Балет супраць СНІДа

№ 48 (1435) 30.11.2019 - 07.12.2019 г

1 снежня — Сусветны дзень барацьбы са СНІДам. І кожны, хто прыдбаў квіток на балет “Ор і Ора”, што пройдзе заўтра ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі, трапляе ў шэраг барацьбітоў. Бо частка сродкаў ад продажу будзе накіравана на падтрымку людзей, якія жывуць з гэтым цяжкім захворваннем.

/i/content/pi/cult/773/16687/06.JPGПаказ спектакля, прысвечанага каханню, стане завяршэннем буйной інфармацыйнай акцыі #ARTforHealth (#МастацтвадляЗдароўя). За гадзіну да пачатку балета ў фае тэатра адкрыецца выстава з архіваў французскага музея Фонду Рудольфа Нурэева — сусветна знакамітага артыста і балетмайстра, які, як вядома, загінуў ад СНІД.

Пачыналася кампанія 10 кастрычніка, калі Вялікі тэатр Беларусі, Фонд Рудольфа Нурэева і ЮНЭЙДС (Аб’яднаная праграма ААН па ВІЧ/СНІДу ў Беларусі) падпісалі паміж сабой Мемарандум аб супрацоўніцтве. Акцыя працягвалася амаль два месяцы. За гэты час разгарнулася серыя семінараў па прафілактыцы ВІЧ. Ладзіліся і ўласна мастацкія праекты. Так, у сталічным кінатэатры “Беларусь” адбыўся адкрыты паказ стужкі “Нурэеў. Белы крумкач”. На прэзентацыю фільма прыехаў выканаўца галоўнай ролі Алег Івенка — між іншым, былы выхаванец Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа, які пасля яго заканчэння стаў салістам Татарскага тэатра оперы і балета імя Мусы Джаліля ў Казані. Алег Івенка правёў таксама майстар-клас для нашых артыстаў балета.

У рамках акцыі адбыліся і іншыя майстар-класы. Для аматараў балета іх праводзілі народная артыстка Беларусі, прыма нашага Вялікага тэатра Вольга Гайко і балетмайстар Аляксандра Ціхамірава.

Усе мерапрыемствы былі скіраваны на папулярызацыю здаровага ладу жыцця і праўдзівых ведаў пра СНІД, дабрачынны збор сродкаў у падтрымку людзей, захварэўшых на ВІЧ.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"