“Ванемуйнэ” — найстарэйшы і найбуйнейшы тэатр Эстоніі, заснаваны 152 гады таму ў Тарту (другім горадзе ў краіне па колькасці насельніцтва пасля Таліна). Першая сцэна, з якой эстонская мова прагучала ў спектаклях. Яе цяперашні мастацкі кіраўнік Ційт Палу — рэжысёр і акцёр, які ў прафесіі больш за 20 гадоў — упершыню завітаў у Беларусь, каб бліжэй пазнаёміцца з нашым тэатрам.
— Тэатр “Ванемуйнэ” мае тры аддзяленні — драмы, оперы і харэаграфіі. Я ўзначальваю менавіта драматычнае, — удакладняе спадар Палу. — За сезон звычайна выпускаем 8 — 10 прэм’ер. Перавагу аддаем эстонскім п’есам, але зразумела, што ў маленькай краіне не так шмат сваіх аўтараў, таму суадносіны ў рэпертуары паміж айчыннай і замежнай драматургіяй — дзесьці пяцьдзясят на пяцьдзясят. Тым больш, што п’есы мясцовых сучасных драматургаў звычайна ставяцца на камерных пляцоўках. Ужо потым, калі яны выклікаюць інтарэс у публікі, могуць быць пастаўлены на вялікай сцэне.
Але мы зацікаўленыя ў такім працэсе, бо зарабляць грошы і збіраць на спектаклі вялікую аўдыторыю для тэатра важна. Толькі нашмат важнейшая іншая задача — апісваць, што адбываецца вакол нас проста цяпер, пра што мы думаем, куды рухаемся, чаму? І на гэтыя пытанні адказы могуць даць толькі свае аўтары. Мне падаецца, у Беларусі адбываецца штосьці падобнае, бо гэта характэрная сітуацыя для любой невялікай краіны, мова якой мае складаную гісторыю.
“Мне цікава, як вы жывяце”
— Да гэтай паездкі я быў вельмі мала знаёмы з беларускім тэатрам. Напрыклад, ведаю, што Янка Купала — класік, але нічога не магу сказаць пра яго п’есы, бо не бачыў спектакляў па іх. Ведаю, што ў добрых тэатрах ідзе п’еса вашага сучаснага драматурга Андрэя Іванова “Гэта ўсё яна”. Чуў, што ў вас моцныя традыцыі рэпертуарнага тэатра. Канечне, я чытаў пра вашу краіну, але ўсё ж такі ў Эстоніі больш ведаюць пра тое, што адбываецца ў Латвіі, Літве, Фінляндыі, Швецыі, ЗША, Расіі ці Грузіі, але не тут. Чаму так адбываецца, не разумею. І лічу дзіўным, бо мы фактычна знаходзімся ў адной культурнай прасторы. З Эстоніі сёлета на ваш фестываль прыехала пяць чалавек — гэта таксама пра штосьці гаворыць. Адна з прычын, чаму я наведаў Беларусь — даведацца пра яе больш. Мне цікава, як вы жывяце, пра што думаеце і якое месца ў агульнай карціне займае тэатр.
“Прыемна ўражаны тым, што ўбачыў у Беларусі”
— Натуральна, усю праграму Belarus Open паглядзець не ўдалося — па некалькі спектакляў ішлі адначасова, таму скажу толькі пра тое, што ўбачыў.
Я не магу ведаць цалкам кантэкст і відавочныя для вас рэчы, але зразумеў, што “Кар’ера доктара Рауса” (Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, рэжысёр Аляксандр Гарцуеў) вельмі важны для вас спектакль. Яго герой — заснавальнік беларускага кнігадрукавання і чалавек, які паўплываў на вашу нацыянальную самасвядомасць. Не магу сказаць, што я моцна ўражаны, але мне сапраўды спадабалася гэтая пастаноўка, якая нагадала гісторыю Робін Гуда. У чымсьці яна павучальная, часам смешная, але ў той жа час раскрывае важныя пытанні для вас як для беларусаў. Рамантычная гісторыя пра тое, як ставіцца да людзей, асабліва да маладых, і пра тое, хто вы цяпер.
Гісторыя эстонскага пісьменства вельмі падобная да вашай. Першая кніга на нашай роднай мове была надрукавана дзесьці ў Германіі. І ў нас няма гэтай кнігі, бо яе знішчылі. Мы нават не ведаем, хто яе выдаў, а вы ведаеце. І гэта мяне кранула.
Таксама бачыў спектакль Anti[gone] (Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў “АРТ Карпарэйшн”, рэжысёр Аляксандр Марчанка). Ідэя спалучыць мінулае — тэкст “Антыгоны” Сафокла ў выкананні актрысы — і сучаснае — асабістыя расповеды звычайных людзей, якія задзейнічаны ў пастаноўцы — простая і зразумелая. Асаблівую атмасферу стварае само месца (Музей-майстэрня Заіра Азгура, дзе граецца спектакль), бо там шмат бюстаў і помнікаў — прывідаў мінулага.
Апошняя кніга нямецкага тэатразнаўцы Ханс-Ціса Лемана прысвечана трагедыі. Там напісана, што трагедыя — гэта адкрыццё цябе самога праз іншых людзей з твайго паўсядзённага жыцця. Усе мы робім рэчы, якія не прыносяць нам шчасця, але мы мусім іх рабіць — вось галоўная думка ў спектаклі. Не артысты, якія там граюць, робяць гэтае пасланне зразумелым кожнаму. Anti[gone] была простай і хвалюючай.
Прагляд “Лондана” (Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, рэжысёр Алена Сілуціна) для мяне цікавы вопыт, але часам акцёры нагадвалі артыстаў КВЗ. І мне не зразумелыя некаторыя культурныя моманты. Напрыклад, песня, якая так часта гучыць у спектаклі (“Каліна” Аляксандра Саладухі). Магчыма, гэты спектакль таксама чымсьці важны для вашай тэатральнай прасторы, але я гэтага не ўбачыў, знаходзячыся па-за кантэкстам. Агулам я прыемна ўражаны тым, што ўбачыў у Беларусі.
“Мы ўсе шукаем шлях быць людзьмі”
У Беларусі я турыст, які прыехаў на некалькі дзён, таму не магу даваць парады ці ацэнкі. Я не ведаю, лёгка тут жыць ці цяжка. Упэўнены, розныя людзі па-рознаму гэта на сабе адчуваюць. Калі я збіраўся ў Мінск на фестываль, мае чаканні перадусім былі звязаны з інтэрпрэтацыяй у тэатры сітуацыі, у якой вы зараз жывяце. Гэта самае цікавае, і гэта ёсць, напрыклад, у спектаклі пра доктара Рауса, але ў нас ёсць свой такі доктар. “Чайка” (Гродзенскі абласны тэатр лялек, рэжысёр Алег Жугжда) гэтаксама магла быць зроблена ў Эстоніі, а вось Anti[gone] можна граць дзе заўгодна — спектакль будзе зразумелы ў любой краіне на розных узроўнях, бо ў кожнага чалавека ёсць свая трагедыя. Вось чаму спектакль не толькі пра вас, але і пра мяне.
Безумоўна, як жыхары розных краін, мы жывем у розных сістэмах, але як людзі мы разумеем адзін аднаго паўсюль аднолькава. Тэатр — тое месца, дзе адбываецца скачок паміж гэтымі прасторамі. У добрым тэатры мы ўсе шукаем шлях быць людзьмі, даследуем месца і абставіны, у якіх жывем, межы мастацтва.