— Вы ладзіце мноства праектаў, вас можна пабачыць разам з Ванем на прэм’ерах у іншых тэатрах. Ці лёгка даецца сумяшчэнне мацярынства і творчасці?
— Цяжка на самой справе, але я прытрымліваюся меркавання, што дзіцяці неабходная ранняя сацыялізацыя. Канешне, не заўсёды сітуацыя дазваляе браць з сабой малечу, аднак я імкнуся па меры магчымасці. Яшчэ як была цяжарная, да апошняга працавала. Пасля ж нараджэння Вані рана распачала дастаткова бурную дзейнасць. Не магу сказаць, што гэта неразважліва.
— Не хацелася ўсё кінуць і пайсці на тры гады ў законны дэкрэтны адпачынак?
— Я не бачу ў гэтым сэнсу. Бо навошта марынаваць дома дзіця? Ванечка быў яшчэ немаўлём, калі я ўзялася за прапанову “Альфа-тэатра” — рабіла там шмат нумароў для другой часткі спектакля “Ноч для жанчын” па п’есе Нікаласа Рэда. Гэта было цяжкавата, бо неабходна было перапыняцца на кармленне, а часам…і не перапыняцца — працягваць рэпетыцыі з дзіцём на руках. І ўсё ж гэта не надта замінала рабоце. Што тычыцца падрыхтоўкі нашага спектакля “Весна священна ли…”, дык паўгадовы сын увесь час быў з намі, сядзеў у дзіцячым крэсле, натхняў.
Цяпер трохі складаней, бо Ваня ўжо і бегае, і лапоча нешта, раз-пораз крыху адцягваючы маю ўвагу. І ўсё ж я за тое, каб максімальна інтэграваць дзіця ў сваю асабістую прастору. Мне падаецца — гэта нармальна. Крута, калі твой сын мае зносіны з рознага ўзросту дзецьмі яшчэ дзесьці, акрамя пясочніцы. З гэтай мэтай, дарэчы, хачу знайсці для сабе розныя актыўнасці.
— На вуліцах горада мамы з малымі дзецьмі часам сутыкаюцца з азлобленай рэакцыяй. Людзей могуць раздражняць дзіцячыя эмоцыі, а таксама сітуацыі, калі маці корміць грудзямі немаўля. Тэатр пазбаўлены гэтых перадузятасцяў?
— Так. У мяне на гэты конт усе псіхалагічныя бар’еры хутка разбурыліся. Я не саромелася карміць ні ў парках, ні ў кавярнях, ні ў тэатры падчас рэпетыцый.
— Па вашым адчуванні, на дзіця ўздзейнічае тая творчая атмасфера, у якой яно аказваецца ледзь не з першых месяцаў жыцця?
— Сын прысутнічаў, канешне, не на ўсіх рэпетыцыях, але я бачу, што на ім гэта вельмі моцна адбілася. З’яўляюцца нейкія цікавыя рухі, развіваюцца асаблівыя адносіны да свайго цела, іншае стаўленне да люстэрка — мы ж рэпеціравалі перад люстэркам, а ён сядзеў да яго спінай, будучы нашым першым гледачом.
— У маім дзяцінстве для тэатральнай талакі было натуральным браць з сабой сыноў і дачок на рэпетыцыі, пакідаць іх у грымёрках падчас спектакля. Мне падаецца, цяпер у службовых калідорах тэатраў хіба зрэдку звіняць галасы малечы. Магчыма, тое стала не прынята…
— Я не магу казаць пра якую-небудзь тэндэнцыю ў гэтым кірунку, бо першы ванечкін год была вельмі моцна занураная ў свайго малога. Паралельна я праганялася ў нейкай акцёрскай працы, а ён за кулісамі чакаў мяне, спаў, пераходзіў з рук на рукі калег. Бываюць цудоўныя моманты. Напрыклад, калі я завітала з сынам да Жэні Карняга паглядзець яго спектакль “Латэнтныя мужчыны” — а там яшчэ тры акцёрскія дзіцяці. Мы шыкоўна тусаваліся ў РТБД са сваімі малымі.
— Ці сталі вы са з’яўленнем сына па-іншаму глядзець на свае даўнія работы? Магчыма, нешта змянілася ў падыходзе да новых праектаў?
— Гэта выявілася перш за ўсё ў тым, што я ва ўсім шукаю мэтазгоднасць. Пакуль, можа, не зусім атрымліваецца, але імкнуся даць сабе ўстаноўку не рабіць бессэнсоўных рухаў: не ўлазіць у тыя прапановы, якія мне не патрэбны. Магчыма, перагледзець сваю пазіцыю ў стварэнні работ, каб даводзіць пастаноўкі да больш шырокага кола гледачоў. Не хочацца так званага “мастацтва ў сабе”, а вельмі хочацца зрабіць вызначаныя крокі, але спачатку патрэбна спыніць творчую гонку, якая цяпер у мяне распачалася, і адпачыць ад усяго.
— Узнікла патрэба пераасэнсаваць сваю творчасць?
— Калі па шчырасці, мяне больш за ўсё сёння хвалюе маё месца ў прасторы. Як зрабіць так, каб прафесійную танцавальную суполку падтрымалі? У дзяржаўным тэатры тое складана: установа першапачаткова не прыстасаваная для ўтрымання такога калектыву. У нас ёсць пляцоўка ў Маладзёжным тэатры, хочацца пасябраваць з ёй з узаемнай карысцю. Але тут паўстае шмат пытанняў…
Можна ісці па пратаптаным шляху, які пракладзены аналагічнымі групамі ў Расіі і Украіне. Нават калі тэатр сучаснай харэаграфіі знаходзіцца пры якойсьці дзяржаўнай установе, ён усё ж мае патрэбу ў самастойнай назве, у асобнай рэкламе, у адміністратыўным корпусе. Мне бачыцца, што нельга збіраць гледача на альтэрнатыўныя спектаклі старымі метадамі праз распаўсюджвальнікаў білетаў ці ў надзеі на нейкае сарафаннае радыё. На тэатр сучаснай харэаграфіі ў рамках дзяржаўнага тэатра патрэбна рабіць дадатковы акцэнт па-за рамкамі агульнай афішы. Бо мы, у пэўнай меры, знаходзімся ў інфармацыйнай блакадзе. Пра нас нічога не ведаюць! Адчуваю, трэба даць сабе крыху паветра, расставіць прыярытэты і прыдумаць, як зрабіць так, каб змяніць сённяшні стан рэчаў.
— Не было жадання распачаць праект, звязаны з дзецьмі?
— У мяне ёсць думка даваць урокі па contemporary dance для маці з дзецьмі. Як вядома, у малых можна многаму навучыцца ў плане пластыкі, бо яны — да двух гадоў дакладна — рухаюцца вельмі эрганамічна. Малеча ж толькі знаёміцца з гравітацыяй, з раўнавагай, са сваім становішчам у прасторы. Дзеці не дапускаюць балючых рухаў, таму ў гэтым плане існуюць больш натуральна. Назіранні не новыя, яны даўно выкарыстоўваюцца ў танцавальна-рухальнай тэрапіі, кантактнай імправізацыі і ва ўсіх цялесных практыках.
Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА