Міражы прышласці і пасткі памяці

№ 20 (1355) 19.05.2018 - 26.05.2018 г

17 мая на плошчы Якуба Коласа ў Мінску адкрылася мастацкая выстава. На стэндах адмысловай канструкцыі размешчаны рэпрадукцыі твораў Георгія Скрыпнічэнкі (1940 — 2015) — мастака, чыя творчасць трактуецца як беларуская версія сюррэалізму. Гэта чарговая акцыя праекта “Мастак і горад”, які распачаўся сем гадоў таму і сцвердзіўся як неад’емны чыннік культурнай прасторы сталіцы.

/i/content/pi/cult/692/15204/5.JPG

Фота аўтара і Паліны КАСМАЧОВАЙ

Арганізатары парупіліся, каб імпрэза атрымалася запамінальнай. Яе аздобілі выступленні артыстаў, якія перавялі ў фармат дзеі верагодны змест некаторых карцін мастака. Прысутных на плошчы віталі прадстаўнікі гарадской улады, культурных устаноў, спонсары праекта. З цёплымі словамі пра свайго калегу звярнуўся да грамады старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца, Ён нагадаў, што Георгій Скрыпнічэнка быў творцам не толькі ў майстэрні, але і па жыцці, з’яўляючыся своеасаблівай іконай стылю. Ён быў шчыры, адкрыты, шляхетны — і, як ўсё творчыя людзі, не надта практычны, а некалі і безабаронны, бо меў звычку думаць пра людзей лепш, чым яны часам насамрэч ёсць.

/i/content/pi/cult/692/15204/6.jpgПадборка твораў, што складаюць экспазіцыю, дазваляе прасачыць у асноўных рысах увесь творчы шлях мастака. Да стылю, які сёння трактуецца як ягонае вынаходніцтва, Георгій Скрыпічэнка прыйшоў не адразу. Пачынаў ён як традыцыяналіст, хіба з ухілам у містыку. Але з часам звычайныя краявіды і рэчы на ягоных карцінах ўсё болей набываюць фантастычных рысаў. На прасторы палатна спалучаюцца аб’екты і з’явы, якія ў рэчаіснасці побач быць не могуць. Адштурхоўваючыся ад паўсядзённасці, падпарадкаванай рытму завядзёнкі, мастак вырываецца ў прастору невядомага. Мне падаецца, што сталая творчасць мастака спалучала міражы прышласці і пасткі памяці, абстрактнае мысленне і канкрэтыку вобразаў.

Ягоная роля ў беларускім мастацтве 1980-х — 2000-х гадоў параўнальная з тым, што зрабіў Міхаіл Савіцкі ў 1960-я — 1970-я. Міхаіл Андрэевіч увёў у нашу свядомасць досвед розных праяў сусветнага рэалізму, спадар Георгій узбагаціў беларускую палітру сюррэалістычнымі фарбамі. На карцінах Скрыпнічэнкі прасочваюцца матывы Далі, Тангі, Эрнста, Магрыта… Але такое цытаванне класікі ва ўласным тэксце можна знайсці сёння бадай у кожнага прыхільніка сюррэалістычнага метаду. Пры гэтым, Скрыпнічэнка застаецца мастаком тутэйшым, беларускім — на ментальным узроўні.

/i/content/pi/cult/692/15204/7.jpgГалоўная асаблівасць гэтага праекта, як слушна адзначаюць арганізатары, у ягонай даступнасці. Ідзеш сабе праз плошчу па сваіх справах — і пры гэтым рэпрадукцыі карцін разглядаеш. Адно што, друк некаторых з іх мог быць больш якасным. Ды і фармат іхні ў асобных выпадках падаўся мне не адпаведным арыгіналу. У тым сэнсе, што не заўжды можна зрабіць выяву большай ці меншай, чым яна ў арыгінале, пры гэтым не страціўшы эстэтычнай выразнасці.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"