Адзін з фрэндаў прыгадаў у сваёй стужцы, што акурат у пачатку верасня было 20-годдзе фестывалю перформанса Novinki. Добра памятаю тыя натоўпы гледачоў, што цягнуліся ў Палац мастацтва. На той час гэта быў сапраўдны культурны выбух: у Мінск з’ехаліся мастакі з усяго свету. Дзясяткі публікацый і рэпартажаў, бурлівы розгалас, эмацыйныя дыскусіі…
Цяпер такое нават цяжка сабе ўявіць. Сёння Мінск настолькі перанасычаны размаітымі культурнымі падзеямі, настолькі да ўсяго прызвычаіўся, што кагосьці здзівіць — або хаця б прыцягнуць чыю-кольвечы ўвагу — стала архіскладана. І таму новы міжнародны фестываль Performensk, які перахапіў эстафету ў даўно зачахлых ды спачылых “Навінак”, сабраў на мінулым тыдні, здаецца, болей удзельнікаў, ніж гледачоў. Такая з’ява для замежных фэстаў — ужо бадай завядзёнка. Цяпер і для нас таксама.
Тады, у дзевяностыя, здавалася, што галоўная задача мастацтва — паскорыць хаду часу, даць яму выспятка. Перформанс (а гэтае слова стала ў нас звыклай метафарай для вызначэння чагосьці шалёнага і яркага) успрымаўся як увасабленне падобных памкненняў. Менавіта таму ён і прыцягваў такую ўвагу. І многія расчароўваліся, даведаўшыся, што гэта ўсяго толькі яшчэ адзін від мастацтва, які далёка не заўсёды можа выклікаць шок.
Сёлета Performensk быў прысвечаны доўгатэрміновым дзеям: калі амаль нічога не адбываецца. Скажам, пасярод залы ў Музеі Заіра Азгура знаходзіцца стог сена, а ў ім амаль цалкам схаваны сівы чалавек. І так цягам дзвюх гадзін (прынамсі, паводле раскладу, я асабіста не правяраў). Гэта поўны антыпод шоу. Але раптоўна я заўважыў, што назіранне за тым, як 76-гадовы ірландскі прафесар Аластар Макленан на нейкі час замарудзіў свае жыццёвыя працэсы, мае прынамсі тэрапеўтычную карысць.
Сёння, як па мне, паскараць час ужо няма ніякай патрэбы: ён і так імчыць бы гоначная машына па аўтабане. І ў гэтым калейдаскопе дужа цяжка засяродзіцца хоць на хвілінку. Таму сёння ўжо не прагнеш мастацтва, здатнага здзіўляць і шакаваць, вокамгненна выклікаць эфект “ваў”: яго і так даволі. Наадварот, вельмі радуешся кожнай магчымасці засяродзіцца. Скажам, мне падабаецца падоўгу праходжвацца па пустэльнай зале галерэі, дзверы ў якую адчынілі мне спецыяльна: галерэй у нас сёння паназ’яўлялася багата, а публікі, здаецца, наадварот паменела. Люблю, калі музейны наглядчык уключае мне святло.
Вельмі рады, што такія месцы здатныя запаволіць час, вырваць цябе з бурлівай мітуслівай плыні. Займець хоць нейкі “Час цішыні”. Нагадаю, так называецца вядомая карціна Бялыніцкага-Бірулі — мастака-эскапіста, які правёў ці не самы шалёны ў сусветнай гісторыі час (вайна, рэвалюцыя, вайна, рэпрэсіі, вайна…) з пэндзлем у руцэ на беразе возера.
Не заклікаю следаваць ягонаму прыкладу. Але хаця б кароткі час цішыні нам, без сумневу, патрэбны.