Ідзе воўк. Шэры? Лагодны

№ 31 (1366) 04.08.2018 - 11.08.2018 г

“Гэты воўк — зусім не хлюпік, ён — сапраўдны мужык. Калі трэба — і дроў наколе, і маманта заб’е, — распавядае пра свайго персанажа рэжысёр Наталія Хаткевіч. — Толькі ў яго такое добрае сэрца, што аніякай шкоды ён прынесці не можа. Таму маманту нічога не пагражае”. “Лагодны воўк” — такую назву мае анімацыйная стужка, над якой цяпер ідзе праца на студыі анімацыйных фільмаў “Беларусьфільма”.

/i/content/pi/cult/703/15407/6.JPGАнімацыйная карціна пра вельмі-вельмі добрага воўка мусіць быць скончана ўвосень. Пакуль некаторыя сцэны існуюць яшчэ ў чорна-белым варыянце, гукавая дарожка — у працэсе. Але пра што на дадзеным этапе можна казаць дакладна — гэта персанажы. І атрымаліся яны — агонь! Напрыклад, Дзед, які па сюжэце напачатку будзе ганяцца за воўкам, у катэгорыю вядомых нам традыцыйных дзядоў ну ніяк не трапляе. Ён носіць паласатыя шапку і шалік, швэдар, валёнкі і… джынсы. Ды нават яго барада выглядае даволі модна. Ну, амаль хіпстар!

— Да ўсяго, у яго яшчэ ёсць пазадарожнік, у якім ён час ад часу ездзіць купіць у краме тое-сёе, — кажа Наталія. — Калі разам з мастачкай-пастаноўшчыцай Святланай Катляровай мы працавалі над персанажамі, то вырашылі, што ў нас будуць не звычайныя Дзед і Баба, а сучасныя. Нам было важна трымаць сувязь з сённяшнім днём, таму нашы героі — гэта гараджане, якія з’ехалі ў вёску. У іх свая гаспадарка: трымаюць карову, баранчыка, курак… Але жывуць у сваё задавальненне. І прафесія ў Дзеда — садоўнік. Такая вясёлая сямейка: Дзед, Баба і сабака.

Аблічча галоўнага героя, таго самага Лагоднага воўка, таксама прыцягальнае. І вабіць цікавай дэталлю — у яго светлыя бровы.

— Наш воўк — гэта такі звер, прырода якога не зусім звярыная, — каментуе прыдумку рэжысёрка. — Душа яго не так “заземлена”, як у яго, так бы мовіць, звычайных братоў. Таму і вырашылі даць яму асаблівую прыкмету. А ўвогуле, гэта гісторыя пра тое, што кожная істота заслугоўвае любові.

У аснове стужкі — твор вядомай беларускай пісьменніцы Алены Масла. Па словах Наталіі Хаткевіч, пошук матэрыялу для яе быў нялёгкім. Разглядаліся казкі сусветных класікаў, але нішто не лягло на душу. І нечакана Наталія натрапіла на творы Алены Масла.

— Мяне проста зацікавіла беларуская літаратура, — распавядае Наталія. — Прачытала казкі Алены — і прыемна ўразілася. Спадабаліся “Каляды з хроснай”, “Таямніца закінутай хаты”, “Пакінутае дзіця”, “Мяне завуць Лахнеска”. Звязалася з Аленай і прапанавала супрацоўніцтва. У выніку, пасля доўгіх абмеркаванняў, абралі “Лагоднага воўка” — як гісторыю светлую, лёгкую, але і з глыбокім сэнсам.

Наталія Хаткевіч не губляе сувязі з аўтарам і на дадзеным этапе працы над фільмам. Па яе словах, каманда, якая робіць карціну, сабралася цудоўная:

— Асабліва хачу падкрэсліць унёсак у нашу справу мастака-пастаноўшчыка Святланы Катляровай, якая з’яўляецца надзвычай важным суаўтарам стужкі. Яна чалавек вельмі далікатны і светлы, не магу не захапляцца яе здольнасцю натхняць, мысліць творча, укладвацца ў справу.

Наталія Хаткевіч таксама лічыць важным узгадаць дырэктара карціны Таццяну Голахаву, гурт “Нагуаль”, які піша музыку да фільма, гукарэжысёра Уладзіміра Ярмоленку, рэдактарку Маргарыту Шаграй, кінакрытыка Антаніну Карпілаву.

— На пачатковым этапе на кожным мастацкім савеце падтрымка Антаніны Аляксееўны была проста каласальнай. Яна з вялікай зацікаўленасцю і ўвагай ставілася да нашых творчых задумак, — дадае рэжысёр.

Гэтаксама ў фільме задзейнічаны акцёры Віктар Манаеў (ён агучвае Аўтара ў стужцы), Аляксандр Ждановіч (Воўк), Віталь Радзько (Дзед).

— А што ж Бабка? — пытаюся я.

— А яна ў нас у фільме выконвае тэрапеўтычную ролю. Яна — маўчыць, — жартуе Наталія.

Стужка атрымліваецца лёгкай, прыгожай, з гумарам. Чаго вартая хаця б сцэна, калі ўсе героі ідуць па сняжынках, якія лунаюць у паветры.

— А мне і хацелася, каб яна была такой. Светлай, добрай, — раскрывае сваю задумку Наталія Хаткевіч. — Бо на месцы гэтага воўка можа быць любы чалавек. Той, хто адрозніваецца, хто пакінуты, хто недзе спатыкнуўся. Вось ён такі небарака — а іншага пакрыўдзіць не можа. Для мяне важна быць сучаснай у візуальнай мове. Аднак у духоўным пошуку я абапіраюся на вечныя каштоўнасці. Не забі, будзь спагадлівым, міласэрным да іншых. Пра гэта — наша стужка. Пра любоў, якую вельмі цяжка ў сабе выхоўваць.

Наталія лічыць, што шлях далейшага развіцця беларускай анімацыі менавіта ў спалучэнні сучаснай візуальнай культуры і моцнага зместу.

— Для мяне быць сучасным — гэта казаць пра важныя рэчы актуальнай мастацкай мовай, — дадае яна. — І тут, вядома, неабходна развіваць у сабе чалавечыя якасці нароўні з мастацкім густам. Шмат глядзець, слухаць, быць адначасова патрабавальным да сябе, аднак і верыць у сваё бачанне свету.

“Лагодны воўк” выходзіць на беларускай мове. Наталія Хаткевіч плануе зрабіць цыкл фільмаў пра розных герояў, якія нібыта жывуць у адным месцы. У праекце — карціна пра Жабянятка і Лахнескую пачвару. У нейкім эпізодзе гэтых фільмаў можа з’явіцца і Лагодны воўк.

— Галоўнае не нудзіцца і ўмець радавацца, — раскрывае свой падыход Наталія. — Верыць у любоў і дабрыню. Пра гэта — мае фільмы.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"