Беларусь — Кітай: стратэгія партнёрства

№ 38 (1425) 21.09.2019 - 28.09.2019 г

Як ужо паведамляла “К”, 13 верасня ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў адбылося трэцяе сумеснае пасяджэнне Камісіі па культурным супрацоўніцтве Беларуска-Кітайскага Міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве.

/i/content/pi/cult/763/16490/2.JPGАдкрыў сустрэчу міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар. Як адзначыў кіраўнік ведамства, за апошнія гады развіццё беларуска-кітайскіх адносін актывізавалася ва ўсіх сферах.

— Нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, нашы дзяржавы пастаянна знаходзяць новыя магчымасці ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, — сказаў Юрый Бондар. — Так, сёлета амаль 800 студэнтаў з КНР будуць атрымліваць адукацыю ў сценах Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Акрамя таго, міністр культуры адзначыў, што важнае значэнне для актывізацыі беларуска-кітайскіх адносін мае развіццё палітычнага дыялогу на вышэйшым узроўні і дружалюбныя адносіны лідараў дзвюх краін — Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Кіраўніка КНР Сі Цзіньпіна.

Важным крокам на шляху развіцця двухбаковых культурных сувязей з’явілася падпісанне плана супрацоўніцтва паміж Міністэрствам культуры Беларусі і Міністэрствам культуры і турызму КНР на 2019 — 2022 гады, якое адбылося ў Пекіне ў лістападзе 2018 года падчас трэцяга пасяджэння беларуска-кітайскага міжурадавага камітэта.

У сваю чаргу, кіраўнік кітайскай дэлегацыі, намеснік міністра культуры і турызму КНР Чжан Сюй, нагадаў, што пагадненне аб культурным супрацоўніцтве паміж урадамі Беларусі і Кітая было падпісанае яшчэ ў лістападзе 1992 года. Пазней, у верасні 2014-га краіны заключылі пагадненне аб стварэнні беларуска-кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве, у маі 2015 года — аб узаемным заснаванні культурных цэнтраў. Акрамя таго, у маі 2017 года было падпісанае пагадненне паміж Міністэрствам культуры Беларусі і Галоўным дзяржаўным упраўленнем па справах друку, выдавецтва, радыёвяшчання, кінематаграфіі і тэлебачання Кітая.

Пасля гэтага адбыліся выступленні кіраўнікоў рэспубліканскіх устаноў культуры. Так, па словах дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Рамана Матульскага, 25 верасня ў галоўнай “кніжніцы” краіны адкрыецца сумесная мастацкая выстава народнай творчасці Беларусі і Кітая пад назвай “Традыцыі сустракаюцца”.

— Акрамя таго, у апошнія гады паміж Беларуссю і Кітаем вельмі дынамічна развіваецца супрацоўніцтва ў галіне бібліятэчнай справы, — зазначыў Раман Матульскі. — Так, сёння фонды нашай бібліятэкі налічваюць каля пяці тысяч дакументаў, якія прыналежаць да культуры, гісторыі, геаграфіі і палітыкі Кітая.

Як расказаў у сваім выступленні дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір Пракапцоў, у кастрычніку ў Мінск прыедзе дэлегацыя кітайскіх мастакоў, якія прывязуць сюды сваю выставу і правядуць майстар-класы па жывапісе для ўсіх ахвотных.

— Нацыянальны мастацкі музей і Беларуская канфедэрацыя творчых саюзаў на працягу многіх гадоў актыўна супрацоўнічаюць з кітайскімі калегамі, — сказаў Уладзімір Пракапцоў. — Нагадаю, што ў 2015 годзе было падпісанае Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж канфедэрацыямі творчых саюзаў дзвюх краін. Акрамя таго, у 2017 — 2018 гадах адбыўся абмен выставамі калекцый паміж Нацыянальным мастацкім музеем Беларусі і Нацыянальным мастацкім музеем КНР.

Да таго ж, у першай палове кастрычніка НММ разам з мінскай гімназіяй № 175 будзе прымаць дэлегацыю навучэнцаў, выкладчыкаў, мастакоў з Пекіна. А ў маі 2020 года беларуская канфедэрацыя, НММ і гімназія плануюць правесці другі этап конкурсу “Беларуска-кітайскае сяброўства вачыма нашых дзяцей”. Акрамя таго, з 23 па 26 кастрычніка Беларуская канфедэрацыя творчых саюзаў прыме удзел у Міжнародным культурным форуме ў рамках стратэгічнага партнёрства “Пояс і шлях” у Шанхаі.

У выступленні генеральнага дырэктара Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Уладзіміра Карачэўскага прагучала навіна пра тое, што кінастудыя і буйная кінакампанія Кітая здымуць сумесны фільм пра хакей.

— Мяркуецца, што першыя здымкі адбудуцца ўжо ў снежні гэтага года ў Беларусі, — сказаў Уладзімір Карачэўскі. — Увогуле, на сёння кінастудыя “Беларусьфільм” зацікаўлена ў развіцці і пошуку новых формаў культурнага ўзаемадзеяння, і адным з найбольш перспектыўных напрамкаў, на мой погляд, можа стаць супрацоўніцтва з кінавытворчымі кампаніямі Кітая.

Гендырэктар нагадаў, што супрацоўнікі кінастудыі прынялі ўдзел у міжнародным семінары па кіно, тэлебачанні і культурнай індустрыі, арганізаваным кампаніяй JSBCI у Нанкіне, а таксама ў міжнародным камунікатыўным семінары для кінематаграфістаў краін ШАС у Пекіне. Ужо цяпер “Беларусьфільм” падпісаў шэраг пагадненняў аб супрацоўніцтве з кітайскімі кампаніямі, якія займаюцца вытворчасцю і распаўсюджваннем разнастайнага кінакантэнту. Акрамя таго, карціны “Беларусьфільма” прынялі ўдзел у кітайскім кінафестывалі “Залаты певень і Сто кветак”, на якім паспяхова прайшоў паказ айчыннага фільма “Тум-Пабі-дум” рэжысёра Вячаслава Нікіфарава.

— На сёння нашай галоўнай задачай з’яўляецца стварэнне максімальна прывабнай пляцоўкі для прыцягнення буйных кітайскіх кінавытворчых кампаній, — зазначыў Уладзімір Карачэўскі. — Для гэтага мы распрацоўваем праграму “Кіно здымаецца тут!” і разлічваем атрымаць у гэтым падтрымку дзяржавы на ўсіх узроўнях.

Чацвёртае пасяджэнне камісіі па культурным супрацоўніцтве беларуска-кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве запланавана правесці ў Кітаі ў 2021 годзе.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"