Аўдыя & Відэа

№ 22 (1461) 30.05.2020 - 06.06.2020 г

Красавіцкія аўдыя / відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць кампазітар Генадзь МАРКЕВІЧ (A.) і аглядальнік газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

АЎДЫЯ

/i/content/pi/cult/800/17195/Panska_opt.jpegГурт Panska Moc, міні-альбом “Гета”

А.: Вельмі цэласны рэліз, у якім спадабалася ўсё — аранжыроўкі, інструментальныя партыі, мелодыі, тэксты, — што складаюцца ў адзіныя формы. Магу ўявіць сабе дадзеную музыку ў сваім плэйлісце, мне будзе зразумела, чаму менавіта яна туды трапіла, і трапіла невыпадкова, няма ў мяне да яе пытанняў “навошта так зроблена?”, “для чаго гэта, а не тое?”

B.: Мінскi поп-альтэрнатыўны гурт кідае з крайнасці ў крайнасць, хай нават ніша, у якой творыць калектыў, і вузкая. Каманда то грае абуральна прасценькую лёгенькую музыку, то раптам пачынае прэтэндаваць на нейкія філасофскія глыбіні, то змешвае першае з другім. Верагодна, у сілу маладосці Panska Moc проста ўсё яшчэ шукае тыя свае струны, якія таленавіты акын калі-небудзь ды знаходзіць і “сячэ” па іх да канца жыцця, умоўна кажучы, адну і тую ж песню, аднак такую непадобную ні на чые іншыя. Жадаю хлопцам знайсці гэтыя струны.

/i/content/pi/cult/800/17195/_opt.jpegLavon Volski, альбом Ameryka

A.: Здзівіў Лявон, здзівіў. І нават не магу канкрэтызаваць — у станоўчым сэнсе ці ў адмоўным. Праслухаўшы альбом, думаю, здзівяцца і ўсе тыя, хто больш-менш знаёмы з папярэдняй творчасцю музыканта - роковым ды іншых напрамкаў. А тут, па стылістыцы, у асноўным кантры, прычым 1980-х гадоў. Там, дзе ёсць мелодыя, мне ўсё здалося сімпатычным.

B.: Так сабе Клінт Іствуд выйшаў з Лявона нашага Вольскага. Дакладней Джоні іх Кэш. Галоўны рок-музыкант усяе Беларусі раптам чамусьці вырашыў запісаць альбом, вытрыманы ў кантры і блізкай да гэтага жанру стылістыцы, натуральна, з адсылам да амерыканскай рэчаіснасці — мінулай і сапраўднай. Добра, спыняю іранізаваць, толькі яшчэ раз канстатую — не атрымалася “прывітанне Амерыцы”. Лепшымі ж на рэлізе сталі песні, што ў найменшай ступені сярод іншых кампазіцый альбома маюць дачыненне да кантры — выдатная лірычная “Калі пачнецца той снег” і філасофскі “медляк” “Палон”.

/i/content/pi/cult/800/17195/True_opt.jpegПраект True Litwin Beat, альбом “Свабода болі”

A.: Ніколі не вітаў песні з тэкстамі “на грани” і ўжо тым больш “за гранью”. Лічу, што, калі людзям няма чаго сказаць, тады яны і пачынаюць гнаць чарнуху, хайпаваць, як сёння кажуць. І рэп тут, вядома, своеасаблівы: зразумела, у кожнага, хто ўжывае рэчытатыў ва ўласнай творчасці, свой падыход да яго, у “нашым” выпадку рытміка амаль цалкам адсутнічае. Як адсутнічае і агульная якасць гуку: мабыць, толькі да аднаго трэку ў мяне няма прэтэнзій у гэтым сэнсе, у астатніх узровень запісу прыкметна “кульгае”.

B.: Праект гэты быў ініцыяваны некалькі гадоў таму далёка не апошнімі людзьмі ў беларускiм андэрграўндзе — Сяргеем Пукстам і былым удзельнікам гуртоў “Красные звёзды” і “Четыре” Яўгенам Бяловым. Як і ў папярэдніх работах праекта, так і ў гэтым, музыкі мала дзе ёсць, — каб мелодыі існавалі. А добры рэліз тым, што практычна ўсе яго кампазіцыі ўтрымліваюць бездань прышпільных і вельмі нават сабе філасофскіх фразачак ад меладэкламатара Пукста, якія папросту могуць замацавацца ў масавым ужытку ў выглядзе цытат і выкарыстоўвацца пры належнай нагодзе.

ВІДЭА

/i/content/pi/cult/800/17195/Ozhog_opt.jpegГурт Super Besse, кліп на песню Ozhog

А.: Мне па душы больш сюжэтныя кліпы, дарагія — і не столькі па тым, колькі ўкладзена ў іх сродкаў, а з-за карцінкі. Тут яна таксама ёсць, але вельмі скупая. Можна сказаць, што... і няма яе — твары і фігуры музыкантаў ды ўсё на тым. Правільна сказана ў анонсе да відэа — тыповы прадукт самаізаляцыі падчас каранавiруса. Але! Калі б з дапамогай колеракарэкцыі надалі малюнку нейкую імглістасць, “таямнічасць”, цалкам верагодна, ён заіграў бы па-іншаму. У песні ж доўга не мог разабраць словы — вакал занадта “патоплены”, потым, праўда, атрымалася гэта зрабіць. Напэўна, у тэкстах гурта хтосьці нешта для сябе сакральнае знаходзіць. Для мяне, у першую чаргу, у песнях важная мелодыя, тут з ёй праблематычна.

B.: А гурт цікавей зайграў! Да просталінейнага, малафантазійнага постпанку дадаўся сінт-поп і ўсё стала пажывей — адносна, вядома, але — тым не менш. Калі праводзіць нейкія паралелі з альтэрнатыўшчыкамі-суседзямі, то трэк мне нагадаў некалькі каманд з Маскоўскай рок-лабараторыі сярэдзіны 1980-х — пад пэўны настрой і стан цалкам зойдзе гэты манатонны опус. Кліп таксама мінімалістычны — буйныя планы музыкантаў, нешта там палае — у адпаведнасці з утрыманнем кампазіцыі. Няблага.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"