Колькі крокаў ад ідэі да шэдэўра?

№ 22 (1409) 01.06.2019 - 07.06.2019 г

За эфектнай лаканічнасцю тэатральнага плаката стаяць дзясятак адкінутых ідэй, наматаныя ў пошуку патрэбнай лакацыі для фотаздымак кіламетры, гігабайты эскізных кадраў і графічных файлаў. Усе гэтыя намаганні накіраваны на пошук менавіта той выявы, якая зможа раскрыць сутнасць задумы рэжысёра. Дызайнер Вялікага тэатра Беларусі Аніка НЯДЗЕЛЬКА імкнецца зрабіць такую афішу, каб нават прыбраўшы з яе назву спектакля, глядач змог інтуітыўна адчуць, пра што ён будзе.

/i/content/pi/cult/747/16210/23.JPGЗанурыцца напоўніцу

— Звычайна працу над прэм’ернай афішай я пачынаю са збору матэрыялу па тэме спектакля. Знаёмлюся з тэкстам лібрэта, каб зразумець сутнасць твора. Ужо на гэтым этапе знаходзяцца пэўныя падказкі — ключавыя словы, вобразы-сімвалы, якія потым могуць легчы ў аснову будучага плаката.

Мне цікава даведацца пра лёс кампазітара, пра яго светапогляд, пра ўмовы, у якіх ствараўся той ці іншы музычны твор — ды і ўвогуле падрабязней разгледзець пэўны гістарычны час. Гэтая інфармацыя дае больш “аб’ёмнае” ўяўленне пра матэрыял, з якім я працую.

Трэба ўлічваць, што кожны рэжысёр у новай пастаноўцы робіць сваю асаблівую інтэрпрэтацыю твора, пэўным чынам расстаўляе акцэнты, пры гэтым можа змяняць час ці месца дзеяння. Таму мне здаецца важным абмяркоўваць канцэпцыю плаката з пастановачнай групай — рэжысёрам, мастаком-сцэнографам, мастаком-касцюмерам. З імі можна карэктаваць кірунак працы. Нялішне будзе і паразважаць з дырыжорам пра музычны матэрыял. Мы робім агульную справу, таму тут лепш працаваць у камандзе.

Адчуць атмасферу твора дапамагаюць відэазапісы папярэдніх пастановак. Напрыклад, перад працай над афішай да аперэты “Лятучая мыш” я натхнялася спектаклем “Ковент-Гардана” 1984 года, у якім за дырыжорскім пультам стаяў Пласіда Дамінга. Мяне ўразіў князь Арлоўскі — вытанчаны, выразны як знешне, так і характарам, манернасцю. Узнікла ідэя адлюстраваць вобраз уплывовай жанчыны, пераапранутай у мужчынскі касцюм, якая мае ўладу і ўдала ёй распараджаецца.

Праблема ў чым? Афіша павінна з’явіцца ў гарадской прасторы за некалькі тыдняў да прэм’еры. Адпаведна, я прыступаю да яе распрацоўкі яшчэ раней. Трупа пакуль не выходзіла на прагоны, дэкарацыі не завершаныя. Эскізы пабачыць можна, але маё ўласнае ўяўленне пра стылістыку дзеяння можа разысціся з задумай пастановачнай каманды. Канешне, афіша можа і не супадаць са спектаклем па каларыстычнай гаме, па часавым перыядзе. Аднак я чула ад знаёмых пра тыя выпадкі, калі пад уздзеяннем плаката яны меркавалі пабачыць на сцэне адну стылістыку, а ў выніку сутыкнуліся з іншым і нават былі крыху расчараваныя. Таму мне ўсё ж хочацца, каб мая праца была сугучнай мастацкаму вырашэнню спектакля.

Не хочацца паўтарацца

— Калі на сцэне выступаюць зоркі сусветнага ўзроўню, то можна хоць шрыфтавую афішу выпусціць — людзі прыйдуць на імя. Часцей тэатральнаму плакату трэба выконваць не толькі мастацкую, а яшчэ і практычную функцыю: прывабліваць патэнцыйную аўдыторыю набываць білеты. Каб афіша зачапіла вока будучага гледача, у ёй мусіць быць не столькі арыгінальны малюнак, колькі цікавы вобраз.

Напачатку маёй работы ў Вялікім тэатры Беларусі ў мяне выйшаў казус: для оперы “Сівая легенда” я зрабіла выяву мяча і вянка на ім, а пасля друку высветлілася, што нешта падобнае ўжо было на іншым плакаце. Насамрэч, такі вобраз даволі распаўсюджаны для спектакляў гістарычнай тэматыкі. І ўсё ж, каб не здаралася больш падобных паўтораў, не лянуюся паглядзець у інтэрнэце, як афармляліся афішы для тых ці іншых спектакляў сусветнай тэатральнай прасторы. Не хочацца паўтарацца.

Да рэжысёраў звычайна выпраўляюся з папярэднімі накідамі, каб весці размову больш прадметна. Знакамітыя запрошаныя творцы пры першай сустрэчы яшчэ не ведаюць мяне і маіх творчых здольнасцей. З дапамогай эскізаў я паказваю свой прафесійны ўзровень. І адначасова адразу высвятляю, што для рэжысёра можа быць катэгарычным “не”, а якія ідэі ён гатовы ўхваліць. Быў выпадак, калі ідэю для афішы прапанаваў рэжысёр яшчэ да маіх ілюстрацыйных пошукаў. Міхаіл Панджавідзэ распавёў пра паяцаў — людзей, якія ўсё сваё жыццё аддалі сцэне і якіх гэтая сцэна і знішчыла. Таму на афішы оперы “Паяцы” Міхаіл Аляксандравіч хацеў убачыць акцёра, якога, нібы стрэлы, пранізвалі, спапяляючы, промні сафітаў.

/i/content/pi/cult/747/16210/24.JPGЭскізы рыхтую па-рознаму. Магу скласці калажы з электронных карцінак — як, напрыклад, падчас працы з рэжысёрам Міклашам Керэн’і над афішай да “Лятучай мышы”. Часамі раблю накіды ад рукі. Цікава, што ў выпадку з афішай “Рыгалета” канчатковы яе варыянт атрымаўся таксама графічным. Эстонскі рэжысёр Неэмэ Кунінгас з задавальненнем падтрымаў маю ідэю. Я распрацавала фігуру са шматлікі гранямі, якія пры поглядзе з таго ці іншага ракурсу візуальна па-рознаму складваюцца. Такім чынам раскрывалася тэма двудушнасці галоўнага героя, які даў імя гэтай оперы.

Акрамя спектакляў на галоўнай сцэне, рыхтую ілюстратыўны матэрыял да імпрэзаў у камернай зале імя Ларысы Александроўскай. Напрыклад, ударнік Міхаіл Канстанцінаў і арфістка Кацярына Жураўлёва ладзілі інструментальны канцэрт. У афішы неабходна было заявіць ударныя і арфу і перадаць агульны настрой творчай задумы. Няпростая задача! Рада, што, мяркуючы па водгуках, я з ёй справілася.

А вусны — замяніць

— Часта тэатральныя плакаты будуюцца на чыімсьці партрэце. Мне
падаецца, што здымак таксама павінен несці пэўную ідэю. У Мінску бывае шмат турыстаў, якія не надта абазнаныя ў тутэйшым культурным жыцці, і таму могуць не распазнаць, хто на плакаце: вядучы артыст ці запрошаная мадэль. З гэтай прычыны я не арыентуюся на канкрэтнага выканаўцу, а шукаю чалавека, які найлепш трапляе ў вызначаны вобраз.

Напрыклад, у афішы для балета “Анастасія” мне трэба было перадаць
пераўвасабленне маладзенькай дзяўчыны ў княгіню, якая адказвае за лёс свайго горада. Балетмайстар Юрый Траян падкрэсліваў, што ставіць гісторыю зусім не пра Жану Д’Арк. Мне пашчасціла, што ў абраны вобраз удала трапіла адна з выканаўцаў галоўнай ролі. Занепакоенасць за свой народ і надзею на яго лепшую будучыню адным толькі поглядам змагла перадаць Людміла Уланцава.

Мадэль выбралі, а з месцам здымак давялося паваждацца. У тэатры няма сваёй студыі, спецыяльнай асвятляльнай фотатэхнікі, таму я шукаю розныя лакацыі для рэалізацыі праектаў. Запрасіла Людмілу ў харавы клас. Было пахмурна, нічога не выходзіла. І раптам хвілін на дзесяць выглянула сонца: вось на кантравым асвятленні мы і паспелі зняць неабходнае. Пасля я дамалёўвала валасы, каб вобраз выглядаў больш эфектна, і карону — да абруча дадала “гмах” слуцкага княства, каб перадаць цяжар улады.

Для “Лятучай мышы” напачатку паклікала адну з задзейнічаных у пастаноўцы спявачак. Дзіяна Трыфанава атрымалася на фота чароўна, аднак рэжысёр эскізы не зацвердзіў. На думку Міклаша Керэн’і, выйшаў занадта жаноцкі вобраз, а яму хацелася бачыць халодную прыгажосць. У пошуках новай мадэлі мне дапамагла грымёр нашага тэатра Алена Кустова. Мы з ёй даўно знайшлі агульную мову, яна на маіх праектах выступае візажыстам. Алена ведае асаблівасці твару ўсіх акцёраў, таму можа імгненна прапанаваць, хто можа быць бліжэйшы да маёй задумы. У выніку на афішу аперэты трапіла артыстка кардэбалета Вікторыя Бягініна.

Як вядома, у жыцці амаль няма ідэальна сіметрычных абліччаў, таму для пэўнай задумы раз-пораз трэба “дапрацаваць” прыроду. На афішы “Лятучай мышы” бачная толькі ніжняя частка твару, аднак мне ўсё адно давялося “дарабляць” сківіцу. Адну палову ў люстраным адбітку перанесла на другую. Давялося “змяніць” і вусны мадэлі. У Вікторыі і свае вельмі прыгожыя, аднак яны, па меркаванні рэжысёра, “не працавалі” на задуму. Каб канчатковая карцінка выглядала больш эратычна, падбірала ў інтэрнэце вусны крыху разамкнёныя. І толькі пасля гэтага нарэшце атрымаўся неабходны вобраз вытанчанай небяспекі.

Дарэчы, у варыянце на стадыі задумы мадэль павінна была трымаць у руках цыгарэту. Аднак пасля вырашылі замяніць яе кубікам Рубіка. І хоць дадзенае венгерскае вынаходніцтва налічвае куды менш гадоў за музыку Штрауса, галаваломка дадае яскравую сімволіку: мы бачым стратэга, які круціць чалавечымі жыццямі, выбудоўваючы камбінацыі, каб дасягнуць сваёй мэты.

Выбіцца з гушчара супернікаў

— Я вучылася ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў на кафедры графічнага дызайну па спецыяльнасці “Фатаграфіка”. Ніколі і не ўяўляла, што буду працаваць у тэатры, але ў сваёй рабоце арыентуюся на выкладчыкаў нашай кафедры. Напрыклад, Юрый Тарэеў рабіў шэраг афіш для Купалаўскага тэатра. Уражваюць крэатыўныя плакаты Уладзіміра Цэслера, які, між іншым, таксама наш выпускнік.

Не люблю эпатаж, калі праз афішу выяўляецца не сутнасць спектакля, а аўтара плаката: маўляў, вось я які вальнадумец. Мне хочацца, каб у горадзе з’явілася больш атмасферных работ. Аднак разумею, што калектывы — асабліва прыватныя — могуць ускладваць на афішы хутчэй утылітарныя спадзяванні.

Калісьці дапамагала рабіць плакаты для спектакляў балетнай школы Марыны Вежнавец. Ім патрэбны прывабны дызайн, пабудаваны вакол прыгожага дзіцяці ў эфектнай танцавальнай позе. Яны маюць сваю рацыю: афіша — гэта яшчэ і магчымасць прыцягнуць да навучання новых дзяцей: маўляў, хачу танчыць так, як гэтая дзяўчынка. Таму тут не будзеш надта мудрыць з сэнсамі, а проста добра зарэтушуеш фотаздымак, каб ён быў прыцягальным. Першыя афішы для “Тэрыторыі мюзікла” я стварала вакол самага пазнавальнага аблічча новага калектыву — акцёра Дзмітрыя Якубовіча. У гэтага артыста заўсёды былі свае гледачы.

Яшчэ адна складанасць для дызайнера — як афіша ўпішацца ў гарадское асяроддзе. Колькі на вуліцах абклееных плакатамі тумб! Нешта зразумець у гэтай кашы немагчыма. Выйграе больш кідкі. Менавіта таму з “Анастасіі” мы пачалі друкаваць афішы ў павялічаным удвая памеры. Таксама шукаем варыянты размяшчэння: спрабуем асобныя банеры вешаць у метро, у пешаходных пераходах. І сапраўды, некаторыя мінакі перад імі прыпыняюцца.

У маім уяўленні тэатр пачынаецца з афішы, таму праца над ёй — справа адказная. Гледачы яшчэ не знаёмыя са спектаклем, і ты першы, хто запэўнівае іх прыйсці на пастаноўку. Аднак у нашай краіне ў гэтым рэчышчы часцей за ўсё працуюць альтруісты, апантаныя тэатрам.

І ўсё ж для мяне афіша перш-наперш з’яўляецца творам мастацтва. Таму яна можа быць нават культурнай падзеяй у тэатральным жыцці горада.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"