Напрыклад, вынікам дыскусій і сустрэч стала падрыхтоўка 26-томнага энцыклапедычнага выдання, якое ахоплівае ўсе гуманітарныя напрамкі краін СНД.
— Калі мы зможам захаваць
узаемную ўвагу і павагу, калі будзем здатныя адзін аднаго чуць, то здолеем рэалізаваць яшчэ не адзін дзясятак гуманітарных праектаў разам, — перакананы спадар Бюльбюль-аглы. — Мне хочацца ўспомніць вядомае выслоўе Сяргея Капіцы, актуальнае ва ўсе часы: “Культуру трэба насаджаць! Нават сілай. У адваротным выпадку нас чакае крах”.
Сталіца Казахстана — адзіны горад у СНД, які прымае штогадовы Форум ужо ў трэці раз. Месца правядзення абранае невыпадкова: сёлета Астана адзначае 20-гадовы юбілей. Дзівяць уяўленне архітэктурныя формы мегаполіса, якія спалучаюць сучасныя тэхналогіі і нацыянальны каларыт, хайтэк і культурныя традыцыі. Неаспрэчна, гэта ідэальная прастора для сустрэчы творчых і навуковых дзеячаў.
Тэма сёлетняга Форуму была сфармулявана наступным чынам: “Дыялог у СНД — перспектывы гуманітарнага супрацоўніцтва ў XXI стагоддзі”. І можна з пэўнасцю сказаць, што гэты дыялог адбыўся. Удзельнікі абмеркавалі рэалізацыю маштабных праектаў у гуманітарнай сферы, запланавалі новыя пачыны, падзяліліся сваім досведам, які, неаспрэчна, быў цікавы калегам.
Кульмінацыяй цырымоніі адкрыцця стала ўручэнне прэміі “Зоркі Садружнасці”, заснаванай МФГС. Яе памер складае 2 мільёны расійскіх рублёў. Сёлета на суісканне прэміі былі прадстаўлены 11 намінантаў з 8 краін. З Беларусі лаўрэатам стала біятланістка Дар’я Домрачава. У ліку іншых лаўрэатаў — азербайджанскі філолаг Наргіз Пашаева, акцёр Асана Ашымаў (Казахстан), знакаміты расійскі музыкант Юрый Башмет. Па традыцыі, Форум прадставіў культурную сталіцу наступнага года — у 2019 годзе гэты ганаровы статус атрымае Брэст.
На цырымоніі адкрыцця міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч нагадаў прысутным:
— У нашай краіне ёсць добрая прэмія, такая ж цёплая, як і прэмія краін Садружнасці — “За духоўнае адраджэнне”. У гэтым годзе на яе ўручэнні Аляксандр Лукашэнка невыпадкова 90 працэнтаў свайго выступу прысвяціў інтэрнэту, новым тэхналогіям. Сёння ў Астане я востра адчуваю, што ўсе сучасныя тэхналогіі і навацыі толькі тады маюць будучыню, калі абапіраюцца на духоўную спадчыну, культуру і традыцыі.
У двухдзённым Форуме ўзялі ўдзел 200 дэлегатаў з усіх краін Садружнасці. На пленарных пасяджэннях і ў профільных секцыях дзеячы навукі, адукацыі і культуры абмяркоўвалі розныя аспекты прафесійнага ўзаемадзеяння.
Як падкрэсліў спецыяльны прадстаўнік Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі па міжнародным культурным супрацоўніцтве Міхаіл Швыдкой, ёсць канкрэтныя праблемныя вузлы ў дыялогу культур краін Садружнасці, ліквідаваць якія можна толькі сумеснымі намаганнямі. Напрыклад, пытанні страхавання музейных каштоўнасцяў, іх транспарціроўкі і забеспячэння бяспекі падчас абменных выстаў паміж музеямі розных краін.
Нямала ўвагі было прысвечана і пытанню, як прыцягнуць моладзь у творчыя праекты краін Садружнасці. Дырэктар беларускага Нацыянальнага гістарычнага музея Павел Сапоцька нагадаў, што нарадзіўся праз год пасля таго, як распаўся СССР — і таму лічыць сябе акурат маладым кіраўніком. На яго думку, творчая моладзь Беларусі — мастакі, музыканты, пісьменнікі — прыцягваюцца ў творчыя праекты вельмі актыўна. Але па-за сферай увагі часам застаецца такая важная пазіцыя, як менеджмент культуры.
— У нас вельмі шмат прыкладаў, калі кіраўнік установы культуры сыходзіць на пенсію і далей усе пачынаюць сутаргава шукаць, кім жа яго замяніць, — адзначыў ён. — Гэта значыць няма рэзервовага корпуса кіраўнічага складу. Адсутнічае інстытут менеджменту. Мы вывучалі досвед еўрапейскіх краін, і там падыход ад пачатку іншы: людзей у маладым узросце кідаюць у культурную галіну, быццам у вір — выплывуць ці не. Большая частка з іх “гіне”: працаваць з творчымі асобамі не так і проста. Але тыя, хто выплывае, і складаюць у будучым кіраўнічае звяно. Звярніце ўвагу: прэміі, гранты і заахвочванні таго ж МФГС прадугледжваюць вылучэнне сродкаў на праекты ў музыцы, тэатральнай сферы, аматарскай творчасці. Але няма ні адной намінацыі ў такіх галінах, як менеджмент, маркетынг, прадзюсаванне. Фактычна, мы адкідваем тых “нябачных” людзей, якія прасоўваюць праекты і культурныя брэнды.
Падчас дэбатаў гаворка вялася таксама і на тэму функцыянавання грамадскіх арганізацый у сферы культуры. Павел Сапоцька распавёў калегам з іншых краін пра беларускія ініцыятывы падобнага профілю: фонды, праграмы, праекты трансгранічнага супрацоўніцтва. На яго думку, яны адыгрываюць вельмі важную ролю ў грамадстве. Па-першае, адбываецца самаактывізацыя асобы, што сёння асабліва актуальна. Па-другое, культурныя праекты атрымліваюць дадатковыя крыніцы фінансавання. І, нарэшце, развіваецца міжнароднае супрацоўніцтва.
— Дастаткова прыгадаць рэстаўрацыю сядзібаў Тызенгаўзаў у Паставах, Агінскіх у Залессі, Гутэн-Чапскіх у Станькаве, — падзяліўся ён станоўчым беларускім досведам. — Гэтыя нашы праекты ладзяцца сумесна з грамадскімі аб’яднаннямі, дзякуючы дапамозе якіх арганізуюцца міжнародныя канферэнцыі, вядзецца навуковая дзейнасць, распрацоўваюцца новыя турыстычныя маршруты. Асабліва хочацца адзначыць ролю прафсаюзаў. Калі мы чуем галасы з Захаду пра тое, што ў нас не развіты інстытуты грамадзянскай супольнасці, у адказ можам запярэчыць: у нас грамадскія арганізацыі часта выступаюць як ініцыятары аднаўлення культурнай спадчыны. Яскравы прыклад — Курган Славы, дзе праз спрыянне Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі было цалкам заменена травяное пакрыццё, праведзены рэстаўрацыйныя работы. Музей ваеннай тэхнікі — таксама грамадскі праект. І, паўтаруся, такіх у нас шмат. Дыялог паміж дзяржавай і грамадствам у нас існуе, нам ёсць чым ганарыцца.
Завяршыўся двухдзённы форум прыняццем рэзалюцыі, у якой удзельнікі мерапрыемства падвялі вынікі сумеснай працы і сфармулявалі задачы на бліжэйшую перспектыву.
Мінск — Астана — Мінск
Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА