Цыркі свету зноў у Беларусі

№ 30 (1417) 27.07.2019 - 02.08.2019 г

З 19 па 22 верасня ў беларускай сталіцы пройдзе Другі мінскі міжнародны фестываль цыркавога мастацтва, у якім прымуць удзел каля ста артыстаў з такіх краін, як Аўстралія, Бразілія, Ізраіль, Казахстан, Кітай, Малдова, Расія, Румынія, Паўночная Карэя, Таджыкістан, Туркменістан, Украіна, Германія, Чылі, Эфіопія (пададзена ж было больш за трыста заявак з усяго свету). Убачыць публіка, вядома ж, і беларускіх майстроў манежа.

/i/content/pi/cult/755/16338/4.JPGУсяго ў дзвюх праграмах прадэманструюць 26 нумароў. Пастаноўку фестывалю ажыццяўляюць мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага цырка Вітаўтас Грыгалюнас і галоўны рэжысёр Ала Нікалаева-Аліева. Пераможца форуму па заканчэнні гала-прадстаўлення атрымае Гран-пры, таксама будуць разыграны па два першых, другiх і трэцiх месцы, сярод іншых узнагарод — “Прыз глядацкіх сімпатый”, “Прыз дзіцячага журы” і “Прыз грамадскага журы”. Па выніках агляду будуць адабраныя 15 лепшых нумароў для новай праграмы Белдзяржцырка “Брава”, якую гледачы ўбачаць з 27 верасня па 8 снежня.

Прафесійнае журы фэсту ўзначаліць віцэ-прэзідэнт Міжнароднага фестывалю цыркавога мастацтва ў Монтэ-Карла Урс Пілс, нашу краіну прадставіць дырэктар Беларускага дзяржаўнага цырка Уладзімір Шабан.

Нагадаем, што Першы мінскі міжнародны фестываль цыркавога мастацтва адбыўся ў 2017-м годзе, а яго Гран-пры атрымаў калектыў Белдзяржцырка — за правядзенне гэтага форуму. Трэці фэст, які праводзіцца раз у два гады, пройдзе ў Мінску ў 2021-м годзе.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"