Коміны былых дасягненняў
Амбасада Рэспублікі Польшча ў нашай краіне запрасіла журналістаў айчынных мас-медыя на азнаямленчы візіт у Лодзь — пабрацім Мінска. Горад, заснаваны ў ХІІІ стагоддзі, у 1820 годзе быў афіцыйна названы фабрычным. І сапраўды, невялікае мястэчка на вачах ператваралася ў цэнтр тэкстыльнай прамысловасці. Гэты перыяд апісаны ў рамане нобелеўскага лаўрэата Уладзіслава Рэйманта, які стаў літаратурнай асновай кінастужкі Вайды. Толькі апынуўшыся ля тых велічных сцен, што патрапілі ў кадры польскага кінакласіка, разумееш маштабы прамысловай рэвалюцыі: фабрычныя гіганты займалі дзясяткі гектараў, рэкорд жа пабіла баваўняная фабрыка Карла Шэйблера, якая раскінулася на 500 га — па сутнасці, на 14% тэрыторыі горада!
І ўсё ж, прамысловы размах не змог забяспечыць Лодзі бясхмарнае жыццё. У выніку новых эканамічных павеваў фабрыкі сталі занепадаць, і неўзабаве калісьці залатаносныя будынкі паглядалі на новых жыхароў горада пустымі вачніцамі вокан. Тады надламаныя адсутнасцю жыцця фасады і кульгавыя лесвіцы цешылі вока адно толькі студэнтаў вядомай на ўвесь свет кінашколы Лодзі (сённяшнюю вышэйшую Дзяржаўную школу кіно, тэлебачання і тэатра імя Леона Шылера скончылі ў свой час такія знакамітасці, як Раман Паланскі, Кшыштаф Занусі і той жа Анджэй Вайда).
Над адным з буйнейшых горадоў Польшчы дамоклавым мячом вісеў лёс амерыканскага Дэтройта, але ў ХХІ стагоддзі палякі знайшлі свой адметны шлях: у Лодзі ва ўсіх на вуснах слова “рэвіталізацыя”, якое ў дадзеным выпадку азначае наданне індустрыяльным аб’ектам новага жыцця.
Арт-прастора замест станкоў
Непадалёк ад асноўнай турыстычнай вуліцы Пётркоўскай пуставала фабрыка Ізраэля Пазнаньскага. Калі палацу фабрыканта — эклектычнаму лодзенскаму “Луўру” —яшчэ ў 1975 годзе знайшлі прымяненне ў якасці Музея гісторыі горада, то прамысловыя карпусы былога гіганта былі незапатрабаванымі амаль да Міленіума. Тады тэрыторыю выкупіла французская кампанія і занялася карпатлівай рэвіталізацыяй цэхаў. У выніку адкрылася “Мануфактура” — комплекс з 13 гістарычных будынкаў і навабуду гандлёвага цэнтру. За 11 гадоў свайго існавання яна паспела атрымаць прэстыжную ўзнагароду Польскай турыстычнай арганізацыі і ўвайшла ў склад сеткі ERIH (Еўрапейскі маршрут індустрыяльнай спадчыны).
Відавочна, што поспех комплексу — у ідэальным спалучэнні камерцыйных аб’ектаў з культурнымі ўстановамі. Мяркуйце самі: сёння ў друкарні, дзе калісьці наносілі фарбавыя адбіткі на тканіны, побач з танцавальнымі студыямі, інтэрактыўным музеем навукі, іншымі турыстычна-забаўляльнымі цікавосткамі дзейнічае змястоўны Музей фабрыкі са 140-гадовымі ткацкімі станкамі. Шмат старадаўніх будынкаў займаюць рэстараны, сувенірныя крамы, фітнэс-цэнтры. У прадзільным цэху, дзе некалі Вайда здымаў уражвальныя прамысловыя сцэны, — эксклюзіўны гатэль і канферэнц-цэнтр. На тэрыторыі ёсць таксама шматзальны кінатэатр, тэатральная пляцоўка, названы вышэй Музей горада Лодзі з цудоўнай лаўндж-зонай у садах палаца Пазнаньскага і Музей мастацтваў MS2.
Апошні месціцца ў былым ткацкім цэху, прапануючы наведвальнікам калекцыю сучаснага мастацтва. У ёй, дарэчы, нямала работ Уладзіслава Страмінскага — знакамітага авангардыста і тэарэтыка ўнізма, які нарадзіўся ў Мінску. Калекцыя сучаснага мастацтва таксама прадстаўлена і ў палацы Пазнаньскага, дзе беларусам будуць асабліва цікавыя арыгіналы Марка Шагала.
У “Мануфактуры” я бачу магчымую будучыню для вуліцы Кастрычніцкай у Мінску, для шматлікіх беларускіх райцэнтраў з закінутымі прамысловымі будынкамі, якім так і не знаходзіцца прымянення. Зразумела, Лодзь — не першапраходзец у рэвіталізацыі індустрыяльных аб’ектаў: з варыянтамі іх перапрафілявання можна сутыкнуцца ў многіх краінах свету. Сутнасць польскага ўзору — у падтрымцы камерцыйнымі ўстановамі культурных феноменаў. Гэта той выпадак, калі грошы, укладзеныя адной кампаніяй, пачынаюць прыцягваць у горад дадатковае фінансаванне з розных крыніц, якое накіроўваецца на іншыя тамтэйшыя праекты. У выніку, горад паступова змяняе сваё аблічча і культурнае напаўненне.
Электрастанцыя ад Дэвіда Лінча
Будынак першай гарадской электрастанцыі Мінска разабралі пад узвядзенне гатэлю, які дасюль так і не адкрыўся. У цэнтры Лодзі выспа непрацуючай электрастанцыі, якая давала гораду энергію з 1907 па 2001 год, доўгі час муляла вока гараджанам.
Журналісты з Беларусі сталі аднымі з першых наведвальнікаў перабудаванага аб’екту: для шырокай публікі цэнтр яшчэ не адкрыты. Муры электрастанцыі і комін пакінулі ў першапачатковым выглядзе, упісаўшы іх у сучасную архітэктуру. Рэвіталізацыя закранула не толькі будынак, але і вялікую прылеглую тэрыторыю, на якой з’явіліся рэкрэацыйныя зоны і арт-аб’екты ў індустрыяльным стылі. Праект даверылі вядомаму архітэктару з Люксембурга Робу Крые. Той падчас працы шмат раіўся з польскімі і замежнымі дызайнерамі, а таксама з выдатнымі дзеячамі мастацтва — у прыватнасці, з самім Дэвідам Лінчам!
Кіраўнік аддзела маркетынгу ЕС-1 Міхал Кендэрскі распавядае, што комплекс гатовы недзе на 70%: “Працуе ўжо ўсходняе крыло з канферэнц-заламі для дзелавых сустрэч, заходняе крыло з інтэрактыўным Музеем навукі і тэхнікі, які дазволіць дзецям і дарослым даведацца пра здабычу энергіі, пра розныя хімічныя і фізічныя працэсы. Яшчэ праз два гады завершыцца будаўніцтва Нацыянальнага цэнтра кінамастацтва”. Нездарма назва цалкам гучыць, як “ЕС-1 — Лодзь — Горад культуры”.
Яшчэ тут будзе дзейнічаць найсучасныя планетарый і кінатэатр, тэатральная пляцоўка, цэнтр коміксаў і камп’ютарных гульняў. Былую машынную залу пакінулі амаль не кранутай, толькі пад самай столлю дадалі шкляную канструкцыю для бізнес-перамоў. Па словах спадара Міхала, кафля на сценах і падлозе захавалася са старых часоў, месцы, дзе раней стаяла прамысловае абсталяванне, абазначаны драўлянымі насціламі. Асабліва ўражвае арыгінальная дубовая лесвіца з парэнчамі ў стылі арт-нуво. Сёння яна стала дэкарацыяй для шматфункцыянальнага памяшкання: тут можна даваць спектаклі, ладзіць канферэнцыі ці навукова-асветніцкія выставы.
Пакуль велічная тэрыторыя пустуе, аднак нешта мне падказвае, што электрастанцыя, якая яшчэ дзясятак гадоў таму псавала аблічча цэнтра, у хуткім часе стане адметнасцю горада, па якой Лодзь будуць пазнаваць у свеце.
Схаваць вакзал, каб…
…знайсці ў цэнтры горада тэрыторыю ў 100 гектараў пад новыя аб’екты. Напрыклад, для мерапрыемстваў выставы International EXPO-2022, на правядзенне якой Лодзь падала заяву і стала асноўным кандыдатам — нароўных з аргентынскім Буэнас-Айрасам і амерыканскім Мінеапалісам. Як паведаміла журналістам супрацоўнік аддзела EXPO-2022 мэрыі Лодзі Марта Пжывара, перабудова чыгуначнай станцыі “Лодзь фабрычная” падаравала гараджанам не толькі самы сучасны вакзал у Еўропе, але і абшар, на якім ствараецца новы цэнтр старадаўняга горада. “Гэта дае нам рады збалансаваць для гараджан працоўныя магчымасці і культурны адпачынак. А ў дачыненні да EXPO — сканцэнтраваць асноўныя мерапрыемствы міжнароднай выставы на адной тэрыторыі”, — дадала суразмоўца.
Першы віцэ-мэр Лодзі Томаш Трэла бачыць у магчымай перамозе шыкоўны патэнцыял: “Дадатковае фінансаванне паскорыць перапрафіляванне і рэстаўрацыю былых прамысловых комплексаў. 80% будынкаў, якія рыхтуюць да міжнароднай падзеі, будуць надалей эксплуатавацца горадам. Да ўсяго, сусветная падзея прывядзе ў Лодзь шмат турыстаў”.
Ужо сёння пры грашовай падтрымцы Еўрасаюза рэвіталізацыя пашырылася з адзінкавых аб’ектаў на цэлыя кварталы. У новым цэнтры ўзводзіцца “Брама места” — бізнес-цэнтр з прыцэлам на буйныя кампаніі, што прывядуць за сабой у Лодзь новыя інвестыцыі. Стварэнне годнай інфраструктуры прывабіла ў горад, які знаходзіцца ўсяго ў гадзіне язды ад Варшавы, сур’ёзных гульцоў. У Лодзі пачалі адкрывацца філіялы вялікіх кампаній, і гэта змяніла характар міграцыйных працэсаў: 20 гадоў таму мясцовыя жыхары за лепшай доляй цягнуліся ў сталіцу, сёння ж многія офісныя работнікі прыязджаюць з Варшавы ў цэнтр суседняга ваяводства. Вось яшчэ адзін просты сакрэт, як выратаваць малыя беларускія гарады ад відавочнай залежнасці ад Мінска.
Разумею, што ў Барысаве, Слуцку ці іншым беларускім райцэнтры не той размах прамысловых аб’ектаў ды крыніц фінансавання (у параўнанні з Еўрасаюзам), але прыклад Лодзі ўсё адно можа быць для нас карысным. Багатая гісторыя і наватарскі погляд на захаванне прамысловай спадчыны здатныя прыцягнуць у горад людскія рэсурсы, пазабюджэтнае фінансаванне і адначасова даць штуршок для новага вітку развіцця культурных аб’ектаў па-за межамі сталіцы.