Тыя, хто на працы ў клубе, бібліятэцы і музеі займаюцца ўсім, чым заўгодна, але толькі не працай, могуць адкласці “Культуру” і піць кефір з пампушкамі. Тым, хто застаўся, я кажу: “Перастаньце саромецца!” Заробку, прафесіі, сябе і сваіх спраў. Тое, што заробак ваш мізэрны, павінна выклікаць сорам у іншых. Прафесію вы выбіралі самі, і наракаць няма на каго. Дарэчы, выбар ваш цалкам ухваляю і схіляю галаву перад тым, што праца на культуру заўжды звязана з самаахвярнасцю. А гэта, па маім перакананні, найпершы паказчык інтэлігентнасці.
У вас няма святаў, дома вас не знайсці суткамі, скасаванне шлюбаў у вашым асяродку — ці не норма, а колькасць штрафаў ад міліцыі ды фінансістаў перавышае колькасць падзяк ад рай- і аблвыканкамаў. Уражанне такое, што паўсвету — супраць вас, а вы ўсё прыгажэй усміхаецеся публіцы.
І не трэба казаць, што ў вас не стае часу на новую прычоску. Навошта яна вам! Прыгажосць — гэта рух: парыў душы і фізічнае памкненне апярэдзіць час. Гэтай рухомасцю вы зараджаеце іншых. Іншыя часам гэтага не зважаюць.
Бессмяротны трыумвірат бюджэтнай “сацыялкі”. Так, самы малы астаткавы прынцып фінансавання — у культуры. Так, настаўнікі з урачамі не маюць права на памылку, яны заўжды на пярэднім краі… Але вось якая сітуацыя ўзнікла на сёння не дзе-небудзь, а ў сталіцы. У немалой колькасці школ беларускую мову (за іншыя дысцыпліны не кажу) выкладаюць учарашнія “троешнікі”, бо паступіць на філфак цяпер лягчэй, чым яго кінуць. А троешнік у навучанні — ён і ў працы троешнік.
Урачы. Тут як пацыент скажу. Некалькі месяцаў запар не мог прабіцца да ўчастковага. Да эндакрынолага і тэрапеўта трэба выстаяць паўдня, каб пачуць: “Ну, гэта, бацюхна, старасць. Ад яе лекаў няма!” Затое і вучаць, і лечаць мяне работнікі культуры.
Толькі пра адно прашу: “Перастаньце быць сціплымі!” Вы — людзі публічныя, таму — уплывовыя. І ступень уплывовасці вашай на грамадскую свядомасць не меншая (а пры пэўных абставінах нават і большая), чым ва ўрача і настаўніка.
Але глядзіце, што атрымліваецца. Мастацкіх фільмаў, спектакляў, жывапісных палотнаў і песень пра настаўнікаў і ўрачоў — мора бяскрайняе. Пра работнікаў культуры — амаль нічога. Некалькі эпізодаў у фільме пра міліцэйскага ўчастковага Аніскіна адведзена для кіраўніка сельскага клуба, ролю якога бліскуча выконвае Раман Ткачук. Роля — камедыйная, але ў вачах героя раз-пораз узнікае самота, і не толькі па прычыне скрадзенага акардэона. Не надта радасны і масавік-забаўнік са стужкі “Адпачывальнікі”, якога іграе Ралан Быкаў. Ну і ў “Старым новым годзе” Яўгенія Санаева вуснамі сваёй гераіні нязменна паўтарае: “Мы, старыя работнікі культуры”… Гаворка, як вынікае з кантэксту, ідзе ці не пра станаўленне савецкай улады. Вось, бадай, і ўсё. Чаму? Адбітак астаткавага прынцыпу? Выснова адна: умейце здзіўляць пастаянна, і вы застанецеся ў памяці. Упэўнены, што гераіня, якая прыйшла ў прафесію, каб змяніць свет, знойдзецца ў кожным раёне. І далёка не адна.
Разумею: стварыць мастацкі твор пра сельскага работніка культуры — гэта стварыць мастацкі твор пра сённяшні стан беларускага сяла, што часам не надта проста. Скажу цішком, што жыццяпісам работніка культуры займаецца сёння хіба што толькі наша газета.
Выпісвайце яе — і мы будзем разам.