Карціны, створаныя памяццю вайны

№ 45 (1432) 09.11.2019 - 16.11.2019 г

16 кастрычніка ў Мінску адбылася прэзентацыя міжнароднага творчага праекта IMAGinE. Мастакі-школьнікі з Беларусі, Германіі і Украіны на працягу тыдня сустракаліся з былымі ахвярамі нацызму, слухалі гісторыі з іх ваеннага дзяцінства, размаўлялі і ўдзельнічалі ў экскурсіях па месцах памяці Другой сусветнай вайны. Вынікам праекта стала выстава мастацкіх работ, створаных школьнікамі з трох краін паводле аповедаў сведак вайны, а часам — і з непасрэдным удзелам апошніх.

/i/content/pi/cult/770/16629/1_opt.jpegПраект рэалізуецца МГА “Узаемаразуменне” і аддзелам па працы з дзіцячымі і моладзевымі арганізацыямі і аб’яднаннямі УА “Гомельскі дзяржаўны абласны Палац творчасці дзяцей і моладзі” з беларускага боку, установай Guse Bildungsprojekte з боку Германіі і Шосткінскай дзіцячай школай мастацтваў з Украіны, пры падтрымцы германскага Федэральнага фонду EVZ Foundation.

У рамках праекта дзяўчаты і хлопцы з беларускага Гомеля, украінскай Шосткі, нямецкіх Німбурга і Лібенаў разам наведалі ў Беларусі вядомыя мемарыялы памяці ахвяр вайны і акупацыі на месцы спаленых нацыстамі вёсак Хатынь і Дальва. Экскурсіі для ўдзельнікаў праводзіла экскурсавод Нэлі Назарава, якая таксама перажыла вайну ў дзяцінстве.

Аўтар ідэі і кіраўнік праекта Марцін Гузэ, які ўзначальвае Дакументацыйны цэнтр парахавой фабрыкі ў нямецкім горадзе Лібенаў, у сваёй вітальнай прамове распавёў, што ўстанова, якую ён прадстаўляе, займаецца ўшанаваннем памяці 20 000 прымусовых работнікаў, якія былі гвалтам угнаныя на працу ў Германію, і 2000 з іх загінулі. Гузэ адзначыў, што людзі яго пакалення, народжаныя ў 1960-х у Германіі, у дзяцінстве мала чулі і ведалі пра вайну — пра яе не было прынята гучна казаць з-за сораму і віны.

Менавіта гэтае пакаленне захацела перарваць маўчанне і пачало вяртаць памяць аб вайне — хаця сведкі тых падзей часам абураліся і казалі, што маладыя не перажылі вайну, а значыць, яны наогул нічога пра яе не ведаюць і не могуць гаварыць. Таму сёння ў сваёй працы Гузэ арыентуецца на тое, каб моладзь размаўляла са сведкамі вайны, і ў выніку таксама мела права сказаць сваё слова аб яе трагічных падзеях. Гэтая сустрэча цягам тыдня ў Мінску — другая частка праекта. Першая частка была рэалізаваная ў красавіку ў Лібенаў, а наступная яшчэ мусіць адбыцца ў Шостцы.

Кіраўнік праекта таксама адзначыў, што хаця людзі старэйшых пакаленняў часам лічаць, нібыта моладзь нічым не цікавіцца, гэтая выстава акурат сведчыць аб адваротным. “Сёння мы гаворым аб мінулай вайне, але ў свеце і цяпер працягваюцца войны. Хацелася б, каб у будучыні такія праекты не былі патрэбныя, але мы ўсе разумеем, што яны будуць патрэбныя заўжды” — падсумаваў Марцін Гузэ.

Падчас прэзентацыі юныя ўдзельнікі праекта з трох краін распавядалі гісторыі стварэння карцін, а сведкі вайны дапаўнялі іх расповеды сваімі ўспамінамі аб падзеях, якія натхнілі маладых мастакоў. Ірына Рэзнікава з Беларусі малявала разам з Томам Хэртарам і Зарай Аль Халам з Германіі. Іх натхнілі гісторыі былых вязняў нацызму Антаніны Навіцкай і Людмілы Прахоўнік. Маладая мастачка патлумачыла, што постаць, якая сімвалізуе вайну, была намаляваная ў вобразе жанчыны, і многія, гледзячы на карціну, задавалі пытанне — чаму ў яе прыгожы твар? Аўтары адказваюць, што намалявалі яго такім, бо некаторыя людзі ідэалізуюць вайну, лічаць яе прыгожай — але насамрэч гэта толькі пустая маска.

Сведкі вайны, якія натхнялі мастакоў, былі ўражаныя і расчуленыя такім досведам супрацоўніцтва з моладдзю — як адзначыў нехта з былых вязняў нацызму, аўтараў карцін яны ўспрымалі, як сваіх унукаў. Нездарма школьнік з Германіі Юстас Кілер, прадстаўляючы твор сваёй каманды, справядліва заўважыў, што з расповедаў былых вязняў ён вынес адно агульнае ўражанне: усе яны казалі, што ў жыцці кожнага, хто перажыў нацысцкую няволю, быў хаця б адзін добры немец — а гэта значыць, што кепскіх народаў не бывае. Застаецца спадзявацца, што такія праекты, як IMAGinE, будуць і далей спрыяць міру і паразуменню паміж краінамі.