Танцы на бацькоўскай спіне

№ 33 (1367) 18.08.2018 - 25.08.2018 г

На тое, што школа ХХІ стагоддзя перакладвае частку сваёй работы на бацькоў, не наракаў толькі гультай. І пра бацькоўскія сходы, дзе настаўніцы пад запіс патрабуюць фіксаваць, якія параграфы неабходна дома вывучыць, і пра хатнія заданні, што без націску дарослых не выконваюцца на неабходным для кантрольных паказчыкаў узроўні, перагаворана шмат. Аднак кепская тэндэнцыя па перакладзе сваёй адказнасці на чужыя плечы пачала пераносіцца і ў сферу харэаграфічнай адукацыі.

/i/content/pi/cult/705/15446/5_opt.jpegХарэаграфічных гурткоў і аддзяленняў пры школах мастацтваў у любым буйным беларускім горадзе заўсёды было багата. За апошнія дзясяцігоддзі як грыбы павырасталі прыватныя студыі балета, школы танцаў на стыку спартыўных і класічных кірункаў, а таксама гімнастычныя секцыі з абавязковай харэаграфіяй у раскладзе заняткаў. Самыя паспяховыя абраслі філіяламі. Прыток ахвотных запаліць у сваіх дзецях зорку Тэрпсіхоры год ад году павялічваецца. Магчыма, у знакі даецца той факт, што цяперашнія педагогі перасталі трымаць дзяцей адно ля станка, а рэгулярна выводзяць сваіх падапечных на канцэртныя пляцоўкі, з другога — трэцяга года навучання вязуць за мяжу на міжнародныя конкурсы.

Здавалася б, адпрацаваная гадамі схема дае вынік: педагог займаецца з дзецьмі ў класе, даводзіць ім неабходны набор харэаграфічных элементаў, самыя ўпартыя і здольныя навучэнцы адбіраюцца ў канцэртны склад і выходзяць на сцэну. Аднак у новых рэаліях некаторыя харэографы абралі іншую стратэгію: на бацькоўскім сходзе яны абвяшчаюць, чаму за год павінны навучыцца дзеці, а кантраляваць выкананне даведзеных патрабаванняў мусяць бацькі. Інакш іх дзіця, якое не села на шпагат / не выканала гранд батман / не стала на “мосцік”, будзе бязлітасна адлічана ці катэгарычна не дапушчана да пастаноўкі канцэртнага нумару. У класе патрэбныя элементы паказваюцца некалькі разоў, а вось замацаваць іх (а часта — спачатку паставіць) неабходна дома.

Летась з такімі патрабаваннямі сутыкнулася і я. Да таго, як змяніць школу, па інерцыі паўгады штодня займалася з пяцігадовай дачкой, расцягвала яе, ставіла правільную тэхніку, дапамагала разабрацца, куды павінны глядзець калені ды пяткі пры выкананні пэўных рухаў. І ўпарта адганяла ад сябе простае пытанне: чаму гэтым займаюся я, а не педагог, да якога маё дзіцё прыходзіць тры разы на тыдзень і праводзіць у зале па паўтары гадзіны? Прамаўчу тут пра грошы (і не малыя!), якія рэгулярна пераходзілі з маёй кішэні на рахунак навучальнай установы. Добра, асабіста ў мяне ёсць харэаграфічная адукацыя. А што рабіць тым, хто ніколі танцамі ці спортам не займаўся — а значыць, не ведае, як паставіць рух, не нашкодзіўшы пры гэтым малечы?

Нясмела пачала распытваць бацькоў ля распранальні. І на мяне валам пасыпаліся гісторыі. У адной сям’і тата і мама ледзь не пасварыліся, бо ніхто не разумеў, як навучыць дачку рабіць “кола”. У другой пачалі шукаць дапамогі “з боку”, бо за паўгады дзіця ні на крок не наблізілася да затрабаванага мінімуму. У трэцяй выратоўвала сітуацыю з пастаноўкай элементаў маці, якая на месяц кінула ўсе свае хатнія справы.

Чакайце, але навошта тады нам педагог? Канешне, з гатовым матэрыялам лягчэй працаваць, аднак ці надоўга хопіць энтузіязму і ўменняў тых, хто недасведчаны ў харэаграфічнай справе? Што будзеце рабіць потым?

Магчыма, хтосьці карыстаецца пасылам “выжыве мацнейшы”. Толькі за час прафесійнага патурання можна “напрацаваць” неслабыя фізіялагічныя праблемы. Дарослым застанецца развесці рукамі: чаму цалкам здаровае дзіця праз год — два заняткаў па ўмацаванні грацыі раптам пачало падварочваць нагу, хадзіць на дыбачках, дзіўна трымаць спіну. А прычына ўсяго толькі ў тым, што мышачны гарсэт “запомніў” ненатуральныя позы, якія прымаў танцор, спрабуючы выканаць патрабаванне, але элементарна не ведаючы тэхніку. Бо тая самая зона адказнасці харэографа была перакладзеная на недасведчаных у такіх нюансах бацькоў.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"