Як падкрэсліў у сваім вітальным слове дырэктар галоўнай “кніжніцы” краіны Раман Матульскі, Нацыяналка — гэта адзін з найбольш вядомых турыстычных цэнтраў краіны, што рыхтуецца прыняць замежных гасцей, якія прыедуць на міжнародныя спаборніцтвы. Над праектам “Беларусь спартыўная” супрацоўнікі бібліятэкі працавалі каля года. Экспазіцыя сабраная з некалькіх крыніц — музеяў Нацыянальнага алімпійскага камітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізкультуры, прыватных калекцый, фондаў бібліятэкі.
— Нашай галоўнай задачай было прадставіць дасягненні беларускіх спартсменаў праз розныя экспанаты, — адзначыў Раман Матульскі. — Мы паспрабавалі стварыць у бібліятэцы такую атмасферу напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў, каб кожны наведвальнік адчуваў дух спорту.
Падчас прэзентацыі з прывітальным словам да прысутных таксама звярнуліся дырэктар фонду “Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў”, генеральны сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь Георгій Катулін, першы намеснік міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Дурноў, першы прарэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры Сяргей Шаўрук, а таксама майстар спорту па каратэ, васьміразовы чэмпіён Рэспублікі Беларусь, прызёр маладзёжных спаборніцтваў свету і Еўропы, адзін з лідараў нацыянальнай каманды Андрэй Грыневіч.
Выставачны праект размясціўся на другім паверсе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і прадставіў наведвальнікам сувеніры са спартыўнай сімволікай усесаюзных і рэспубліканскіх спаборніцтваў, савецкіх спартакіяд, чэмпіянатаў свету і Еўропы, кубкі, медалі, дыпломы, экіпіроўку такіх вядомых беларускіх спартсменаў як Аляксандра Герасіменя, Віктар Угрумаў, Наталля Цылінская ды многіх іншых.
Рэтраспектыўная фотавыстава “Дадатковы час”, што таксама з’яўляецца часткай праекта, дае магчымасць кожнаму пабачыць рэдкія і малавядомыя фотаздымкі беларускіх спартсменаў. Здымкі дапаўняюць карціны беларускіх мастакоў і спартыўныя плакаты з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі. А персанальная фотавыстава Віктара Суглобы знаёміць гасцей Нацыяналкі са здымкамі майстра, аб’яднанымі тэмай беларускага спорту.
Фота аўтара