Ідзіце няходжанымі сцежкамі

№ 52 (1387) 30.12.2018 - 05.01.2019 г

Сёлетні год увойдзе ў гісторыю айчыннага тэатра, дзякуючы яскравым доказам таго, што сапраўдны талент абавязкова даб’ецца прызнання, нават калі шлях яго на нейкі момант становіцца падобным да бегу з перашкодамі.

/i/content/pi/cult/725/15793/10.JPGУзімку “К” распавядала, як амбіцыёзнаму рэжысёру Юрыю Дзівакову не далі завяршыць пастаноўку спектакля “Клоп” у Новым драматычным тэатры. Аднак ён не здаўся і выпусціў адзін за адным эпатажны “Крыжовыпаходдзяцей” на сталічнай пляцоўцы Ок16, містычны “Гогаль. Fatum” у Гомельскім абласным драматычным тэатры, псіхааналітычны OEDIPUS (“Эдып”) у Гомельскім гарадскім маладзёжным тэатры. Зараз актыўна рэпетуе цялесную “Песню песняў” у межах праекта “ТОК” Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў “Арт карпарэйшн”. 21 снежня кола, можна сказаць, замкнулася: падчас цырымоніі закрыцця Нацыянальнай тэатральнай прэміі спадара Дзівакова віншавалі як найлепшага рэжысёра ў тэатры лялек (за спектакль “Пліх і Плюх” Гомельскага абласнога тэатра лялек). Што казаць: справядлівасць перамагла!

І тут нельга не прывесці словы дырэктара мінскага абласнога тэатра лялек “Батлейка” Алы Паляковай, якія яна выказала на той жа ўрачыстай цырымоніі, атрымліваючы прыз за найлепшы спектакль у сваёй секцыі: “Цаніце моладзь, беражыце моладзь, давайце моладзі магчымасць працаваць!” Вось рызыкнула “Батлейка” даверыцца Яўгену Карнягу, каб той паставіў нетыповы для рэгіянальнай сцэны фізічны спектакль “Сёстры Граі” — і пра маладзечанскі тэатр зараз гавораць на ўсіх міжнародных фестывалях і конкурсах. Даверыў сталічны Маладзёжны тэатр сваю малую сцэну рэжысёру Дзмітрыю Багаслаўскаму — і яго “Чалавек з Падольска” стаў адным з самых гучных драматычных прэм’ер мінулага сезону. Тая ж установа аддала сваю вялікую сцэну Дзянісу Паршыну — і пастаноўка “І не намі тое прыдумана” па п’есе спадара Багаслаўскага вывела калектыў на першыя пазіцыі сярод дзяржаўных тэатраў, калі разглядаць іх з пункту гледжання прагі да эксперыменту, творчых пошукаў і аналізу тэндэнцый сучаснасці.

Па сваім асабістым рэйтынгу дазвольце мне назваць дырэктарам года Алену Маставенка. Кіраўнік Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра адкрыта да творчых прапаноў ад маладых творцаў, таму нядзіўна бачыць на дадзенай рэгіянальнай афішы самыя гучныя на сённяшні дзень прозвішчы рэжысёраў. Як вынік — на фінальным этапе Нацыянальнай тэатральнай прэміі прайшлі міні-гастролі гомельскага калектыву: сталічным жыхарам дэманстравалі пастаноўкі ад Дзяніса Паршына (па п’есе “Ляцелі арэлі” яшчэ аднаго знакамітага маладога драматурга Канстанціна Сцешыка), Юрыя Дзівакова, Віталя Краўчанкі (“Метад” апошняга стаў сёлета найлепшым спектаклем малой формы).

Сапраўды, колькі разоў гісторыя даводзіла, што адданасць падмосткаў адно сталаму пакаленню мусіць прывесці рэпертуар да заспакаення, аднастайнасці, а часам — і банальнай нуды. Не бойцеся моладзі — ідзіце няходжанымі сцежкамі! Каб убачыць у калектыве вочы, што ззяюць натхненнем, атрымаць прызнанне ад прафесійнай талакі і быць цікавымі гледачам.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"