Фестываль пачаўся яшчэ ў сераду. На цэнтральнай плошчы райцэнтра прэзентавалі фоталетапіс “Берагіневы раскрэсы”, дзе ў рэгіянальных калекцыях адлюстраваны 20 фестывальных гадоў. Цэнтр вольнага часу прапанаваў выставу партрэтаў носьбітаў беларускай аўтэнтыкі, а карцінная галерэя — “Выцінанка: беларускі народны танец”. Але галоўнай падзеяй стала рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Традыцыйная культура і дзеці: праблемы этнавыхавання”.
У чацвер адбылося ўрачыстае адкрыццё фэсту з вялікім канцэртам-віншаваннем, пачаўся XIV Рэспубліканскі конкурс пар-выканаўцаў побытавых танцаў, а таксама — ІІ Рэспубліканскаі конкурс харэаграфічнай імправізацыі “Барыня”. У пятніцу суперніцтва працягвалася ў большых маштабах: далучыліся фальклорныя гурты і інструментальныя ансамблі, у тым ліку — замежныя.
Сёння рэй вядуць апавядальнікі народнай прозы. Усе чакаюць свята “Рудабельскае Купалле”. Як сцямнее, абяцаюць скокі да ўпаду. Завершыцца фестываль у нядзелю круглым сталом, падвядзеннем вынікаў, цырымоніяй узнагароджання.