Без свайго поля

№ 25 (1360) 24.06.2018 - 30.06.2018 г

Мы прапусцілі рэвалюцыю: у свядомасці жыхароў буйных гарадоў сфарміравалася ўстойлівае разуменне, што за эмоцыямі трэба накіроўвацца ў першую чаргу ў гандлёвыя цэнтры. Пакуль установы культуры прымушалі вучыцца зарабляць у рынкавых умовах, шматлікія гандлёва-забаўляльныя комплексы змянілі карціну размеркавання плыняў глядацкай аўдыторыі.

/i/content/pi/cult/697/15300/_MG_8598_opt.jpegЗа прыкладамі далёка хадзіць не трэба. У сталіцы хутка адзін гандлёвы цэнтр правядзе свята марожанага. Другі не можа заманіць зніжкамі, таму штотыдзень арганізуе дармавыя анімацыйныя пляцоўкі для дзяцей са шматлікімі рукадзельнымі бонусамі. Ад прыбытку арандуемых залаў расце размах бясплатных мерапрыемстваў: хтосьці ладзіць дыскатэкі з мыльнымі пузырамі і майстар-класы для малечы па пляценні ўпрыгожванняў і цацак з рознакаляровых рызінак, а хтосьці праводзіць штотыднёвыя адкрытыя ўрокі па лаціна-амерыканскіх танцах ці збірае шматгадзінную праграму з выступленнямі прафесійных цыркавых артыстаў.

Я ўжо не гавару пра мерапрыемствы, для наведвання якіх неабходна набыць білет (кошт якога часта ў разы вышэйшы за ўваходны ў дзяржаўныя культурна-відовішныя ўстановы). Дзякуючы рэзанансным выставам, нават нешапаголік арыентуецца ў месцазнаходжанні ўсіх буйных гандлёвых цэнтраў сталіцы. Сумная тэндэнцыя…

У нас ужо вырасла пакаленне, якое ў вольны час ідзе не ў гурткі ці на стадыён, а па звычцы — у гандлёвы цэнтр. Прынамсі, у ГЗЦ на праспекце Пераможцаў перыядычна скардзяцца на натоўпы падлеткаў, якія гадзінамі бадзяюцца па паверхах. Дзеці цягнуцца сюды не толькі ў непагадзь і дакладна не за пакупкамі. Яны ведаюць: тут можна патрапіць на кірмашы, прэзентацыі, канцэрты і гэтак далей. ГЗЦ — мяркую, нечакана нават для сябе — пачалі выконваць функцыю фарміравання пэўнага культурна-асветніцкага пласта. Той плыні, у якой спрадвеку працавалі ўстановы культуры. Дык што здарылася?

У сталіцы пра мерапрыемствы дамоў культуры, школ мастацтваў, устаноў для дасугу на агульным фоне амаль не чуваць. Пры складанні планаў для выхадных з дзецьмі татальна не стае інфармацыі, дзе і што праводзіцца. Не хапае мерапрыемстваў у нашых дзяржаўных установах, дзе можна было б правесці з сям’ёй значную частку дня. Установы культуры заўважна саступаюць новым ігракам на полі дасугавых паслуг з-за сваёй непаваротлівасці: зараз запатрабаваныя шматпрофільныя мерапрыемствы, а тэатры і музеі часта працягваюць заставацца пастаўшчыком адной паслугі.

Разумею, праблема тут крыецца яшчэ і ў прававым полі: не можа дом культуры імгненна зладзіць майстар-клас па модным кірунку, калі пад кожны гурток неабходна падвесці дакументальную базу. Не мае магчымасці той жа ТЮГ прыцягваць малечу ў тэатральную студыю, бо заняткі адразу патрапяць пад юрысдыкцыю сістэмы адукацыі. І ўсё ж, назіраючы за такім пераразмеркаваннем роляў, ці можна працягваць не заўважаць відавочнае? Пакуль сфера культуры збольшага дзейнічае па правілах учарашняга дня, ініцыятыву ў культурна-забаўляльных паслугах — а значыць, і патэнцыйную аўдыторыю — перахопліваюць аэрапорты, гіпермаркеты, батанічны сад і іншыя арганізацыі, якія раней у такой дзейнасці прыкмечаны не былі…

Дзеля справядлівасці зазначу — не ўсе сядзяць склаўшы рукі. Палац мастацтва прадастаўляе свае плошчы пад фестываль “Букідс”, змяняючы тым самым свой імідж як інтэлектуальная сямейная прастора. Нацыянальны гістарычны музей аддае свой унутраны дворык пад розныя open-air актыўнасці. Галоўны рэжысёр Брэсцкага тэатра лялек Аляксандр Янушкевіч марыць стварыць у новым будынку сапраўдны цэнтр культурнага прыцягнення для гараджан. Спадзяюся, шматвектарных ініцыятыў у нашых устаноў культуры паступова стане больш. Тады і ў насельніцтва ўзрасце запатрабаванасць у іх.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"