Прэм’ера спектакля запланавана на верасень. Першапачаткова спектакль мелі паказаць падчас фестывалю “Балетнае лета” ў чэрвені, аднак планы як адносна прадстаўнічага форуму, так і самой пастаноўкі змяніла цяперашняя складаная эпідэміялагічная сітуацыя.
Што да асобы пастаноўшчыка, дык Сяргей Мікель — адзін з самых маладых вучняў народнага артыста Беларусі, народнага артыста СССР Валянціна Елізар’ева — мастацкага кіраўніка Вялікага тэатра. А “Пэр Гюнт” — першы буйны спектакль Сяргея на сцэне Вялікага. Урэшце, досвед працы з асобнымі салістамі трупы ў маладога балетмайстра ўжо быў.
— Зразумела, на гэтай сцэне любая пастаноўка выглядае грандыёзнай — гэта ж нацыянальны, адзін на ўсю рэспубліку тэатр, — кажа Сяргей.
Працуючы над балетам, Мікель з дырыжорам-пастаноўшчыкам, народным артыстам Беларусі Аляксандрам Анісімавым дадаткова набіралі музыку з іншых сачыненняў Эдварда Грыга.
— Дарэчы, адной з адметнасцяў стане танец Анітры — яго не будзе ў знаёмым усім прачытанні, — сказаў Сяргей Мікель.
Цікава, што ў 1966 — 1978 гадах назва “Пэр Гюнт” паводле драмы Генрыка Ібсэна ўжо стаяла ў балетнай афішы Вялікага тэатра.
Фота аўтара