У тую суботу мы не грашылі

№ 21 (1408) 25.05.2019 - 31.05.2019 г

Пра самадзейныя тэатры і аўтаклубы — з гумарам і без
Так, у мінулую суботу мы не грашылі. Пад спякотным шумілінскім небам мы смяяліся: хто ўпотай і сарамліва, хто адкрыта, размахваючы рукамі і размазваючы па твары слёзы радасці. Абыякавымі да ўсяго заставаліся толькі два поні, якія драмалі ў цяньку гарадскога парку ў чаканні маленькіх вершнікаў. Астатняе Шуміліна смяялася. Як і належыць на свяце гумару Віцебскай вобласці “Смяяцца— не грэх” — ужо XV па ліку.

/i/content/pi/cult/746/16190/18.JPGЗамест прадмовы

Гэтай значнай абласной падзеі папярэднічала досыць шараговая з’ява раённага жыцця. Двухпавярховы і калісьці вельмі ўтульны Дом культуры ў Шуміліне (завяршылася будаўніцтва ў 1974 годзе) даўно запатрабаваў капітальнага рамонту. Грошы знайшліся ў раённым бюджэце. Мне даводзілі, але я так і не дацяміў, як так шчасліва склаліся абставіны, што першая чарга прац была выканана без фінансавай падтрымкі вобласці. Тым не менш, асвоена ўжо 750 тысяч рублёў. Заменены дах, вокны, дзверы, зроблена тынкоўка фасадаў. Абвешчаны тэндар на выкананне другой чаргі капрамонту. Малайчыны!

Намеснік старшыні Шумілінскага райвыканкама Ірына Шалахава сцвярджае: працы будуць працягнуты зноў за кошт раённых сродкаў. Дырэктар установы Марына Прохарава марыць, што вынікам аднаўлення РЦК стане і набыццё адзення сцэны ды новага святла.

Ну як тут не згадаць мне колішні ліст з Віцебскага абласнога ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі пра тое, што падпіска на “К” не можа быць павялічана па прычыне адсутнасці грошай? Атрымліваецца, спадзяванні ў вобласці — толькі на раённую фінансавую распарадчасць? Менавіта яна паспрыяла таму, што работнікі культуры, дадаўшы трошкі пазабюджэту, прыдбалі летась шыкоўны аўтаклуб на 16 месцаў з генератарам і вынасной акустыкай.

Але чаму нас так Шуміліна цікавіць? Не толькі таму, што менавіта тут з перыядычнасцю “праз год” і ладзіцца згаданае “смешнае” свята. Адзін раз спрабавалі праводзіць яго ў Лепелі, а потым штосьці не пайшло. А ў Шуміліне не тое што пайшло, а ажно пакаціла… Дык вось, раней уся фэставая дзея праходзіла пад дахам РЦК ці на клубных сцэнах аграгарадкоў. Сёлета па прычыне капрамонту цэнтра культуры вырашана было правесці мерапрыемства ва ўмовах, набліжаных да “баявых”.

У фармаце open air удзельнічалі ў конкурсе не толькі тэатральныя калектывы, але і аўтаклубы. Хтосьці запытае: “А прычым тут апошнія?” А я адкажу: “Пры тым, прычым і першыя!” Апрача бясплатнага канцэртнага абслугоўвання аддаленых вёсак і працаўнікоў фермаў ды палеткаў, ёсць яшчэ і гастролі — як найпершы сродак дасягнення важкіх пазабюджэтных даходаў. Першая спроба такога аб’яднання адбылася на фэсце 2017 года, але аўтаклубы выступалі тады ў фае аграгарадка Нікіціха.

Антрапалогія нацыянальнага смеху

Асабіста мне якаснага (дасціпнага, яркага, свайго, тутэйшага) гумару не стае хранічна. Бо сёння на яго — дэфіцыт. Прынамсі, Петрасяна на тэлеэкране больш, чым Жванецкага. Сітуацыя стандартная: нашы лепшыя гумарысты — як і многія артысты, сцэнарысты, рэжысёры, музыканты — паспелі стаць лепшымі за мяжой. Беззваротна згубіў былую славу мінскі “Хрыстафор”. На Гомельшчыне трошкі выдыхнуліся Аўцюкі. Ды і Спорава на Брэстчыне не стала пакуль беларускай сталіцай смеху. А “Здубавецця” і “Рагаццё” Рыгора Барадуліна зрабіліся прыладам для далейшага літаратурнага даследавання ў галіне нацыянальнага гумару.

Наяўнасць гумару — доказ адсутнасці страху. Будзем лічыць, што мы толькі вучымся пераадольваць сябе….

Думаў, у Шуміліна я ўвогуле не буду смяяцца. Мяняліся намінацыі, за міні-спектаклямі ішлі музычныя нумары, за стэндаперамі выступалі парадысты. І ўсё гэта — у атачэнні прэзентацый цацак і лялек, конкурсу на самы арыгінальны пернік. (Пра конкурсныя выступленні аўтаклубаў — крыху ніжэй.) Але ўрэшце мяне, як той казаў, прабіла. На выступленні народнага тэатра сатыры і гумару “Фанограф” Гарадоцкага ГДК я ціхенька хіхікаў. Народны тэатр мініяцюр “Ідучыя на смех” Падсвільскага гарпасялковага Дома культуры — філіяла № 3 Глыбоцкай цэнтралізаванай клубнай сістэмы прымусіў валіцца на стол. А пасля дасціпных, вельмі лапідарных і нечаканых па фінале мініяцюр народнага тэатра “Буф” Шумілінскага РЦК пад кіраўніцтвам Юрыя Раманава (даўно яго ведаю) я рагатаў так, што, падаецца, прачнуліся і напалохаліся поні.

Безумоўна, шмат было і сярэдніх па якасці выступленняў, не заўжды гарантавала тую якасць і выкарыстанне беларускай мовы. Аднак конкурсы таму і існуюць, каб другія і трэція падцягваліся да ўзроўню першых.

Партрэт на фоне Верхняга Горада

Падчас дзённага перапынку аўтаклубы раз’ехаліся на пару гадзін з канцэртамі па Шумілінскім раёне і па мікрараёнах райцэнтра. Я напрасіўся стаць спецыяльным карэспандэнтам мабільных клубнікаў Лепельшчыны. Перад тым як перайсці на рэпартажную хвалю, заўважу вось што. Шуміліна за апошнія гады змянілася непазнавальна: выраслі новыя шматпавярхоўкі, больш добраўпарадкаванымі сталі вуліцы, з’явіліся ўрэшце светлафоры…

Жыхары мікрараёна Верхні Горад сабраліся ля цэнтральнай крамы. Аўтаклубаўцы завяршалі падрыхтоўку да паўгадзіннага выступлення. Спяшаліся, але і на мае пытанні паспявалі адказваць. “Бусіку” — 12-ты год. “Усе рэсурсы амаль вычарпаны”, — скардзіцца вадзіцель. Пасада кіраўніка аўтаклуба — вакантная. Пакуль за кіраўніка тут акампаніятар мабільнай установы Ірына Бусава. Ды плюс — тры салісты. Вось і ўвесь вакальна-інструментальны гурт “Гасцінец”. Для падмацавання сіл разам з “Гасцінцам” адправілася ў вандроўку намеснік дырэктара Лепельскага РДК Наталля Іванова — таксама цудоўны баяніст. За дзень мабільная ўстанова наведвае па тры вёскі раёна. За тыдзень ажыццяўляе да дзесяці выездаў. І так — усе 12 гадоў. Гэта ж якое “жалеза” вытрымае такую нагрузку?

Канцэрт быў разнажанравым: гучалі эстрада і фальклор, песні і інструменталка. Нягледзячы на майскую гарачыню, узрушаны народ не разыходзіўся. Наадварот, купкі зацікаўленых і ўдзячных гледачоў павялічваліся. Завітаў нават вельмі экзатычны дзядок на “дарослым” трохколавым ровары. Самадзейным артыстам уручылі кветкі. Потым я зрабіў агульны здымак. “У нас так прынята”, — патлумачыла Ірына Бусава. На гэтым маё непрацяглае знаёмства з Лепельскім мабільным клубам завяршылася. Думаю, ненадоўга. Варта паглядзець на эфектыўнасць работы “Гасцінца” ва ўмовах роднай Лепельшчыны.

А пераможцы хто?

Кожнае выступленне тэатраў і аўтаклубаўскіх канцэртных калектываў запісвалася на відэа і паўторна праглядалася членамі журы. Так што вось гэтыя вынікі я атрымаў па рэдакцыйнай электронцы ці не падчас здачы нумара.

Гран-пры свята атрымаў народны тэатр мініяцюр “Балаган” Лепельскага РДК за праграму “Смех у нашым горадзе”. Кіраўнік — Таццяна Невядомская. Лаўрэатам 1 ступені прызнаны народны тэатр мініяцюр “Буф” Шумілінскага раённага цэнтра культуры. Праграма “Землякі”, кіраўнік — Юрый Раманаў. Дыпломам лаўрэата 2 ступені ўзнагароджаны народны тэатр сатыры і гумару “Фанограф” Гарадоцкага гарадскога Дома культуры за праграму “Там добра, дзе Радзіма”. Кіраўнік — Вольга Люкшына. Дыплом лаўрэата 3 ступені ўручаны народнаму тэатру мініяцюр “Кактус-кактуз” Палсвіжскага СДК Лепельскага РДК. Праграма “Прыгоды Сымона Музыкі, альбо Як цяжка з бабамі…”, кіраўнік — Кацярына Бараноўская.

А вось расклад па аўтаклубах. Дадам толькі, што з 18 раёнаў вобласці свае мабільныя канцэртныя групы накіравалі ў Шуміліна 16. Больш чым уважлівая прычына ў Сянно: кіраўнік аўтаклуба Аляксандр Васілёнак трапіў з інфарктам у бальніцу. Аднойчы мы перасякліся з ім на маршрутах, і ў адной з вёсак Сенненскага раёна я быў сведкам цудоўнага выступлення вакальнага аўтаклубаўскага калектыву. Давайце пажадаем Аляксандру Леанідавічу хуткага выздараўлення.

А ў Лёзне, як запэўніла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Таццяна Шульган, аўтаклуб толькі ўзначаліла маладзенькая дзяўчына. Па мне дык такое выпрабаванне пад дэвізам “Не выйгрыш, а ўдзел” пайшло б толькі на карысць “неабстралянаму” работніку. Аднак у кожнага свая методыка кадравай палітыкі.

Пераможцаў сярод аўтаклубаў я назаву ў наступным нумары “К”.

Замест эпілогу

Выснова сама па сабе напрошваецца. Патрэбны рэспубліканскі конкурс аўтаклубаў і Нацыянальны конкурс гумару і сатыры. Хаця б для таго, каб з’явілася матывацыя для прафесійнага росту. Хаця б для таго, каб у гледача з’явілася яшчэ некалькі шчырых святаў. Але папярэджваю: Шумілінскага райбюджэту на гэта яўна не хопіць.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"