Космас паміж Мнютай і Авутай

№ 15 (1350) 14.04.2018 - 20.04.2018 г

Хай і паўжартам, але першым беларускім касманаўтам можна назваць Язэпа Драздовіча. Ён не здзяйсняў палётаў да зор, аднак, дзякуючы сваім візіянерскім здольнасцям, здолеў пабываць на тых планетах, дзе і дасюль не ступала нага чалавека. Без сумневу, гэтая асоба здатная натхняць сучаснікаў. Бяда толькі ў тым, што ведаюць пра яе сёння нямногія. Як жа раскрыць захапляльны свет мастака для “звычайнага” беларуса? Летась на факультэце дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, былі абароненыя дзве дыпломныя работы, мэта якіх — актуалізацыя ў нашай рэчаіснасці творчасці Язэпа Драздовіча.

/i/content/pi/cult/687/15107/pages-2-32-copy-S.jpg

Што адметна, штуршком да гэтых творчых распрацовак стала публікацыя “К” з прапановай стварыць непадалёк ад сталіцы парк на ўзор славутага Дыснэйлэнда — не клон растыражаванага на ўвесь свет амерыканскага праекта, але канцэптуальна ўгрунтаваны на рэаліях і культурных каштоўнасцях нашай краіны.

Творчасць Драздовіча, які, вандруючы ў прасторы паміж рачулкамі Мнютай і Авутай, бачыў касмічныя далягляды і выяўляў у сваіх творах жыццё на іншых планетах, найлепшым чынам адпавядае такой задуме. Пра тыя дыпломныя работы распавядае іх кіраўнік і ініцыятар — прафесар кафедры тэорыі і гісторыі дызайну БДАМ Крысціна Стрыкелева:

— Спроба сысці за далягляд, зазірнуць у невядомае, адкрыць іншыя сусветы ўвогуле ўласцівая чалавеку. Гэта было і да Язэпа Драздовіча, але ў ягонай творчасці тая мара выявілася надзвычай выразна і эстэтычна пераканаўча. Мяне і маіх студэнтаў вельмі натхніла сама яго асоба. Ёсць людзі, якія сваімі фантазіямі сыходзяць у Космас, забываючыся пра Зямлю. Ён жа казаў, што нельга аддавацца крайнасцям. У ім дзіўна спалучалася цяга да зорак і проста неверагодная любоў да роднай зямлі. Гарманічная повязь двух чыннікаў — Зямлі і Неба — гэта рэдкі прыклад душэўнай раўнавагі на тле пакутнага жыцця, у якім чалавек мусіў быць “вечным вандроўнікам”.

Чамусьці на нашай зямлі людзей увогуле цягне за гарызонт, у неба, да зорак. Марк Шагал на Віцебшчыне, Мікалай Чурлён на памежжы Гродзеншчыны і Віленшчыны... Жыццё цяжкае, вось і спрабуем над ім ўзняцца. Зыход у віртуальны свет часцяком з’яўляецца спробай адысці ад жыццёвых праблем. Прынамсі, калі гаворка пра звычайных людзей, бо ў творчых асоб усё інакш. Язэп Драздовіч шукаў ідэальную прастору не для сябе самога — для ўсёй супольнасці.

З курсавых работ па тэме яго творчасці дзве сталі асновай для работ дыпломных. Іх абарона прайшла на выдатным узроўні, а самі студэнты і я як кіраўнік тых работ атрымалі ўнікальны досвед.

Хацелася б, каб на гэтыя праекты звярнулі ўвагу тыя, хто прымае рашэнні на высокім узроўні. Каб прапанаваны намі Парк прыгод па матывах творчасці Драздовіча быў сапраўды пабудаваны. Каб было ў тым парку і адноўленае характэрнае беларускае мястэчка драздовічавых часоў, і бязмежны Космас “Вечнага вандроўніка”. Дух даўніны і зварот ў будучыню. Адноўленая старасветчына і сучасныя тэхналогіі. Каб ён быў адначасова і музеем, і забаўляльна-адукацыйным комплексам. Зразумела, мы самі такі праект лабіраваць не можам. Гэта не кампетэнцыя факультэта і акадэміі. Але ў межах сваіх магчымасцей будзем і далей у навучальным працэсе звяртацца да спадчыны Драздовіча, каб актуалізаваць яе ў сучаснасці.

На Беларусі не так ужо і шмат аб’ектаў, цікавых для турыстаў. Наша гісторыя не столькі ў артэфактах, колькі ва ўспамінах. Мы падыходзім да нейкага пагорка і расказваем, што калісьці тут стаяў замак. Таму для нас было б лагічным запаўняць гістарычныя прагалы новымі аб’ектамі, сучаснымі па форме, але духоўна знітаванымі з усёй нашай гісторыяй.

/i/content/pi/cult/687/15107/pages-2-32-S.jpg

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"