5 гадоў — 5 гарадоў ды 10 канцэртаў

№ 25 (1412) 22.06.2019 - 30.06.2019 г

Сёлета класічная музыка загучыць на вуліцах сталіцы, а таксама чатырох абласных цэнтраў Беларусі. Ужо праз тыдзень распачынаецца пяты сезон канцэртаў “Класіка ля Ратушы з velcom”, які працягнецца да канца лета.

Першы з іх адбудзецца ўжо ў наступную суботу, 29 чэрвеня, у Віцебску: на плошчы Перамогі выступіць калектыў Art Music Orchestra — лаўрэаты і дыпламанты міжнародных конкурсаў, салісты аркестра Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета з праграмай “Viva, Штраус!”, прысвечанай творчасці знакамітых аўстрыйскіх кампазітараў.

Гомель прымае ў сябе Art Music Orchestra з такой жа праграмай на плошчы Леніна 3 ліпеня, а ў Гродзенскім Парку Жылібера ў гэты час выступае ансамбль “Мінск-Класік”. У Брэсце лепшыя творы Штрауса-бацькі і Штрауса-сына прагучаць на плошчы Леніна 28 ліпеня.

Канцэрты ў Мінску будуць традыцыйна праходзіць на плошчы Свабоды па суботах з 20 ліпеня па 31 жніўня. У праграме — выступы Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь (20 ліпеня), Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублкі Беларусь імя Іосіфа Жыновіча (27 ліпеня), музычнай капэлы “Санорус” (3 жніўня), эстонскага духавога аркестра “Саксон” (10 жніўня), Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусі (17 жніўня), Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь (31 жніўня).

— Каля пяці гадоў таму праект задумваўся як спроба перанесці класічную музыку з камерных сцэн на вуліцы горада, і яна ўдалася — наша аўдыторыя расце, — адзначыла начальнік упраўлення маркетынгавых камунікацый кампаніі velcom | A1 Алена Бычкова на прэс-канферэнцыі, што адбылася ў сталіцы напярэдадні адкрыцця музычных вечароў. — Мы радыя, што канцэрты класічнай музыкі пад адкрытым небам стануць неад’емнай часткай культурнага жыцця ўжо не для аднаго, а для некалькіх буйных гарадоў. Па тэхнічных прычынах сёлета з ліку абласных цэнтраў да нас не змог далучыцца толькі Магілёў, але ўсё наперадзе ў наступным годзе.

Больш падрабязную інфармацыю пра кожны з дзесяці канцэртаў і яго праграму абяцалі змяшчаць на сайтах арганізатараў — гарвыканкамаў, “Мінскканцэрта” і кампаніі velcom | A1.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"