыя крокі і прыступкі ўзыходжання на музычны Алімп павінны дбаць не толькі пераможцы, але і ўсе ўдзельнікі творчых спаборніцтваў.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"