“Не сумняюся, што наша культура вас уразіць”

№ 30 (1417) 27.07.2019 - 02.08.2019 г

На наступным тыдні, 31 ліпеня, адбудзецца першы афіцыйны візіт Прэзідэнта Рэспублікі Узбекістан Шаўката Мірзіяева ў Рэспубліку Беларусь, а таксама Першы беларуска-узбекскі форум рэгіёнаў (29 — 30 ліпеня). Да гэтых падзей прымеркаваны шэраг мерапрыемстваў. Пра іх на брыфінгу 24 ліпеня ў Прэс-цэнтры Дома прэсы распавёў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліцы Беларусь Насірджан Юсупаў.

/i/content/pi/cult/755/16337/3.JPGНа наступным тыдні, 31 ліпеня, адбудзецца першы афіцыйны візіт Прэзідэнта Рэспублікі Узбекістан Шаўката Мірзіяева ў Рэспубліку Беларусь, а таксама Першы беларуска-узбекскі форум рэгіёнаў (29 — 30 ліпеня). Да гэтых падзей прымеркаваны шэраг мерапрыемстваў. Пра іх на брыфінгу 24 ліпеня ў Прэс-цэнтры Дома прэсы распавёў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліцы Беларусь Насірджан Юсупаў.

Асвятляючы праграму афіцыйнага візіту прэзідэнта і прымеркаваныя да гэтага падзеі, удзельнікі брыфінгу таксама пракаментавалі магчымасці культурнага ўзаемадзеяння дзвюх краін і запланаваныя Дні культуры Узбекістана ў Беларусі, што распачнуцца 30 ліпеня ў Белдзяржфілармоніі.

— Прыязджае салідная дэлегацыя работнікаў культуры і мастацтва Узбекістана, — паведаміў Насірджан Юсупаў. — У прыватнасці, вядомы ансамбль “Яла”. У фае філармоніі будзе арганізавана выстава работ нашых мастакоў, народных умельцаў. Я вельмі рады, што Дні культуры Узбекістана адбудуцца менавіта ў гэты час. Мы даўно іх чакалі і доўга рыхтаваліся. Я хачу, каб нашы беларускія сябры, пабываўшы на гэтым мерапрыемстве, успомнілі ці адкрылі для сябе ўзбекскую культуру і мастацтва, каб у гасцей склалася добрае ўражанне аб Узбекістане. Наша краіна мае вельмі старажытную культуру. На жаль, у апошнія гады ўсё гэта крыху забылася, і нам трэба ўсё гэта аднаўляць. Я ведаю, што беларусы — народ, які з вялікай павагай ставіцца не толькі да сваёй культуры, але і да культуры іншых краін. І я не сумняюся, што наша культура, якой мы яе прадставім у Беларусі, вас таксама ўразіць.

Напярэдадні, 29 ліпеня, таксама адбудзецца цырымонія адкрыцця помніка знакамітаму дзяржаўнаму дзеячу, асветніку, паэту Алішэру Навоі.

— Гэта будзе першы помнік значнага дзяржаўнага дзеяча Узбекістана ў Беларусі, — адзначыў Насірджан Юсупаў. — І мы вельмі радыя, што гэта адбудзецца ў час афіцыйнага візіту прэзідэнта Узбекістана і што ініцыятарам стварэння гэтага помніка выступіла Беларусь.

Яшчэ адно значнае мерапрыемства ў рамках візіту Шаўката Мірзіяева — выстава “Зроблена ва Узбекістане”, што пройдзе з 29 ліпеня па 2 жніўня ў памяшканні нацыянальнага выставачнаца цэнтра “БелЭкспа” на праспекце Незалежнасці. Больш за 80 таваравытворцаў прадставяць тавары з Узбекістана — ад рамесных вырабаў да тэхнікі аўтамабілебудавання.

Валянціна КРАСОЎСКАЯ

Фота Надзеі БАРОДЗІЧ

На здымку: Намеснік міністра эканомікі і прамысловасці Рэспублікі Узбекістан Сахіб Саіфназараў і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліцы Беларусь Насірджан Юсупаў.