Лепшым фатографам па версіі МФМ стала Таццяна Ткачова з выставай “Сезоны Веры”. Другое месца заняў Аляксандр Васюковіч з серыей фатаграфій аб хатнім гвалце. Трэцяе — Аляксей Шлык з “Каралямі з яблычных костак”.
Сярод адзначаных выстаў непасрэдна да праграмы МФМ адносіцца “59/82. Адкрытыя звесткі беларускай фатаграфіі” — яе куратары Ганна Самарская і Антаніна Сцебур удастоены першай прэміі. Нагадаю, што гэты праект носіць даследчы характар, і належыць да таго тыпу экспазіцый, дзе ўласная выява або не выкарыстоўваецца, або выкарыстоўваецца ілюстрацыйна. Пакуль у нас мала выстаў такога тыпу.
Другую пазіцыю заняла архіўная выстава “Мірны час” Пятра Таранды (куратар Алена Пратасевіч), трэцюю — “Родны склон” (Дзіна Даніловіч, Уладзімір Парфянок, Алёна Пратасевіч).
У куратарскай намінацыі Дзіна Даніловіч удастоена першага месца за асноўную экспазіцію МФМ, праекты “Родны склон” і Non Fashion. На другім месцы Андрэй Дурэйка і Максім Тымінько з праектам Zbor іn Progress. Адзначым, што ў другі раз на прызавым месцы — праект-дакументацыя.
Трэцяе месца атрымала Ганна Лок за працу над выставай аднаго з самых перспектыўных беларускіх мастакоў Сяргея Шабохіна “18 практыкаў падпарадкавання”. Яшчэ адно трэцяе месца — у Надзеі Саўчанка за праект, які адкрыў новае імя ў беларускай фатаграфіі “Сава Сіўко. 1888 — 1978. Фатограф Любчанскага краю”.
Як крэйсер рассякае кніжнае мора альбом Міхала Анемпадыстава “Колер Беларусi”: паэт, дызайнер і інтэлектуал ужо быў удастоены за яго Нацыянальнай прэміяй, прэміяй ICОMOS і вось цяпер — МФМ. Кніга настолькі моцная ў канцэптуальных адносінах, што параўнаць яе няма з чым: у рэйтынгу МФМ яна абагнала нават альбом шаноўнага Юрыя Васільева “Служыць фатаграфіі” (другое месца, укладальнік Вольга Сасноўская). На жаль, прэміі атрымлівалі ўжо ўдовы аўтараў — Алёна Дашкевіч і Вольга Гронская.
Трэцяга месца ўдастоены калектыў Veha за альбом “Найлепшы бок” — выдатны прыклад спалучэння сацыяльнага досведу з фатаграфіяй.
За ўнёсак у развіццё беларускай фатаграфіі адзначаны фатограф і куратар Уладзімір Парфянок. Ягоная галерэя Nova доўгі час выконвала ролю адзінай некамерцыйнай інстытуцыі, дзе фатографы маглі вучыцца і выстаўляцца, дзе выхоўвалася фатаграфічная публіка. Многія з цяперашніх мэтраў маглі б сказаць “мы родам з Nova”.
Любоў ГАЎРЫЛЮК