Пра вянок на даху, белагурнаўскіх пеўняў ды кветкавае свята

№ 29 (1312) 22.07.2017 - 28.07.2017 г

“К” некалькі разоў пісала пра дырэктара Гацукоўскага СДК, што ў Слуцкім раёне, Паліну Панамарову — маладога спецыяліста і выхаванку кафедры менеджменту сацыяльна-культурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Чарговая навіна прыйшла з сацыяльных сетак. У Мялешкаўскім цэнтры культуры і дасугу прайшоў конкурс сельскіх дыджэяў. Удзельнічалі ў ім прадстаўнікі вёсак Гацук, Казловічы, Лучнікі, Мусічы. Лепшай аказалася Паліна Панамарова. Спалучэнне маладосці, адукацыі і амбіцыйнасці заўжды перамагае. Так трымаць і надалей, Паліна!

/i/content/pi/cult/648/14397/24.jpgМіжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” — мерапрыемства шматструктурнае. Таму ў шчыльным фестывальным графіку месца знайшлося і абласному святу-конкурсу тэатраў мод “Модны дывертысмент”. Пра гэта напісаў наш пастаянны аўтар Андрэй Струнчанка. “Свята арганізавалі галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, — распавядае ён, — ды абласны метадычны цэнтр. У “Модным дывертысменце” бралі ўдзел студыі касцюма, аб’яднанні мадэлявання і канструявання адзення, усяго — 22 калектывы. У намінацыі “Спадчына” прэзентаваліся калекцыі традыцыйнага народнага касцюма або яго элементаў. Намінацыя “Сучаснасць” была прадстаўлена вырабамі падлеткавага і маладзёжнага адзення. Гран-пры атрымаў узорны тэатр моды “Топ-топ” з Наваполацка.

Яшчэ адна навіна ад Андрэя Струнчанкі. Яна таксама тычыцца шматграннасці "Славянскага базару…" У яго рамках адбыўся турнір народных танцаў. У ім прымалі ўдзел амаль 70 пар з усіх рэгіёнаў Віцебшчыны. Танцоры выконвалі “Кракавяк”, “Падэспань”, “Ойру”, “Лявоніху”… Уладальнікам Гран-пры стаў калектыў з Лёзненскага раёна. Адметны мясцовы танец прэзентаваў Віцебскі раён, а лепшая балетмайстарская пастаноўка — у фальклорнага тэатра з Глыбокага.

/i/content/pi/cult/648/14397/25.jpgДырэктар Навагрудскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Кавальская распавядае пра тэатралізавана-абрадавае свята “Пятроўскі вянок”. Адбылося яно ў аграгарадку Пятрэвічы. Тут спрадвеку адзначалі свята Пятра і Паўла. Таму пасля царкоўнай службы ўсе сабраліся на цэнтральнай плошчы. Рэй вялі работнікі мясцовага СДК. Па традыцыі самым гасцінным гаспадарам на дах дома быў закінуты вянок. Чым даўжэй ён там праляжыць, тым больш дабра будзе ў сям’і. Правесці канцэрт мясцовым самадзейным артыстам дапамаглі аматарскія калектывы з Навагрудка.

Пра яшчэ адно свята напісала нам Настасся Голуб. Гэта Свята Пеўня ў аграгарадку Белагурна Дзятлаўскага раёна. Многія, напэўна, забыліся, што 2017-ы — год Вогненнага Пеўня. Белагурнаўцы пра гэта нагадалі. Такім чынам рэалізоўваецца праект “Дбайных людзей славім — весела час бавім”. Вяскоўцы падрыхтавалі выставу лепшых пеўняў, прапанавалі нацыянальныя стравы і сувеніры. Вясёлая эстафета прайшла паміж камандамі сельгаспрадпрыемстваў раёна. Пераможцы атрымалі ў падарунак пеўня. Артысты з Дзятлаўшчыны далі канцэрт.

Інфармацыя ад метадычнай службы Ашмянскага раённага цэнтра культуры. Гаворка пра чарговае брэндавае мерапрыемства. У аграгарадку Кракаўка адбылося свята кветак. Мерапрыемства скіравана на развіццё культуры кветкаводства і ландшафтнага дызайну сельскіх тэрыторый. Ля СДК прайшла тэатралізацыя. Выстава кніг і плакатаў давала максімальную інфармацыю пра кветкі. А яшчэ вяскоўцы спаборнічалі ў лепшым дызайнерскім рашэнні прысядзібнага ўчастка. Валянціна Свірская і Валянціна Пакульневіч правялі майстар-класы.

Яшчэ адно брэндавае свята “вырасла”, як піша вядучы метадыст Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Некраш, у аграгарадку Крупава. Чаму брэнд менавіта яйка? Ды таму што карыснае ды таннае, а яшчэ — добрая палова жыхароў вёскі працуе на птушкафабрыцы. Вось вам і курачка Раба на новы лад. Менавіта так называецца пастаноўка народнага тэатра “Бераг” Мінойтаўскага культурна-дасугавага цэнтра, што была паказана на свяце. У канцэртнай праграме былі заняты таксама артысты Бярозаўскага, Ганчарскага, Крупаўскага дамоў культуры.

У суботу і нядзелю ля возера Літаўка, што на Навагрудчыне, пройдзе рэгіянальны фестываль-конкурс бардаўскай песні памяці Уладзіміра Высоцкага “Музыка сэрцаў”. У праграме — літаратурна-музычныя выступленні, канцэрт і дыскатэка пад адкрытым небам. Адбудзецца і цырымонія перадачы экспанатаў, звязаных з жыццём Высоцкага, гасцініцы “Навагрудак”, дзе спыняўся знакаміты бард./i/content/pi/cult/648/14397/26.jpg

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"