— Фестываль праводзіцца раз на 3 гады — беларусы, якія жывуць за мяжой, захоўваюць і прасоўваюць там беларускую культуру, з вялікім задавальненнем вяртаюцца на радзіму, каб падзяліцца сваім мастацтвам, — нагадала дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Вольга Антоненка. — Яны спяваюць беларускія песні, граюць музыку, выконваюць танцы, шыюць нацыянальныя касцюмы. Гэта дазваляе ім падтрымліваць духоўную сувязь са сваёй радзімай, знаходзячыся далёка ад яе. Усяго ў розных краінах пражывае больш за тры мільёны нашых суайчыннікаў. І такое свята дае магчымасць беларусам замежжа сустрэцца на роднай зямлі.
Сёлета самая вялікая колькасць удзельнікаў прыехала з Расіі. Сярод іх — Анастасія Дзяменцьева, якая стварыла ў Навасібірску цэнтр беларускай культуры. І ў ім яна не толькі дырэктар, але яшчэ і салістка.
— Мне пашанцавала, і я ўжо ў трэці раз прадстаўляю Навасібірск на гэтым фестывалі, — распавяла Анастасія. — У нас у Сібіры ёсць аўтэнтычная вёска Каўбаса, дзе жывуць 300 беларусаў і ў якой захаваўся іх уклад жыцця. У мяне ёсць магчымасць паглядзець на іх, вучыцца і захоўваць беларускую гаворку ў Сібіры. Я заўсёды вяртаюся ў Мінск з асаблівым пачуццём. Узровень мерапрыемства з кожным годам становіцца ўсё вышэй, а калектывы яшчэ лепш і ярчэй. Гэта выдатны фестываль, які збірае беларусаў з розных куткоў свету ў адным месцы — Мінску.
У беларускую сталіцу прыехалі і вакалісты з эстонскага горада Тарту — трыа “Спадкі”.
— Мы вельмі часта выступаем у розных месцах на фестывалях, дзе спяваем беларускія песні, але вярнуцца ў Мінск — гэта заўжды глыток свежага паветра, — адзначылі эстонскія ўдзельнікі. — Кожны раз мы рыхтуемся да фестывалю і прадумваем, што будзем спяваць тут. Такое свята патрэбна і тым беларусам, якія жывуць за мяжой, і тым, хто жыве ў Беларусі, — яно аб’ядноўвае. Адзінае, што можна было б удасканаліць у фестывалі: дадаць больш аўтэнтычнасці.
Песні, танцы, нацыянальныя касцюмы. Кожны раз фестываль збірае ўсё больш калектываў з розных куткоў свету. І даруе свята жыхарам Беларусі. У наступны раз яно адбудзецца ў 2020 годзе.
Іна КОРСАК