Капліца будзе ўратаваная. А гумно?

№ 17 (1456) 25.04.2020 - 01.05.2020 г

Пачынаючы з 2013 года, наша Арт-суполка імя Тадэвуша Рэйтана разам з рэдакцыяй газеты “Культура” ў сярэдзіне красавіка ладзіла талаку ў котлішчы роду Рэйтанаў у вёсцы Грушаўка Ляхавіцкага раёна. У наступным 2014 годзе там упершыню адбыўся і куды больш маштабны раённы суботнік, арганізаваны ўладамі Ляхавіччыны. І вось, справа ўрэшце зрушылася кардынальна. Акурат у гэтыя красавіцкія дні ў сядзібе пачаліся рэстаўрацыйныя працы. Як мы ўжо пісалі, фінансуюцца яны за кошт еўрапейкага гранта, а таксама сродкаў мясцовага бюджэту. 18 красавіка я наведаўся ў Грушаўку, каб убачыць, што там адбываецца на ўласныя вочы.

/i/content/pi/cult/795/17106/017.JPGЦяпер у вёску вядзе не разбітая гравейка, а добрая асфальтавая дарога — што, безумоўна, паспрыяе павелічэнню турыстычнага патоку. Перад паваротам на Грушаўку раней стаяў дарожны знак, які паведамляў пра сядзібу, але ўжо некалькі гадоў, як ён знік. Тут жа, на развілцы, у свой час быў маляўнічы сасновы гаёк. Цяпер ён чамусьці суцэльна высечаны.

Першым аб’ектам, на які мы завіталі, была капліца-шматпакутніца. Збудаваная больш як сто гадоў таму, яна перастаяла Першую і Другую сусветныя войны. Але недзе ў 1970-ы скарбашукальнікі дабраліся і да яе. Менавіта тады былі апаганены магілы сваякоў Тадэвуша Рэйтана, зніклі са сцен мармуровыя памятныя дошкі, знішчаны дах з прыгожай вежай. Аварыйны стан гатычнага помніка бянтэжыў усіх, але працы пачаліся толькі цяпер. Праводзіцца гідраізаляцыя падмуркаў, а ў самой капліцы ўжо ўсталяваныя рыштаванні.

На сядзібе я не заспеў ні вартавых, ні працоўных. Затое даволі шмат турыстаў. Скляпенні палаца амаль цалкам вычышчаныя ад векавога друзу, падведзеная электрычнасць. На першым і другім паверхах ідзе прыборка смецця, якога там за час назбіралася нямала. Узгадалася, як некалькі гадоў таму, падчас летніка, мы ўсталявалі на светлавых вокнах на даху дома накрыўкі, бо столь там прагніла наскрозь, да першага паверха.

Як паведамілі мясцовыя жыхары, працы пачаліся літаральна за тыдзень да нашага прыезду. Але за той невялікі адрэзак часу фізічных высілкаў было прыкладзена нямала. І гэта бачна няўзброеным вокам.

Абышлі мы і ўсе сядзібныя будынкі, каб праманіторыць іх стан. Часовы дах “Мураванкі” Тадэвуша Рэйтана, які мы колісь зрабілі, каб працягнуць жыццё гэтаму каштоўнаму помніку, дасюль у добрым стане. На спіртоўні адляцела цырата, якую мы прымацавалі яшчэ ў 2014 годзе. Цяпер пад ёй паціху пачаў прагніваць нясучы брус даху.

На кароўніку нехта, пэўна, працягвае збор металалому: пазнікалі амаль усе апоры, на якіх трымаўся падстрэшак. А на яго абапіраецца уласна сам дах.

Але самая вялікая небяспека пагражае старажытнаму свірану, які быў пабудаваны яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Раней іх там было тры. Застаўся адзін, але і той пацярпеў. Спярша ад людзей, потым ад надвор’я (гл. “К” № 6 за 2016 г.). У свой час загадчык кафедры архітэктуры жылых і грамадскіх будынкаў БНТУ, лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне” Сяргей Сергачоў выступіў у абарону гэтага ўнікальнага для Беларусі будынка. Да голасу аднаго са стваральнікаў Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту прыслухаліся. Будынак, які доўгі час актыўна выкарыстоўваўся мясцовым ільнокамбінатам, пакінулі ў спакоі. Але “пакінуць у спакоі” і прыкласці намаганні для захавання гэтай велічнай будыніны — не адно і тое ж.

Аднавіць яе сіламі адно валанцёраў немагчыма. Да гэтай справы павінны аператыўна далучыцца ў тым ліку і мясцовыя ўлады. Бо яшчэ раз нагадаем — будынак такі на ўсю Беларусь адзіны! А калі комплекс аднаўляецца ў тым выглядзе, у якім ён быў на мяжы ХІХ — ХХ стагоддзяў, ці можна дапусціць, каб неад’емная частка сядзібнага комплекса проста развалілася і была спалена ў печах добрых людзей?

Нагадаем і пра тое, што Грушаўка — малая радзіма беларускага нацыянальнага героя Тадэвуша Рэйтана. Паколькі сёлета 280-я гадавіна яго нараджэння, самы час надаць гэтай постаці належную ўвагу. Будзем спадзявацца, што і на сённяшнім рэспубліканскім суботніку Грушаўку не абмінуць клопатам.

Зміцер ЮРКЕВІЧ, Фота аўтара