Фестывалі з такой назвай адбываюцца ў некалькіх кропках свету. Дзесяцігоддзе таму з’явіліся яны і ў Беларусі.
Паводле традыцыі, канцэрты фестывалю ўключаюць розныя віды мастацтваў, яднаючы іх у непадзельным сінтэзе, і праходзяць у лепшых прыстасаваных залах. Так, на адкрыцці ў Нацыянальным Вялікім тэатры Беларусі будзе закрануты оперны жанр: з аркестрам “Віртуозы Масквы” на чале з Уладзімірам Співаковым выступіць прымадонна Ганна Аглатава. Праз некалькі дзён на той жа славутай сцэне ў рамках фестывалю з’явяцца зоркі сусветнага балета з праграмай “Ад класікі да мадэрну”.
Яшчэ два фестывальныя вечары знойдуць прапіску ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Першы названы “монаспектаклем” зорнага расійскага акцёра Дзмітрыя Дзюжава. Але тое “мона” насамрэч стане разгорнутай поліфанічнай дзеяй: ён будзе чытаць “Яўгена Анегіна” разам з Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Беларусі, за пульт якога ўстане Аркадзь Берын. Другі філарманічны канцэрт — гэта закрыццё фестывалю. З вядомым Камерным аркестрам Kremerata Baltica будзе саліраваць французскі піяніст Люка Дэбарг.
Фестываль ахопіць таксама Гомель і Магілёў. А 6 сакавіка пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі ў зале Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі выступяць стыпендыяты Міжнароднага дабрачыннага фонду Уладзіміра Співакова. Сярод юных талентаў — двое беларускіх дзяцей: мінскі габаіст Фёдар Громаў і магілёўская акардэаністка Ульяна Астанковіч.