Спектакль не скончаны

№ 52 (1439) 28.12.2019 - 04.01.2020 г

У вёсцы, дзе ставяць Чарота, дзейнічае міжнародны кансорцыум і “руляць” Іванаўны
У Папоўцы ёсць дзве арганізацыі, чыя дзейнасць адпавядае накіраванасці нашай газеты, адна — Краснасельскі сельскі клуб, другая — Краснасельская сельская бібліятэка. Нічога не здаецца вам дзіўным? Пытанне паўстала і ў мяне. Аднак, як распавяла загадчыца КСК Ала Шмурадка, усё вельмі проста: некалі вёску пераназываць не сталі, пакінуўшы яе гістарычны камонім, а вось у назве ўстаноў, што тут ўзнікалі з гадамі, было вырашана абыходзіцца без прыметніка “папоўскі”…

Установа фальклорная

Якім бы ні быў шлях аглядальніка “К” у чарговы населены пункт — доўгім альбо кароткім, па дарогах дрэнных або добрых, — але, калі ля ўстановы, што меў намер ён наведаць, яго сустракалі прадметы дзейнасці рук чалавечых — грыбы, паравозік, гіганцкія божыя кароўкі, нешта іншае, зробленае з дрэва — настрой “культурнага інспектара” заўсёды паляпшаўся. Менавіта гэтыя прадметы і паўсталі перад маімі вачыма каля будынка, у якім размяшчаліся ўжо згаданыя мной клуб і бібліятэка. І якую выснову я зрабіў? Значыць, працуюць у іх людзі, па меншай меры, нясумныя, выдумшчыкі, майстры — у шырокім сэнсе гэтага слова.

Так, у КСК яны рэалізуюць сябе ў драматычным гуртку, дарослым вакальным, дзіцячым клубе аматараў актыўнага адпачынку і забаў “Вясёлы праменьчык”, клубе народных святаў і абрадаў “Аколіца”. Ва ўстанове дзейнічае і ініцыятыўная група Сенненскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа “Мы — разам!”.

/i/content/pi/cult/777/16786/11_5.jpg

 

 

Іванаўна — Ганна Конышава

— І група гэтая складае кансорцыум з аўстрыйскімі, нямецкімі і швейцарскімі партнёрамі, — тлумачыць Ала Іванаўна. — Наш бок у ім прадстаўляюць шаснаццаць жанчын. Адной са стратэгічных задач структуры з’яўляецца дабрачынная дзейнасць, пачынаючы з элементарнага — дапамогі на даму інвалідам, людзям адзінокім, састарэлым.

Замежныя спонсары дапамагаюць і непасрэдна клубу: для яго былі набытыя камп’ютар, тэлевізар, фотаапарат, швейная машынка.

Ініцыятыва ажыццяўляе свае праекты ў цесным супрацоўніцтве з “Аколіцай” — фарміраваннем цалкам жаночым. Народныя святы і абрады — гэта ж, натуральна, не толькі змест, але і формы. Без краязнаўчых пошукаў, мастацтва вышыўкі, работ рамеснікаў, падрыхтоўкі і дэгустацыі беларускіх страў, ды таго ж збору лекавых раслін і абмену рэцэптамі традыцыям ну ніяк не быць і не жыць!

— Сапраўды шмат месца надаем фальклору, — пацвярджае спадарыня Шмурадка. — І гучней гучалі б, калі б нам дапамаглі з набыццём сучасных мікрафонаў.

/i/content/pi/cult/777/16786/11_1.jpg

 

 

Іванаўна — Ганна Конышава

— Самі перайшлі да болевых кропак, Ала Іванаўна. Працягвайце, — прашу я.

— Можа здацца, што ў нас холадна, але мы не замярзаем. А рамонт наспеў, канешне. Аднак хачу адзначыць, што Сенненскі раённы цэнтр культуры і творчасці да нашых просьбаў вельмі уважлівы: скажам, патрэбныя нам новыя абутак і касцюмы — усё купляюць.

Установа... каханая

Такім чынам, аднаго майстра я ўжо прадставіў, на чарзе другі — майстар справы бібліятэчнай Ганна Конышава. Без усялякай размінкі мы пачалі з ёй гутарку адразу з таго, што яе турбуе.

— У 2020-м кніжніцу абяцаюць падключыць да інтэрнэту, — распавядае яна. — Пакуль жа, калі мне ў бібліятэчнай працы неабходнае “павуцінне”, я карыстаюся тым з дому. Якія яшчэ праблемы? Не так часта, як хацелася б, папаўняецца фонд (дванаццаць тысяч кніг ён налічвае). Але ў Сенненскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме пра нас, вядома, не забываюць: з’яўляюцца ў іх навінкі — яны паступаюць і да нас.

А “заслужаныя”, патрапаныя выданні “лечаць” тут усім дзіцячым светам — па закліку Ганны Іванаўны дзеткі не без задавальнення адгукаюцца дапамагчы ў рэстаўрацыі кніг. Па сабе памятаю, з якой стараннасцю ў 1970-х, вучачыся ў школе, я нешта падляпляў у казцы пра Айбаліта.

/i/content/pi/cult/777/16786/11_3.jpg

Так, божыя кароўкі...

— Хлапчукам і дзяўчынкам на самой справе цікава, — сцвярджае спадарыня Конышава. — Яны ганарацца сабой, адчуваючы, што аказваюць рэальную дапамогу. І адначасова я гутару з імі — пра тых жа герояў прачытаных імі твораў.

Жыве ў вёсцы сто пятнаццаць чалавек, а запісана ў бібліятэцы... трыста трыццаць: абслугоўвае ўстанова яшчэ шэсць населеных пунктаў, адкуль іх жыхары на роварах і адпраўляюцца ў Папоўку папаўняць свой літаратурны багаж. Тым, хто ў сілу нейкіх прычын не можа дабрацца да вотчыны Ганны Конышавай, выданні яна развозіць сама.

— Ёсць такія чытачы, што толькі дай рады, — смяецца мая суразмоўніца. — Адна бабуля, якой за дзевяноста гадоў, замаўляе кнігі... пра каханне! А наогул, у нашай мясцовасці любяць чытаць. Мне часам здаецца, наведвальнікі бяруць усё запар. З моладдзю складаней. Думаю, вось гэта пакаленне — ад старшакласнікаў да прыблізна дваццаціпяцігадовых — для папяровай літаратуры страчана. Ніякімі акцыямі ў іх любоў да яе не выклікаць. Яны могуць прыходзіць на мерапрыемствы, што мы ладзім, нават дзякаваць, але кнігі як не бралі, так і не бяруць.

/i/content/pi/cult/777/16786/11_4.jpg

Так, божыя кароўкі...

Асабліва карыстаюцца поспехам літаратурна-музычныя кампазіцыі, якiя часцяком праводзяцца ў садружнасці з клубам. Хэдлайнерам на іх нярэдка выступае гурт “Судьба” - калектыў са шматгадовай біяграфіяй, можна сказаць, легенда Папоўкі. На адным праекце Ганна Іванаўна спынілася асобна — на круглых сталах для шматдзетных сем’яў, калі дзеці рыхтуюць праграмы, у якіх чытаюць вершы, урыўкі з твораў, прысвечаныя мамам. Тым самым, адрасуючы гэтыя радкі сваім маці, сярод якіх ёсць і прыёмныя.

А некаторыя вясковыя мамы наведваюць аматарскае аб’яднанне “Хозяюшка”, што працуе пры бібліятэцы, і ў якім яго члены абмяркоўваюць надзённыя тэмы, дзеляцца сакрэтамі рукадзелля, гатавання страў. Вынікі гэтых прац перыядычна можна ўбачыць на выставах.

Дзейнічае ва ўстанове і пакой “З крынічак памяці адвечнай”. Экспанатамі служаць прадметы сялянскага хатняга ўжытку — іх больш за трыста ў калекцыі (аднаму з абрусаў — за сто гадоў). Прычым, калі на “Славянскім базары ў Віцебску” раён раскрывае свой падворак, то для яго афармлення выкарыстоўваюцца і рэчы з гэтага міні-музея!

Прапаршчык Папандопула

/i/content/pi/cult/777/16786/11_2.jpg

Папандопула — Міхаіл Паноў

А майстар у абласцях розных — Міхаіл Паноў — стаў сёння каментатарам культуры Папоўкі. Пераехаў ён у яе гадоў пятнаццаць таму. А да таго жыццё прафесійнага абаронцы Айчыны паматала — і па Беларусі, і па былым Саюзе: дваццаць гадоў аддаў старшы прапаршчык ракетным войскам стратэгічнага прызначэння. Выйшаўшы на пенсію, авалодаў Міхаіл Мікалаевіч спецыяльнасцямі рознымі, але заўсёды стараўся, каб праца яго была звязана з людзьмі. А якая мастацкая самадзейнасць без гэтага? Прыйшлося па сэрцы яму народнае мастацтва яшчэ падчас службы ва ўзброеных сілах, а зараз ён прымае ўдзел практычна ва ўсіх мерапрыемствах ўстановы. “Не толькі ў клубе выступаем, а ездзім па найбліжэйшых вёсках з канцэртамі і спектаклямі, — кажа спадар Паноў. — Я іграю на гармоніку, заняты ў некалькіх ролях — ледзь ні кожны год прадстаўляем дзве-тры новыя пастаноўкі. У “Вяселлі ў Малінаўцы”, напрыклад, у мяне роля Папандопулы. У “Вазьміце мяне ў салдаты” — прапаршчыка. У “Мікітаў лапаць” — Яўгена. Вершы чытаю са сцэны, у тым ліку свае і сястры. Вельмі хвалююча сустрэчы з гледачамі праходзяць, як сёлета, калі былі ў аграгарадку Багданава ў Аддзяленні кругласутачнага знаходжання для пажылых і інвалідаў”.

Майстар Міхаіл Мікалаевіч і ў іншым: у мінулым ён чатырохразовы чэмпіён Беларусі па гіравым спорце!

— А ў войску я яшчэ захапіўся пляценнем рамянёў з каляровага дроту. Праўда, іх ніхто не насіў, гэта ж творы мастацтва былі, — так ацэньвае тую сваю працу ўмелец. — Аднак даўно ўжо за рамяство не браўся.

Каментарый Міхаіла ПАНОВА:

— Жыхары вёскі на мерапрыемствы ў клуб прыходзяць. Моладзі паменш, канешне, таму што яе і ў Папоўцы не так шмат жыве, і інтарэсы ў яе іншыя. А людзі сярэдняга і старэйшага пакаленняў новых канцэртаў не проста чакаюць, а нават патрабуюць, каб часцей праводзіліся! І ў бібліятэцы яе асноўныя чытачы ўзросту таго ж. Дзве Іванаўны “руляць” у нас культурай. І я лічу, што з працай яны спраўляюцца на “выдатна”.

Вось вам і вёска! У мяне на лоб вочы палезлі пасля таго, як я пачуў пра “кансорцыум”. А пастаноўка па п’есе Міхася Чарота “Мікітаў лапаць”? Бясконца здзівілі мяне жыхары Папоўкі. Якія таксама з тых — з энтузіястаў. Дык няхай жа ў іх населеным пункце ніколі не скончыцца спектакль, што яны ставяць і ставяць, якому яны прысвяцілі сваё жыццё і назва якога — беларуская культура.

 Мінск — вёска Папоўка Сенненскага раёна — Мінск / Фота аўтара

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"