Як адзначыў “К” намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама каардынатар і навуковы кіраўнік праекта па перавыданні Алесь Суша, Біблія выйшла ў свет 4 верасня 1563 года ў Берасцейскай друкарні па загадзе і на грошы канцлера Вялікага Княства Літоўскага князя Мікалая Радзівіла “Чорнага”.
— У аснову нашага факсіміле мы ўзялі экзэмпляр, які цяпер знаходзіцца ў Таруньскім універсітэце, — кажа Алесь Суша. — Першапачаткова ён належаў аднаму з нашчадкаў Мікалая “Чорнага” — Багуславу Радзівілу.
На вялікі жаль, большасць экзэмпляраў Берасцейскай Бібліі на сёння няпоўныя.
— У свеце ёсць шмат фрагментаў, захаваліся проста асобныя лісты, — сцвярджае намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. — Поўных экзэмпляраў адзінкі, і гэты — з найбольш захаваных. У ім і пераплёт эпохі, і кніжны блок — у добрым стане.
Кніга, па словах навукоўцы, выкананая ў рэчышчы еўрапейскай традыцыі кніжнай графікі, сведчыць пра славу, магутнасць і багатую культурную традыцыю Брэста, таму кніжны праект быў прымеркаваны да святкавання 1000-гадовага юбілею горада.
— Факсімільнае выданне важыць 15 кілаграм і налічвае каля 1 500 старонак — гэта самая вялікая кніга ў гісторыі айчыннага друку, — сказаў Алесь Суша. — Дзякуючы гэтай кнiзе, Беларусь i Брэст увайшлi ў гiсторыю агульнасусветнай кнiжнай культуры.
З абсалютнай дакладнасцю спецыялістамі былі адноўлены памер, папера, рукапісныя надпісы і паметкі, закладка і іншыя асаблівасці арыгінала. Па старажытных тэхналогіях быў выкананы спецыяльны пераплёт. Зборка праводзілася ўручную. Унутры кнігі ёсць укладыш з даследаваннем Алеся Сушы “Асэнсаванне шэдэўра”.
— Падчас працы над выданнем мы пастараліся абвергнуць некалькі міфаў, датычных Берасцейскай Бібліі, — зазначыў суразмоўца. — Так, у многіх энцыклапедыях, што айчынных, што замежных, колькасць старонак старажытнага фаліянта называецца роўнай у 700 — 750 аркушаў. Насамрэч Берасцейская Біблія, як ужо адзначалася, мае паўтары тысячы старонак.
Яшчэ адзін міф быў звязаны са спальваннем кніг Берасцейскай Бібліі сынамі Мікалая Радзівіла “Чорнага”.
— У некаторых даследаваннях сцвярджаецца, што пасля смерці Мікалая Радзівіла ягоныя сыны Мікалай Крыштоф Радзівіл “Сіротка” і Юрый Радзівіл спальвалі выдадзеную бацькам Берасцейскую Біблію, — кажа Алесь Суша. — Але ж гэта не так, бо ў свеце сёння налічваецца даволі шмат экзэмпляраў гэтай Бібліі. Ды і не маглі сыны Мікалая Радзівіла паліць Божую кнігу, бо былі каталіцкага веравызнання, а Юрый нават быў біскупам.
Таксама даследчыкамі было ўдакладнена прозвішча выдаўца Берасцейскай Бібліі.
— Некаторыя навукоўцы раней сцвярджалі, што гэтую кнігу выдаў Бярнард Ваяводка, — кажа намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. — Але ж у час выдання Берасцейскай Бібліі Бярнард Ваяводка ўжо амаль дзесяць гадоў як памёр. Таму найбольш верагодна, што падрыхтоўка да друку каштоўнага фаліянта вялася Цыпрыянам Базылікам і Станіславам Мурмеліусам.
Як кажа Алесь Суша, нават адзін экзэмпляр факсіміле каштуе вялікіх грошай. На прэзентацыі публіцы прадэманстравалі два варыянты выдання. Яны выкананы з розных матэрыялаў, адрозніваюцца па кошце, але ў цэлым капіююць арыгінал. У самым дарагім выкананні кошт факсіміле можа даходзіць да 3 500 беларускіх рублёў.
Сапраўды ўнікальная кніга, не стандартная нават для свайго часу. Так, перад асноўным тэкстам фаліянта размешчаны каляндар, дзякуючы якому кожны мог удакладніць, якую частку Бібліі ён павінен чытаць сёння. На апошніх старонках упершыню ў гісторыі беларускага кнігадрукавання размешчаны прадметны ўказальнік, у якім ёсць пэўныя словы і нават фразы, а таксама старонкі, на якіх іх можна знайсці.
У перспектыве, па словах Алеся Сушы, праект плануецца зрабіць агульнадаступным.
— Мы хочам, калі будзе зацікаўленасць з боку дзяржаўных, грамадскіх арганізацый, прыватных уладальнікаў, выдаваць кнігу пад заказ, — сказаў ён. — На сёння выканана ўсяго 11 экзэмпляраў Берасцейскай Бібліі. Але, магчыма, у будучым іх будзе зроблена болей.
Для шырокай грамадскасці факсіміле Берасцейскай Бібліі будзе прэзентаванае ў час святкавання тысячагоддзя Брэста, а таксама на Дні беларускага пісьменства ў Слоніме.