Адначасова горад святкаваў сваю 1155-ю гадавіну і 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, якое распачаў славуты Палачанін. Пералічваць святочныя мерапрыемствы няма патрэбы. Тэлебачанне і штодзённая прэса далі магчымасць усім беларусам стаць гледачамі і адчуць сябе ўдзельнікамі гэтай вялікай падзеі. Менавіта вялікай, бо на дзяржаўным узроўні “на свет цэлы”, так што пачула ўся нацыя і суседзі, сцвярджальна прагучала тэза “Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці”, і побач са старажытнымі мурамі Сафіі паўстаў манументальны памятны знак у гонар першай гістарычнай сталіцы Беларусі.
Алгарытм Дзён пісьменства ўжо распрацаваны, і рэжысура гэтых святаў, што ладзяцца з 1994 года, у розных гарадах збольшага падобная. Хоць, зразумела, для кожнага горада Дзень пісьменства — гэта магчымасць засведчыць сваю ўнікальнасць, непаўторнасць, самабытнасць. І нагадаць жыхарам сталіцы вандроўнага свята, што ў суверэннай Беларусі няма правінцыі. Што мець крэўнае ці духоўнае дачыненне да Полацка, Турава, Навагрудка, Нясвіжа, Пінска, Заслаўя, Нясвіжа (спіс можна доўжыць амаль бясконца) гэтаксама ганарова і прэстыжна, як і быць мінчуком.
Свята пісьменства — гэта гістарычныя рэканструкцыі і навуковыя канферэнцыі, літаратурна-музычныя імпрэзы і мастацкія выставы, набажэнствы ў храмах розных канфесій і выступы сталічных артыстаў пад адкрытым небам. А яшчэ гэта дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі, разгорнутыя наўпрост на гарадскіх плошчах; цэлыя вуліцы, ператвораныя ў гандлёвыя рады, святочны настрой мясцовага люду і гасцей. Зрэшты, напярэдадні свята камунальныя службы, да работы якіх у падаткаплацельшчыкаў звычайна бывае нямала нараканняў, завіхаюцца, як на камуністычным суботніку, і даводзяць горад да бляску, максімальна магчымага ў межах мясцовага бюджэту і выдаткаваных цэнтрам сродкаў. Прасцей кажучы, свята нацыянальнага маштабу гораду на карысць, а жыхарам на радасць.
Цікавай, вартай вандроўкі па выставачных залах краіны і сумежных Расіі і Украіны падалася мне выстава, на якой мастакі трох краін, што выйшлі з гістарычнай Русі, прадставілі зробленыя з натуры выявы трох Сафійскіх сабораў — полацкага, кіеўскага, наўгародскага. У дні свята ў цэнтры горада пад адкрытым небам усталявалі “Горад у макетах” — выкананыя полацкімі школьнікамі копіі самых значных у архітэктурным і горадабудаўнічым сэнсе будынкаў (як існых, так і страчаных). Самі ж аўтары макетаў былі на выставе і кансультантамі-экскурсаводамі. І, відавочна, ганарыліся сваім унёскам у свята роднага горада.
Уразіла ўрачыстае адкрыццё Дня беларускага пісьменства — выдатна зрэжысіраваная літаратурна-мастацкая кампазіцыя, дзе гарманічна спалучаліся спевы, харэаграфія, тэатральная дзея, відэа-арт. Падлетак у нацыянальнай кашулі чытаў са сцэны прадмову Францішка Багушэвіча да “Дудкі беларускай”, дзе ёсць словы “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!”, а ў гэты момант дзеці ўзросту пачатковай школы і артысты харэаграфічнага ансамбля ўздымалі над галовамі беларускія буквары — такая сцэна здольная расчуліць нават самага суровага патрыёта.
Кульмінацыя — з’яўленне на галоўнай сцэне свята ўзноўленага Крыжа Святой Ефрасінні. Публіка стоячы вітала святыню.
Палачане надалі святу мясцовы каларыт. Найперш я згадаю больш шырокі, чым ў іншых сталіцах свята, удзел у праграме клубаў гістарычнай рэканструкцыі. Увесь светлавы дзень 1 верасня ў паркавай зоне Кургана Бессмяротнасці рыцары ладзілі для публікі відовішчы ў сярэднявечным стылі. Закаваныя ў даспехі ваяры аздобілі сваёй прысутнасцю і чынным удзелам таксама і цырымонію адкрыцця памятнага знака ля Сафіі.
Цудоўным падарункам гараджанам і гасцям стала прэзентацыя ў Музеі беларускага кнігадрукавання “Малой падарожнай кніжкі” Францыска Скарыны з калекцыі Белгазпрамбанка. Рарытэт ляжаў пад шклом у вітрыне, а “гартаць” яго старонкі можна было на экране. Спалучэнне звыклых форм экспанавання з лічбавымі тэхналогіямі — справа для нашых музейшчыкаў адносна новая. І добра, што апрабаваная ў адным з лепшых музеяў краіны на адным з галоўных святаў дзяржавы. Я бачыў, з якім захапленнем “гарталі” кнігу дзеці — хаця ў звычайным, класічным музеі ім нярэдка бывае сумнавата.
Цікавых імпрэз было настолькі шмат, што гледачам пастаянна даводзілася выбіраць: канцэрт ці выстава, інтэрактыўнае шоу ці навуковая канферэнцыя, музей ці кірмаш сувеніраў.