Скажы мне, што спяваеш

№ 28 (1363) 14.07.2018 - 19.07.2018 г

Міжнародны дзіцячы музычны конкурс прайшоў на “Славянскім базары ў Віцебску” ў 16-ы раз. Упершыню ў ім удзельнічалі прадстаўнікі Вялікабрытаніі і Канады. Вельмі высокі ўзровень юных удзельнікаў засведчыў, што дзіцячая спеўна-эстрадная творчасць становіцца моцнай шоу-індустрыяй.

/i/content/pi/cult/700/15349/6.jpgУ першы конкурсны дзень, паводле традыцыі, дзеці выконвалі песню сваёй роднай краіны. У другі — вольную праграму. Дык што стала выбарам удзельнікаў, педагогаў і ўсіх, хто рыхтаваў іх да гэтага прэстыжнага спаборніцтва?

Вядома, гучала шмат сусветных хітоў. Праўда, самых-самых раскручаных, што на слыху літаральна ў кожнага, стала меней, чым у мінулыя гады. Дый увогуле, агульная праграма стала больш разнастайнай — і не толькі тэматычна, бо ахоплівала нават стылістыку музыкі да камп’ютарных гульняў.

Дзеці выдатна падрыхтаваны — менавіта да гэтага конкурсу, што даўно ўзяў курс на “дарослы прафесіяналізм”, а не проста самавыяўленне дзіцячых талентаў. Калі на мінулых спаборніцтвах яшчэ сустракаліся літаральна па некалькі ўдзельнікаў, што называецца, “не адсюль”, дык сёлета абсалютна ўсе па сваіх вакальных дадзеных і сур’ёзнасці сцэнічнай падрыхтоўкі патэнцыйна былі прэтэндэнтамі на перамогу. Усе спявалі галасіста, упэўнена, без фальшу. Усе мелі адметныя сцэнічныя строі, адпаведныя абраным песням. З многімі заўважна працавалі стылісты. Амаль усе выдатна рухаліся, дэманструючы ўменне танчыць ды іншыя свае здольнасці (да прыкладу, гнуткасць у выглядзе вертыкальнага і гарызантальнага шпагатаў). Але ў другі дзень, калі можна было паказаць менавіта тую песню, якая лепей выяўляе здольнасці і творчую індывідуальнасць, амаль усе абралі энергічныя кампазіцыі — паводле прынцыпу “хутка ды гучна”.

Можна, зразумела, толькі радавацца, што ў нас расце такое энергічнае, упэўненае ў сваіх сілах пакаленне. Але раптам стала заўважна, што ў некаторых тыя энергія і ўпэўненасць, якія сталі вынікам добрай падрыхтоўкі, а часам і сапраўднай “дрэсіроўкі”, на пэўным этапе пераходзяць у агрэсію. А вось музычнасці, багацця нюансаў, тонкасці інтэрпрэтацый, асэнсаванасці спеваў, нейкага “свайго погляду” — усяго таго, што і вызначае творчую індывідуальнасць і павінна цаніцца ў дарослай будучыні, многім не хапала.

Дарэчы, “дзелавы стыль” паўплываў і на само вядзенне конкурсных праслухоўванняў, набліжаючы іх да своеасаблівага “канвеера”. Заўсёдныя “падводкі” ад імя казачных герояў сталі больш сціслымі. Знікла размяшчэнне “гасцявых” нумароў паміж уласна конкурснымі выступленнямі. Далёка не ўсе падтанцоўкі, якімі звычайна так славіцца дзіцячы конкурс, у поўнай меры падыходзілі да конкурсных песень. Так, былі папраўдзе адметныя кампазіцыі, якія не проста стваралі відовішча, але і дадаткова працавалі на песенны змест. А ў некаторых, на жаль, харэаграфія не зусім адпавядала музыцы нават па тэмпе, з-за чаго танцоўшчыкі гублялі штрыхі, запаволена рухаючыся, бы ў рапідзе.

Можа, на ўсё паўплывала яшчэ і казка “Снежная каралева”, абраная для афармлення спаборніцтва? І хаця актрыса Настасся Баброва ўклала ў гэту гераіню ўсю сваю прыгажосць і тэмперамент, яна ўсё роўна падсвядома асацыюецца з халодным, ледзяным сэрцам.

Як жа размеркаваліся ўзнагароды? Трэцяе месца падзялілі 7-гадовы Абілкайыр Джумабай з Казахстана і 10-гадовая Андрэя-Эміра Рацэ з Малдовы. Дзяўчынка спявала “Арлекіна”, арыентуючыся не столькі на маладую Алу Пугачову, колькі на Пэпі-Доўгуюпанчоху і Алісу з Залюстроўя (мяркуючы па вобразе канкурсанткі). А ейны смех перамагаў усе трагедыі яе героя. Хлопчык жа запомніўся добрай прыродай голасу і “меладрамай” за яго спінай, калі падчас выступу дзве дзяўчыны з дапамогай сучаснай харэаграфіі змагаліся за кавалера.

Ганна Мкртчан (Арменія), у свае 10 гадоў упэўнена выканаўшы “Падумай”, атрымала першую прэмію. Другую прэмію і прыз Саюзнай дзяржавы — наш 12-гадовы Арцём Скароль з Ашмянаў, які займаецца ў знакамітай Святланы Стацэнка ў Нацыянальным цэнтры музычнага мастацтва імя Уладзіміра Мулявіна. З песняй “Пераможца атрымлівае ўсё” з рэпертуару АВВА ён і сапраўды меў добрую падтрымку аўдыторыі і суцэльную каманду прыхільнікаў-балельшчыкаў. А на гала-канцэрце і цырымоніі ўзнагароджвання праспяваў песню першага дня — “Каня незацуглянага” Эдуарда Ханка на словы Генадзя Бураўкіна. Гэта “песняроўская” класіка ў яго выкананні загучала ў новай версіі, атрымала іншую драматургію і папраўдзе свежае прачытанне.

Уладальнікам Гран-пры стаў 11-гадовы Аляксандр Балабанаў з Украіны, які не толькі валодае шыкоўным голасам, але і ўмее ўдала карыстацца элементамі гарлавых спеваў, вакальнай філіроўкай гуку. Ён паўстаў не вундэркіндам, а гатовым артыстам з глыбокім адчуваннем музыкі.

Спецыяльныя прызы атрымалі таксама прадстаўнікі Германіі, Ізраіля, Расіі, Румыніі. Пяцёра юных спевакоў (з Вялікабрытаніі, Ізраіля, Канады, Латвіі, Чэхіі) атрымалі запрашэнні на іншыя міжнародныя конкурсы — “Рыга simfony” і мінскія “Зорныя кветкі”.

Галоўнае, што паказаў дзіцячы конкурс, — гэта змена рэпертуару. Нягледзячы на тое, што яшчэ засталіся не лепшыя выпадкі звароту да надта дарослых песень, не адпаведных узросту і духоўнаму сталенню асобы (дададзім, пры ўсіх зніжках на цяперашняе “ранняе станаўленне”), дзіцячы рэпертуар становіцца ўсё больш стыльным, модным (у лепшым сэнсе слова), цікавым. І гэта цудоўна! Разам з тым, менавіта рэпертуар падвёў некаторых удзельнікаў.

— Калі быць прыдзірлівым, — сказаў у эксклюзіўным інтэрв’ю “К” старшыня журы, народны артыст Малдовы Канстанцін Масковіч, — дык толькі некалькі краін выканалі абсалютна ўсе конкурсныя ўмовы ў дачыненні да песень, што абіраюцца. Асабліва гэта адчувалася ў першы дзень. Выходзіць, да прыкладу, удзельнік з прыгожым тэмбрам, а праз песню сваёй краіны не можа напоўніцу паказаць свае магчымасці. А такая песня, дарэчы, можа быць напісана менавіта для яго. І менавіта яна можа і павінна быць для яго самай выйгрышнай, бо ўлічвае індывідуальнасць артыста. Таму хацеў бы звярнуцца да ўсіх выкладчыкаў: супрацоўнічайце з кампазітарамі сваіх краін! І бярыце прыклад з Беларусі, бо ў вашага Арцёма на песню працавала ўсё, пачынаючы са знешняга выгляду.

Падобныя меркаванні выказвалі і іншыя члены журы, з кім давялося пагутарыць пасля падвядзення вынікаў. Калі дзіцячыя конкурсы становяцца ўсё больш “дарослымі” па ўзроўні прафесіяналізму, дык адпаведным павінен быць і конкурсны рэпертуар: не толькі стыльным, маладзёжным, але і скіраваным на выяўленне творчай індывідуальнасці кожнага юнага таленту.