Сядаюць на ровары і “айда!” за лазой

№ 17 (1456) 25.04.2020 - 01.05.2020 г

Як дамы рамёстваў дапамагаюць сабе ды іншым
Перабудоўваюць сваю працу падчас каранавіруса і беларускія дамы і цэнтры рамёстваў. Яшчэ нядаўна ў іх на ўсю моц спорылася справа, гучалі дзіцячыя галасы, вопытныя майстры вучылі першым навыкам не толькі дзетак, але і дарослых, арганізоўваліся выставы, а цяпер... Не! Не, аказваецца! Установы не спынілі дзейнасць, а перавялі яе, як гаворыцца, на новыя рэйкі. Вось пра іх і “старыя рэйкі” наш сённяшні матэрыял.

/i/content/pi/cult/795/17104/1.jpegТаццяна ХАЛАДОК, дырэктар Акцябрскага раённага ома рамёстваў гарадскога пасёлка Акцябрскі Гомельскай вобласці:

— Пры ўстанове дзейнічаюць 12 творчых майстэрняў, дзесяць — дзіцячыя, аднак нярэдка на заняткі ў іх прыходзяць і бацькі дзяўчынак і хлапчукоў, і тады люба-дорага паглядзець на тое, як народныя промыслы аб’ядноўваюць вакол сябе цэлыя сем’і! У аматарскім аб’яднанні “Абярэг” ствараюць вырабы вясельнай атрыбутыкі — элементы верхняга адзення, кашулі, паясы, лялькі. Іх можна ўбачыць, калі ўдзельнікі нашых фарміраванняў праводзяць для маладых традыцыйны рытуал “Перапын”.

Дзейнасць аматарскага аб’яднання “28 завес” без усялякіх агаворак варта называць дабрачыннай: яго члены вяжуць за свой кошт прадметы для неданошаных дзяцей і перадаюць у медыцынскія ўстановы. Пяць майстэрняў знаходзяцца непасрэдна ў Доме рамёстваў — па ганчарным мастацтве, саломапляценні і аплікацыі з саломы, вырабе традыцыйных абярэгавых лялек і традыцыйнага адзення, вязанні і вышыўцы, папяроваму пляценню. Яшчэ пяць функцыянуюць на базе сельскіх устаноў культуры: дзесьці займаюцца саломапляценнем, дзесьці — дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам (плюс ткацтва, вышыўка), у іншым месцы — керамікай, у астатніх філіялах — традыцыйнымі рамёствамі, шыюць традыцыйную вопратку. У філіялах жа людзі могуць набыць адпаведную прадукцыю, ёсць гандлёвая кропка і ў самой галаўной установе, прадаем рэчы і прадметы падчас выязных мерапрыемстваў. А “ўнутраных” iпрэз праходзіць столькі, што ўсе іх формы і пералічваць стомішся: майстар-класы, гадзіны рамёстваў і народнай спадчыны, дні і хвіліны добрых парадаў, вячоркі, экскурсіі і экспедыцыі, гульнявыя і конкурсныя праграмы, ранішнікі, выставы, дні сувенірнай прадукцыі і гэтак далей. Вельмі насычаным жыццём жывем!

Праўда, зараз усё некалькі змянілася. У сувязі з каранавірусам прыпыненыя масавыя мерапрыемствы. Самі людзі асцярожнічаюць. Аднак цалкам дзейнасць мы не спынілі, арганізаваўшы ў майстэрнях працу для двух — трох чалавек па чарзе. Канешне, намі набыта ўсё тое, што неабходна для самаабароны супрацоўнікаў і наведвальнікаў Дома рамёстваў. І, як тое ні парадаксальна, але меры перасцярогі ад інфекцыі вызвалілі ў нашых майстроў больш часу на выраб сувенірнай прадукцыі, як і ў метадыстаў, — напрыклад, на распрацоўку тых жа буклетаў.

/i/content/pi/cult/795/17104/2.jpegЖанна НОВІК, дырэктар Мастоўскага раённага Цэнтра рамёстваў горада Масты Гродзенскай вобласці:

— Калі казаць аб апошніх буйных мерапрыемствах, ініцыятарамі якіх мы былі, трэба адзначыць тое, што стартавала ў 2018-м годзе — land art “Робім свята” — майстар-клас па вырабе малых архітэктурных формаў: у навагоднія святы рамеснікі тры дні ўпрыгожвалі тэрыторыю каля Цэнтра вырабамі з прыроднага матэрыялу. Пенсіянеры з суседняга дома суткамі сядзелі ля сваіх вокнаў і глядзелі на іх працу! Наогул на iмпрэзы, што праводзіць наша ўстанова, з’язджаюцца ўмельцы з усёй Беларусі, бывалі госці і з Літвы. А так у Цэнтры дзейнічае шэраг курсаў: разьбы па дрэве; лаза- і саломапляцення; рукадзелля, дзе робяць абярэгі і славянскія лялькі; керамікі — адзін майстар працуе на ганчарным крузе, другі займаецца лепкай; ткацтва — у мінулым годзе запусцілі новы станок, яго збудаваў сам майстар. У асноўным Цэнтр спецыялізуецца на традыцыйных рамёствах, у тым ліку і на курсах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва яны прадстаўлены. У 2016-м пачалі адраджаць спіральнае пляценне, спалучаючы яго і з сучасным — скажам, пры вырабе моладзевых сумак, дадаючы элементы нацыянальнай вышыўкі. Ва ўстанове ёсць і майстэрня па пашыве касцюмаў так званага мастоўскага строю. Нават цэлыя калекцыі рыхтуем! Ну, а калі ў краіну прыйшоў вірус, нам давялося перайсці на працу курсаў і дэманстрацыю мерапрыемстваў у анлайн-рэжыме. Публікуем справаздачы ў інтэрнэце, прадстаўляем майстроў і іх работы, такім жа чынам — як і майстар-класы, даем парады. І яшчэ вучым людзей самім шыць маскі!

/i/content/pi/cult/795/17104/3.jpegТаццяна СІРОЦІНА, дырэктар раённага Дома рамёстваў аграгарадка Кароўчына Дрыбінскага раёна Магілёўскай вобласці:

— Мы працуем па такіх напрамках, як ткацтва, лаза - і саломпляценне, спіральнае пляценне, выцінанка, выраб славянскіх абрадавых лялек, упрыгожванне велікодных яек. Ёсць касцяк з людзей, што займаюцца гэтымі рамёствамі, але нашы дзверы адчыненыя для ўсіх жадаючых далучыцца да іх працы, навучым любога чалавека! Асабліва ж мы ганарымся ўзорным дзіцячым гуртком па пляценні лапцей “Лопаточек”. Ды і краіна ганарыцца, раз менавіта гэтую дрыбінскую тэхналогію занеслі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь! Падчас выязных мерапрыемстваў праводзім урокі творчасці, з майстар-класамі часта бываем на разнастайных прадпрыемствах. Рэгулярна здзяйсняем экспедыцыі ў розныя куткі рэгіёна, сустракаючыся там з носьбітамі традыцыйных рамёстваў і фальклору. Сваімі сіламі арганізуем абрады і святы, выкарыстоўваючы ў ходзе іх той “рэквізіт”, што зрабілі нашы майстры. Як, да прыкладу, адзначаем Вялікдзень? Калі за вялікім сталом збіраюцца дарослыя і дзеці, то вядуцца не толькі святочныя размовы, але і прафесійныя — старыя майстры дзеляцца сакрэтамі з прысутнымі. А ў канцы застолля ладзім майстар-клас па якім-небудзь рамяству. Ва ўмовах жа распаўсюджвання ў краіне каранавіруса вялікія мерапрыемствы мы адмянілі, а на майстар-класы зараз збіраюцца адзін — два чалавекі. Аднак шэсць служачых установы — дырэктара, навуковага супрацоўніка, кіраўніка ўзорнага гуртка і трох метадыстаў — ніякая сусветная хвароба не можа прымусіць спыніць працаваць! Нядаўна мы ўсе селі на ровары і адправіліся нарыхтоўваць лазу!

/i/content/pi/cult/795/17104/4.jpegНаталля МАТУСЕВІЧ, дырэктар Квасыніцкага Цэнтра рамёстваў вёскі Квасынічы Слуцкага раёна Мінскай вобласці:

— Зараз у выставачнай зале Цэнтра размешчана экспазіцыя “Вясельная абрадавасць Случчыны”, у якой прадстаўлены вясельныя касцюмы рэгіёна, старадаўнія фатаграфіі, ручнікі, посцілкі і іншыя прадметы, што маюць дачыненне да адпаведнага рытуалу. Такія буйныя выставы праходзяць не радзей, чым два разы на год. І ў афармленні мы, канешне, выкарыстоўваем работы майстроў установы і іх вучняў. Умельцы, адпаведна, вядуць творчыя майстэрні, а дзеткі займаюцца ў гуртках такіх фарміраванняў. Дапусцім пры тым, дзе працуюць з глінай, ёсць гурткі “Званочак” і “Гліняная цацка”. “Саламянчык” — пры майстэрні саломапляцення; “Вербачка” — лазапляцення; “Залатая саломка” — аплікацыі і інкрустацыі саломкай. З дзіцячых фарміраванняў згадаю яшчэ па ткацтве і вырабе беларускай лялькі і абярэгаў. Ёсць у нас і аматарскае аб’яднанне для дарослых “Крылы творчасці”. У ім працуюць 22 майстры, гэта такая, як бы творчая, лабараторыя, там праходзяць майстар-класы па вырабе вясельных вянкоў, кветак з саломы, па саломапляценню наогул, пляценню паясоў, пiсанкарству. У планах жа — стварэнне яшчэ аднаго дарослага аматарскага аб’яднання — па вырабе прадметаў з каменя. Нейкіх калектываў мастацкай самадзейнасці з удзельнікаў установы ў Цэнтры няма, затое існуе батлейка: дзецям мы паказваем прадстаўленні, заснаваныя, як правіла, на віктарынах. На пасяджэнні майстэрняў, бывае, запрашаем артыстаў з дамоў культуры рэгіёна, і тады яны ператвараюцца ў нейкія такія імпрэзы. А на майстар-класы да нас часта з’язджаюцца школьнікі з усяго раёна, у дадатак для іх мы арганізуем экскурсіі па Цэнтры, расказваем аб рамёствах, прадстаўленых тут.

Цесна супрацоўнічаем з санаторыем “Случь”, таксама праводзім там майстар-класы, арганізоўваем выставы. А адпачывальнікі, дарэчы кажучы, могуць набыць тыя вырабы, што дэманструюцца ў экспазіцыях. Згодна з планам платных паслуг, установа павінна зарабіць у 2020-м годзе 2500 рублёў. І каранавірус, натуральна, не стаў нам у гэтым сэнсе памочнікам. Аднак — заробім, ніколі нічога не зрывалі! Нягледзячы ні на што, працягваем рыхтаваць экспазіцыю да 9 Мая. Майстры робяць вырабы наперад — да іншых будучых выстаў. Выкладваем у інтэрнэце фатаграфіі з майстар-класаў, будзем здымаць іх на відэа і таксама адпраўляць у “павуцінне”. Вядома, дзяцей стала на занятках значна менш, а з тымі, хто нас наведвае, перайшлі на індывідуальнае навучанне. Меры засцярогі, само сабой, выконваем у абавязковым парадку: усё ва ўстанове дэзінфікуецца па некалькі разоў на дзень, і дзеткі, і майстры працуюць у масках.

/i/content/pi/cult/795/17104/5.jpegВольга ЗАГВОЗДАВА, кіраўнік Народнага клуба майстроў народных мастацкіх рамёстваў “Спадчына” Шумілінскага раённага Дома рамёстваў гарадскога пасёлка Шуміліна Віцебскай вобласці:

— Гаворачы аб фірмовых мерапрыемствах Дома, назаву тое, якое арганізоўвалі два апошнія гады, — праект “Сімвалы маёй радзімы”. Спачатку для кожнага з васьмі сельсаветаў раёна мы — у адпаведнасці з іх гісторыяй, славутасцямі — падабралі свой сімвал. І вышылі іх на пано-візітоўках гэтых адміністрацыйных адзінак. Плюс вырабілі восем жаночых касцюмаў, якія таксама, але ўжо ў выглядзе адзення, адлюстроўвалі асаблівасці кожнага рэгіёна. Цэлыя экспедыцыі былі адпраўленыя туды, каб знайсці нешта непаўторнае ў тамтэйшых старадаўніх адзеннях. Наступнай жа часткай праекта стала вышыўка герба Шуміліна і аднаўленне яго народнага касцюма. Пасільную дапамогу ў ажыццяўленні праекта ў той ці іншай ступені аказалі ўсе фарміраванні ўстановы, бо ён прэзентаваўся акцыямі, самымі рознымі па сваёй накіраванасці: гэта дарослыя аматарскія аб’яднанні народны клуб майстроў народных мастацкіх рамёстваў “Спадчына” і народны клуб аматараў нацыянальнай беларускай кухні “Разынка”, дзіцячыя — узорны лялечны тэатр “Батлейка”, па салома- і лазапляценні, традыцыйнаму роспісу, вязанню кручком, вышыўцы, дэкаратыўнай лепцы, лапікаваму шыццю, ганчарству. Ёсць у нас і два філіялы, у якіх таксама займаюцца дзеці: вышыўкай у аграгарадку Нікіціха, вышыўкай і саломапляценнем у аграгарадку Мішневічы. Каранавірус балюча ўдарыў па дзейнасці Дома. Бацькі не пускаюць дзяцей у яго, як следства — знізілася наведвальнасць, абмежавана правядзенне любых мерапрыемстваў. Аднак майстры працуюць на будучыню, на тыя ж “Дажынкі”, што, дай Бог, пройдуць у Шуміліна ў 2021-м годзе. І яшчэ нашы ўмельцы шыюць маскі і камбінезоны для медыцынскіх устаноў!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"