Цяжкая навука — свабода…

№ 29 (1312) 22.07.2017 - 28.07.2017 г

Думка, на якую навяла Рэспубліканская маладзёжная выстава Open Youth
Кожнаму спартоваму заўзятару вядомая сітуацыя, калі любімую каманду, якая летась радавала сваіх фанатаў, у новым сезоне нібыта падмянілі. Ні куражу, ні спартовай злосці, ні прагі перамог. Толькі і глядзі, як бы з вяршыні турнірнай табліцы не скацілася на ніжнія радкі. У тое, што бачыш, не хочацца верыць. І тады пачынаеш шукаць апраўданні сваім улюбёнцам. Маўляў, стаміліся. Да таго ж, ідзе змена пакаленняў: майстры сваё збольшага адыгралі, але мацуюцца юніёры — так што хутка зноў пабачым свой сцяг над п’едысталам гонару. Уся надзея на моладзь — таленавітую і амбіцыйную! Тое самае адбываецца і ў іншых сферах. Асабіста я на кожнай абароне дыпломаў у нашай мастацкай акадэміі, на кожнай маладзёжнай выставе шукаю знакі будучага трыумфальнага прарыву Беларусі ў сусветную культурную прастору. Але, на жаль, часта даводзіцца канстатаваць, што… дай Божа нашаму мастацтву сёння хаця б на ўласнай зямлі захаваць пазіцыі, заваяваныя мэтрамі савецкай эпохі.

/i/content/pi/cult/648/14395/19.jpgРэспубліканская маладзёжная выстава Open Youth, на маю думку, здольная выклікаць у аматараў хіба што пачуццё роспачы. Я не стаўлю пад сумнеў прафесіяналізм маладых мастакоў, іх здольнасць пакласці правільны мазок ці штрых у патрэбную кропку. Мне прыйшліся даспадобы прыгожыя эскізы Юрыя Сяргейчыка да фільма “Айцец Сергій”, партрэт дзіцяці работы Кацярыны Радзівонавай, сюжэтна-партрэтная кампазіцыя Юліі Нявейка “Вясна з-за мора”, краявід Бялынічаў Наталлі Мураўёвай, “Забытая вёска” Веры Каўзаноўскай, графічны аповед пра Ікара Глеба Сідарэнкі, мастацкі тэкстыль Хрысціны Высоцкай, анімалістычныя скульптуры Марыны Баранчык. Гэта густоўныя рэчы, якімі можна ўпрыгожыць інтэр’ер. Штосьці з пералічанага пасавала б жытлу, штосьці офісу. Ёсць на выставе і іншыя творы, вартыя таго, каб ля іх спыніцца. Маляваць, пісаць, ляпіць маладыя мастакі ўмеюць — дзякуй Акадэміі. Толькі вось пасля наведвання выставы ў мяне не ўзнікла жаданне патэлефанаваць сябрам, каб падзяліцца ўражаннямі ад пабачанага і параіць ім абавязкова яе наведаць. Ды і сам я туды другі раз не пайду.

У гэтым звязку я згадваю сябе ў той час, калі мне было столькі гадоў, як сённяшнім удзельнікам выставы — і ўвогуле той час. Тады ў выніку крызісу сацыялістычнага рэалізму і паслаблення ідэалагічных лейцаў у мастацтва пад выглядам наватараў і авангардыстаў панабегла процьма амбіцыйных дылетантаў. Для іх адкрылася экспазіцыйная прастора, газетныя палосы, калі-нікалі ім шчасціла нават трапіць на тэлеэкран. Падыходзіць да іхніх опусаў паводле крытэрыяў прафесійнага мастацтва нават не мае сэнсу. Але штосьці ў работах тых нефармалаў і кранала, і чапляла. Нездарма сваімі папярэднікамі ў мастацтве яны лічылі Шагала і Малевіча. Урэшце, гэта была спроба гаварыць пра набалелае — і, што вельмі важна, набалелае не толькі мастакам, але і гледачам. Прытым, што мастацтвам рыторыкі аракулы сацарту ад андэграўнда за рэдкім выключэннем зусім не валодалі. Дык вось, на тыя выставы я і хадзіў па другім разе і сяброў запрашаў. Бо гэта была падзея — можа, і не зусім мастацкая.

Я не фанат Шагала і Малевіча, рэвалюцыйнага авангарду 20-х гадоў мінулага стагоддзя, ды і эстэтыка блізкага нам па часе сацарта ўяўляе для мяне чыста гістарычную цікавасць. І згадваю гэтыя асобы і з’явы выключна дзеля таго, каб давесці, што мастацтва мусіць мець нерв, а якой вобразнай і эстэтычнай сістэмай карыстаецца творца і нават ці ўмее ён увогуле маляваць — справа другасная.

Ад арганізатараў выставы я чуў, што было сур’ёзнай праблемай сабраць творы для экспазіцыі. Калі на выставе прадстаўлена лепшае, дык можна ўявіць узровень адхіленага. Трапілі нават работы, якія не прайшлі адбору на нядаўнюю выставу партрэта. Ды што казаць, калі рэгіянальныя выставы, творчыя справаздачы абласных арганізацый Саюза мастакоў значна цікавейшыя за гэтую рэспубліканскую падзею.

Можа, варта казаць пра недапрацоўку секцый творчага саюза. Можа, няўдала абраны час для выставы. Лета ў мастакоўскім асяродку звыкла лічыцца “мёртвым сезонам”. Да прыкладу, ладзіць сваю персаналію ў летнія месяцы мастак пагодзіцца, толькі калі выйсця няма, калі альтэрнатыва — вылет са звярстанага плана дзейнасці Саюза ў далёкую і няпэўную перспектыву.

/i/content/pi/cult/648/14395/20.jpg

Калі ж сваімі развагамі пра прычыны няўдачы рэспубліканскай маладзёжнай выставы я падзяліўся са сваім сябрам, выкладчыкам мастацкай акадэміі, той адказаў, што прычына не ў арганізацыйных акалічнасцях — яна куды больш глыбокая. Відаць, большасць удзельнікаў скончылі акадэмію нядаўна. А па ягоных назіраннях за студэнтамі можна зрабіць высновы, што самае цяжкае для маладога мастака не набыццё прафесійных навыкаў (за 5 — 6 гадоў маляваць навучышся), але сама настроенасць на творчасць. Дакладней, на творчую свабоду. Прапануй студэнту самому выбраць тэму курсавога ці дыпломнага праекта і выканаць яго ў адпаведнасці з уласнымі ўяўленнямі пра прыгажосць (калі гаворка ідзе пра выяўленчае мастацтва) або пра функцыянальнасць (калі пра дызайн) — і вялікая верагоднасць, што студэнт праект заваліць. Вось і даводзіцца весці яго за руку аж да дыплома. Для тых, каму свабода непатрэбна, без кіраўніка не абысціся. А малады мастак ад студэнта не надта адрозніваецца.

На пачатку нататкаў я згадваў спорт, дзе змена пакаленняў часта бывае балючай для сэрца заўзятара. Сёння ў выяўленчым мастацтве Беларусі рэй па-ранейшаму вядзе “зборная майстроў” — творцаў, чые імёны на слыху не адно дзесяцігоддзе. Гэта асобы, якім сваё права на свабоду давялося сцвярджаць ва ўмовах далёка не простых. А як наконт змены? Ці ёсць сярод “юніёраў” асобы, здольныя ўзняцца ў сваёй галіне, так бы мовіць, да алімпійскай планкі — прытым, што яны ад пачатку больш свабодныя ў выбары ўсіх чыннікаў творчага працэсу і канкрэтнай мэты творчасці, чым іхнія папярэднікі.

Відаць, мой сябар мае рацыю, калі лічыць, што “юніёры” не імкнуцца да творчай самарэалізацыі, і самая цяжкая навука для іх — свабода. На жаль, выстава, якую я бачыў, пацвярджае ягоныя думкі.

А можа, усё-такі проста не сезон? Сіеста… Хочацца ў адпачынак, і ніякія слушныя думкі ў галаву не ідуць і на палатно ці аркуш не кладуцца. Пачакаем халадоў…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"