Народнікам не чытаць!
— Уладзімір Пятровіч, у 1970-м годзе акцёры маскоўскага тэатра на Таганцы адказвалі на пытанні анкеты, якія прыдумаў рабочы сцэны той установы. У гэтым інтэрв’ю я хачу выкарыстоўваць частку з іх, плюс задаць вам свае. Дамовіліся?
— Безумоўна.
— Ваш любімы кампазітар?
— Альфрэд Шнітке. У мастацтве ён “стрэліў” як дзіўны эксперыментатар — з уласцівай толькі яму незвычайнай музычнай мовай. І гэта чалавек з нейкай глыбокай ідэяй. І вось гэта сваё “Я” — творчае і асобасна-індывідуальнае — ён увасобіў ва ўласных творах.
— А якi ваш любімы музычны твор?
— Rondo Alla Turca Моцарта. Прыгожы і просты. Перш чым грунтоўна сесці за працу, я раніцай, што называецца, разыгрываюся — граю творы класікаў, у тым ліку і той, пра якi сказаў.
— Самая грандыёзная музычная падзея?
— Іх вельмі шмат... Вудсток 1969-га года? Так, таксама з іх. Фестываль сабраў вялікую колькасць музыкантаў, якія ўжо былі да таго часу вялікімі і якія сталі такімі потым. Велізарныя натоўпы народу і музычныя багі на сцэне. Каласальныя эмоцыі, энергія праз край. Напэўна, гэты фестываль шмат у чым і вызначыў шляхі, па якіх рушыла моладзевая музыка.
— Любiмы гук?
— Мабыць, калі ў цішыні, удалечыні ад населеных пунктаў, узнікае вельмі тонкае, вельмі дзіўнае гучанне. Хто выдае гэты гук, адкуль ён ідзе — незразумела. Я часта чую яго, калі еду на ровары па якіх-небудзь лясных сцежках. Напэўна, так гучыць сама прырода.
— Любімы голас?
— Бас. Ён з’яўляецца асновай усіх харавых калектываў. Дзівосная тэмбральнасць, насычанасць, манументальнасць — вось яго характарыстыкі.
— Усё-такі спытаюся пра любімы інструмент…
— Раяль!
— А акрамя яго?
— Гітара. Першыя выступы The Beatles я ўбачыў па польскім тэлебачанні, якое ў Гродне — адкуль я родам — нават у 1960-я можна было спакойна злавіць. І я таксама загарэўся навучыцца граць на гітары. Нейкім чынам назбіраў грошай і купіў яе. Акорды мне ніхто не згаджаўся паказваць — не хацелі хлопцы, каб акрамя іх, нехта яшчэ на ёй іграў. Тады я хадзіў у музычную школу па класе фартэпіяна, і бацькі да майго захаплення гітарай ставіліся адмоўна. Дома пры іх я рупліва сядзеў за фартэпіяна, гітару ў рукі не браў, але як толькі яны куды-небудзь сыходзілі, я тут жа яе хапаў! Бацька мой быў вельмі строгі, і скончылася гэта ўсё тым, што неяк раз ён раптам нечакана вярнуўся і ўбачыў мяне з гітарай. Ён адабраў яе і паламаў.
— Жорстка. А ёсць інструменты, якія вы не любіце?
— Народнікі прачытаюць гэтае інтэрв’ю?
— Магчыма.
— Тады не буду іх крыўдзіць.
— Зразумела: да нейкіх народных інструментаў вы настроены крытычна. Працягваем. Любімы музычны фільм?
— Хай будуць “бітлоўскія” — A Hard Day’s Night, Help! і Magical Mystery Tour. Хоць як кінаартысты музыканты гурта, вядома, слабыя.
— Песня?
— Yesterday. “Бітлы” ўмелі складаць меладычныя песні. Я ў маладосці спрабаваў пісаць рускамоўныя тэксты да песень The Beatles. Да Yesterday было так: “Я вчера огорчений и тревог не знал, / Я вчера еще не понимал, / Что жизнь — нелегкая игра”. У 17 гадоў напісаў.
— Калі не The Beatles, то любімы выканаўца — гэта?..
— Алена Абразцова. Я чуў яе ў Маскве ў Вялікім тэатры. Гэта была фантастыка! Велізарнае ўражанне зрабіў на мяне яе выступ!
— Любімы драматычны спяваючы акцёр?
— Высоцкі — нумар 1.
— Паэт?
— Ясенін. Шчырасць, прастата, даступнасць. І пазнавальнасць: тое, аб чым ён пісаў, у жыцці я сустракаў.
— Любімы паэт-песеннік?
— Не вельмі я іх — у чыстым выглядзе — прывячаю… Няхай зноў будзе Высоцкі.
— Любімы пісьменнік?
— Безумоўна, Шэкспір. Я да многіх яго п’ес напісаў музыку. Моц, шчырасць, незвычайнасць — гэта ўсё аб ім.
— Любімы літаратурны твор?
— “Майстар і Маргарыта” Булгакава. Я гэты раман прачытаў яшчэ ў самвыдаце. Ён “падкупіў” мяне незвычайнасцю яго персанажаў, пранізлівасцю апавядання, захапляльным сюжэтам.
“Как скумбрия в томате…”
— Ваш ідэал мужчыны, жанчыны?
— Мужчыну назваць цяжка, а жанчына — Брыжыт Бардо, яркая і зорная. А прыгожая!.. У Саюзе ў гады майго юнацтва з жанчын культу не рабілі, а я па тым жа польскім тэлебачанні глядзеў фільмы з удзелам Бардо і ўзводзіў яе для сябе на п’едэстал!
— Самая выдатная, на ваш погляд, гістарычная асоба?.. Ведаеце, што адказаў Высоцкі на гэтае пытанне?
— Што?
— Ленін, Гарыбальдзі.
— Правільна адказаў — у год стагоддзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча... Я назаву Леанарда да Вінчы. Маштабная, манументальная асоба. Фрэскі яго — гэта нешта няўяўнае!
— Хто вашы сябры?
— Аляксандр Шакуцін — старшыня савета дырэктараў ААТ “Амкадор”. Вельмі сябраваў з рэжысёрамі Андрэем Андросікам, Валерыем Раеўскім і Валерыем Маслюком. Мяне з імі і агульная праца звязвала, і было нейкае духоўнае яднанне. Прыстойныя, верныя ў адносінах людзі былi.
— Любімыя рысы ў характары чалавека?
— Перш за ўсё, чалавек павінен адказваць за свае словы. І павінен клапаціцца аб сваіх блізкіх.
— А якія чалавечыя якасці вам не падабаюцца?
— Я якраз стараюся не кантактаваць з людзьмі, якія не выконваюць свае абяцанні. Не прымаю неабавязковасць, двудушнасць.
— Вашы адмоўныя рысы?
— Напэўна, пра гэта лепш спытаць маіх блізкіх... Я занадта ўражлівы, даходзіць да таго, што заснуць не магу, перажываючы нешта... Але такога ўжо менавіта адмоўнага ў сабе я не знаходжу…
— Тады якім лічыце сябе чалавекам?
— Працавітым. Нават калі ў мяне няма канкрэтнай працы, звязанай з музыкай, я свой дзень пачынаю з таго, што абавязкова саджуся за інструмент. Люблю займацца побытам. Сам пабудаваў дом. Трошкі ў машынах разбіраюся. Умею касіць, дровы секчы. Печку магу скласці. Увогуле, выконваць у гаспадарцы любую мужчынскую працу.
— За што любіце жыццё?
— “Жизнь хороша, как скумбрия в томате, лишь надобно проснуться и понять, что хватит ныть о долге, о зарплате, а надо просто жить и кайфовать!”
— Таксама ваша?
— Так. Але гэта было напісана, калі мне ўжо было за 17 гадоў.
— Чаго хацелі дамагчыся ў жыцці, чаго дамагліся і чаго яшчэ жадаеце дамагчыся?
— Хацеў дамагчыся шчасця для сваёй сям’і. Збольшага, так усё і выйшла, хоць, на жаль, жыццё ўносіць свае карэктывы. Але асноўнае з таго, што я зрабіў, было зроблена для родных і блізкіх. З усяго таго буйнога ў музыцы, што было мною задумана, усё даведзена да лагічнага завяршэння, нічога закінута не было. Чаго б яшчэ хацелася дамагчыся... Час ужо падышоў да такой мяжы, што асабліва такіх грандыёзных планаў я не будую... Каб мае дзеці нешта яшчэ даатрымалі ад мяне. Сын, вось, дачу купіў — я дапамог яму грашыма з маёй Дзяржпрэміі. А так... Да канца жыцця кола інтарэсаў і жаданняў звужаецца. У мяне звузілася да нашага “лазневага” калектыву.
— І з кім вы ходзіце ў лазню?
— З вельмі цікавымі людзьмі. Гэта ўсё вярхушка тэхнічнага патэнцыялу краіны. Неяк так выйшла, што я з імі пасябраваў.
— Чаму апошні раз радаваліся?
— Хай і банальна прагучыць, але я радуюся кожнаму новаму дню. Я ўстаю рана і адразу басанож па расе — гэта такая радасць!
— Што апошні раз засмуціла?
— Людская непрыстойнасць. Чалавек пазычыў грошай, а ў прызначаны для вяртання доўгу дзень не вярнуў іх. Непрыемна.
— Ёсць ва Уладзіміра Кандрусевіча любімы афарызм, фраза?
— “Что день грядущий мне готовит?”
— Толькі для вас характэрны выраз?
— Мабыць, няма такога.
— Што б зрабілі ў першую чаргу, калі б сталі ўладальнікам мільёна даляраў?.. Той жа Высоцкі ў сваёй анкеце адказаў, што зладзіў бы банкет…
— З такімі грашыма перспектывы адкрыліся б, вядома, вялікія. Паездзіў бы па свеце, дапамагаў бы дзецям, сябрам.
— Вашы захапленні?
— Спартыўныя, у асноўным. Кожны дзень езджу на ровары. У свой час захапляўся падводным паляваннем, гульнёй у тэніс, гуляў у футбол. Магу зімой прабегчы на лыжах. Пакуль яшчэ трымаюся!
— Любімае месца ў любімым горадзе?
— У Мiнску — мая кватэра. У Гродне — ля Каложскай царквы, над Нёманам, на высокім беразе. У юнацтве мы там з сябрамі збіраліся, брынчэлі на гітарах. А некалькі гадоў таму сцены Каложы адрамантавалі. І яшчэ Аўгустоўскі канал. Мы часта на яго ў юнацтве з Гродна кампаніямі ездзілі. Бывала, цэлы рэйсавы аўтобус набіваўся толькі нашымі сябрамі і прыхільнікамі нашага дрынкання на гітарах. У канале я якраз-такі падводным паляваннем і займаўся.
— Вы шчаслівы?
— Нягледзячы на ўсё тое трагічнае, што было ў маім жыцці, я, так, вядома, шчаслівы…