Пра з’езд, які быў і які будзе

№ 29 (1312) 22.07.2017 - 28.07.2017 г

З’езды беларусаў свету… Вельмі важна, што яны ладзяцца і пераўтвараюцца ў сапраўдныя форумы. Магу зацвердзіць гэта з асабістага досведу, бо давялося быць на пяці, у тым ліку і на першым у 1993 годзе. У сёлетнім сёмым з’ездзе прымалі ўдзел звыш 250 дэлегатаў з 20 краін. Гэтым разам дэвіз мерапрыемства быў “Беларуская нацыя, беларуская дзяржаўнасць, беларускае замежжа — выклікі сучаснасці і стратэгія развіцця”. Тэматыка, на мой погляд, вызначана вельмі дакладна, бо кожнае з пытанняў — надзённае ды актуальнае.

/i/content/pi/cult/648/14390/13.jpgТадэвуш СТРУЖЭЦКІ,
намеснік старшыні Беларускага фонду культуры

У рабоце з’езда прынялі ўдзел міністр замежных спраў Уладзімір Макей, кіраўнікі міністэрстваў і многіх грамадскіх арганізацый, што было вельмі станоўча ацэнена выступоўцамі. Беларуская дыяспара мае вялікі патэнцыял. Сістэмнае супрацоўніцтва з ёю — вельмі неабходнае для культурнага, сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. Гэта каштоўны рэсурс, які павінна скарыстаць беларуская дзяржава. Між тым, пакуль ён выкарыстоўваецца слаба. І ў многіх выступленнях гучала тэма кансалідацыі — і ўнутры дыяспары, і з уладнымі структурамі краіны. Безумоўна, крокі насустрач нам неабходна рабіць адначасова.

Дыяспара перажывае цяпер няпросты час. Адбываецца старэнне, прыток моладзі — невялікі, плюс несупынная асіміляцыя. Дыяспару трэба ратаваць і падтрымліваць. А сёння за межамі Радзімы пражывае ад 3 да 4 мільёнаў беларусаў!

Карысна тое, што на з’ездзе гучалі ўзважаныя прапановы па каардынацыі дзейнасці беларускіх суполак за мяжой, па актывізацыі супрацоўніцтва. На мой погляд, найбольш важна — распрацаваць дзяржаўную стратэгію ўзаемадзеяння. Гаворка пра комплекс прававых, эканамічных, дыпламатычных, адукацыйных, культурных і арганізацыйных высілкаў па захаванні беларускасці, па забеспячэнні сістэмнага ўдзелу дыяспары ў вырашэнні жыццёва важных для Беларусі пытанняў.

Ключавымі складнікамі названай канцэпцыі (і гэта актыўна абмяркоўвалася на з’ездзе) павінны стаць пабудова ўзаемных менавіта даверлівых стасункаў, заахвочванне дыяспары для ўдзелу ва ўнутраным і знешнім жыцці Беларусі, падтрымка землякоў і стварэнне адпаведных інстытуцый (да прыкладу, культурна-інфармацыйнага цэнтра беларусаў замежжа “Беларускі дом” у Мінску), пашырэнне правоў і магчымасцяў беларускай дыяспары для больш эфектыўнага выкарыстання яе рэсурсаў, у тым ліку — інвестыцыйных.

На з’ездзе былі прыняты рэзалюцыя, звароты да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў, Нацыянальнага сходу. А сам форум быў станоўча ацэнены і дэлегатамі, і прадстаўнікамі дзяржаўных органаў. Вельмі хацелася, каб наступны з’езд праходзіў і ў больш шырокім складзе, і, як гэта было падчас першага мерапрыемства, у Вялікім тэатры оперы і балета ды з удзелам кіраўніцтва дзяржавы. Тое стала б не толькі важным знакам больш уважлівых і зацікаўленых адносін, але і чыннікам актывізацыі дзейнасці ўсіх нашых замежных суполак. Застаецца і шэраг канкрэтных пытанняў, што патрабуюць неадкладнага вырашэння. Маю на ўвазе спрашчэнне візавых працэдур, умоў перасячэння мяжы, удасканаленне заканадаўчых і нарматыўных дакументаў.