Чым скарылі кітайцы? Найперш, асаблівай эстэтыкай. І, што вельмі важна, надзвычай высокім выканальніцкім майстэрствам. Да нас, і не адно ў сталіцу, за апошнія два дзесяцігоддзі неаднаразова наведваліся калектывы з Паднябеснай, дэманструючы падобнага роду спектаклі, але рознага ўзроўню — здаралася, нават пад фанаграму, у гэткім “сувенірным” варыянце. Цяперашні прыезд стаўся паказам сапраўднага нацыянальнага мастацтва без аніякіх “спрошчванняў”. Госці імкнуліся да таго, каб мы максімальна глыбока ўніклі ў асаблівасці пекінскай оперы. З гэтай мэтай у Кітайскім культурным цэнтры ў Мінску напярэдадні была праведзена лекцыя — з вольным уваходам, для ўсіх жадаючых. На самім спектаклі бясплатна распаўсюджваліся праграмкі з найбольш важнымі звесткамі, а таксама буклеты, дзе быў цалкам змешчаны тэкст лібрэта. Дый падчас сцэнічнага дзеяння можна было без аніякіх праблем сачыць за рэплікамі кожнага персанажа — па бягучым радку. Там жа былі пазначаны і каментарыі “ад аўтара”, і спасылкі на той ці іншы тып народных мелодый, якія ў пекінскай оперы прысутнічаюць абавязкова — як адзін з найгалоўных складнікаў жанру. Музыканты-інструменталісты змяшчаліся бліжэй да правай кішэні сцэны, схаваныя ад гледача завесай. Так, гэта не перашкаджала насалоджвацца непасрэдна сцэнічным дзеяннем з усімі яго відовішчнымі эфектамі, але беларускім музыкантам, якіх у зале было многа, так і хацелася зірнуць на аркестр, складзены з нацыянальнага інструментарыя.
Цікава было сачыць не толькі за музыкай і размоўнымі сцэнамі, максімальна набліжанымі да музычных, але і ўласна за опернай драматургіяй. Вось як у нашых гістарычных операх вырашаецца сцэна благой весткі, прынесенай падчас святочных баляванняў? Пасля доўгага разгорту ўслаўленняў і нацыянальных песень-танцаў раптам сціслы рэчытатыў (маўляў, ворагі напалі) — і ўсё, завеса ды антракт. Ці харавая сцэна (пераважна маршавая, адкрыта патрыятычная) збору ў ваенны паход. У пекінскай оперы ўсё было з дакладнасцю наадварот: доўгія прыгатаванні да свята, благая вестка — і неверагодна працяглае абмеркаванне, як лепей паступіць у гэтых абставінах.
Батальныя сцэны ў нашай опернай класіцы звычайна вырашаюцца праз музыку ўступу, інтэрмедыі ці ўвогуле выносяцца “за кулісы”. Маўляў, адбыўся бой — вось яго вынікі. Альбо бітва ідзе недзе побач, па-за полем нашага зроку. А тут — наадварот: практычна ўся другая дзея — ваенныя паядынкі, што перапыняюцца хіба разважаннямі, як узяць ворага не сілай ды колькаснай перавагай, а розумам ды хітрасцю.
Да выкарыстання ў традыцыйных кітайскіх операх разнастайных прыёмаў усходніх адзінаборстваў мы ўжо прызвычаіліся. Але ў “Ваяўніцах сям’і Ян” ваенізаваныя сутычкі былі вырашаны зусім іначай — найперш праз энергічна акрабатычныя, амаль цыркавыя пасажы, нават клаўнаду. Ці, калі змагаліся жанчыны, праз зачаравальна грацыёзную танцавальнасць, спалучаную з надзіва мяккай хадой. І — ніякіх фінальных услаўленняў, грандыёзнай сустрэчы пераможцаў з масавымі харавымі “каланадамі”. Перамаглі — і на бягучым радку ўзнікла сціслае: “Канец”.
А якія шыкоўныя сцэнічныя строі! У некаторых з іх можна было без цяжкасці заўважыць “правобразы” дзіўных істотаў “Аватару” і іншых фэнтэзі. Аказваецца, тыя доўгія гнуткія “рожкі-вусы”, прычэпленыя да некаторых касцюмаў, вырабляюцца з паўлінавых пёраў і вылучаюць ваеначальнікаў, вайсковае кіраўніцтва.
Будзем чакаць працягу абменных культурных мерапрыемстваў. Тым больш, што між многімі беларускімі і кітайскімі тэатрамі, іншымі ўстановамі, асобнымі дзеячамі мастацтва дзвюх краін наладжаны трывалыя творчыя сувязі.