Нацыянальны сувенір: хто ты і дзе ты?

№ 29 (1312) 22.07.2017 - 28.07.2017 г

На гэтае пытанне спрабуюць адказаць берасцейцы
Тэма, мяркуючы па публікацыях “К”, актуальная і бясконцая адначасова. Збольшага кожны з нас ведае адказ на пытанне, вынесенае ў загаловак. Мы хочам мець беларускую нацыянальную высокамастацкую канкурэнтаздольную рэч, якая адлюстроўвала б нашы культуру, ментальнасць ды пазітыўнасць. У адваротным выпадку наш спажывецкі інтарэс задаволіць кітайскі вытворца.

/i/content/pi/cult/648/14389/12.jpgНе сумняваюся, што ўрэшце перамогуць нашы майстры-рамеснікі. Не сумняваюся, што неўзабаве будзе створана ўзорная лінейка нашых сувенірных твораў. Але сярод лепшых работ павінна быць адна, якую назавуць іміджавай. У шведаў такім стаў Чырвоны конік. У нас, на ўсё выдае, павінна стаць выява зубра. Але хакейны зубрык, скажам прама, не надта прыжыўся пасля чэмпіянату свету. У Белавежы і па сёння самыя даступныя па кошце “жывёліны” — кітайскія. Але яны ніякім чынам не адпавядаюць характарыстыкам, прыведзеным вышэй. На гэтым гаворку пра кіч мы завяршаем.

Не, на Слуцкі пояс я не забыўся. Але ён дарагі. А эканом-варыянты не адпавядаюць пакуль фармулёўцы “і якасна, і танна”. Несцерка? Не! Ну не хачу я выглядаць у свеце гэткім лапцюжнікам у магерцы, што вечна чухае патыліцу.

Традыцыі + сучаснасць

Першую адэкватную спробу комплексна адказаць на ўсе гэтыя пытанні зрабілі, на мой погляд, супрацоўнікі (сапраўдныя прафесіяналы!) Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра. Яшчэ летась яны абвесцілі абласны конкурс “Берасцейскі сувенір”. Грашыма дапамог Віцебскі аблвыканкам. Галоўная ўмова будучых захадаў была вызначана дакладна: традыцыю абавязкова спалучыць з сучаснасцю. Сярод лепшых тамтэйшых майстроў-рамеснікаў конкурс праходзіў у тры этапы. Фінал адбыўся сёлета, 3 ліпеня. У яго выйшлі чатыры дзясяткі майстроў з 15 раёнаў вобласці і Брэста. Сорак лепшых сувеніраў прадстаўлялі шэсць намінацый. (Я так падрабязна таму, што бачу гэты конкурс рэспубліканскім. А як інакш? Гаворка ж — пра імідж роднай краіны. А гэта ўжо — ідэалогія.)

Я і намінацыі для прыкладу прывяду: “Цытадэль славы і гонару” (Брэсцкая крэпасць па брэндавасці, як падаецца, на адным месцы з зубрам); “Родная старонка” (нацыянальны каларыт прыроды); “Край запаведны” (гісторыка-культурная спадчына); “Зямля берасцейская — наша натхненне” (традыцыі нацыянальнай культуры); “Мая радзіма” (сувенір з нацыянальнай сімволікай); “Старадаўняе рамяство” (сувенір, выкананы па старадаўніх тэхналогіях). Жанравы спектр, як думаецца, максімальна шырокі.

Магу сцвярджаць, конкурс ладзіўся не для праформы. Па дзвюх намінацыях другое і трэцяе, першае і другое месцы не прысуджаліся. Інакш кажучы, адбор быў надзвычай строгі. Што далей? Самы час даць слова прафесіяналам.

Маркетынг — у дапамогу

Загадчык аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Ларыса Быцько, якая кітайскага сувенірнага вытворцу лічыць ці не асабістым ворагам, упэўнена, што і першая “Берасцейская скарбніца” не дасць поўнага адказа на ўсе надзённыя пытанні. “Такія конкурсы варта ладзіць, — кажа яна, — раз на тры гады”. А дырэктар цэнтра Святлана Каржук мяркуе, што ў чарговы раз варта адбіраць менш фіналістаў, надаючы ўвагу не колькасці, а якасці. Цалкам згодны! Дзякуючы сістэмнай працы раённых дамоў рамёстваў, дзе пераемнасць — асноўная ўмова творчасці, кола рамеснікаў паступова абнаўляецца, на змену сталым прыходзяць маладыя, больш разваротлівыя ў плане прасоўвання сваіх работ. (І гэта тычыцца не толькі Берасцейшчыны.) Неабходна ўлічыць і іх пункт гледжання на праблему, адлюстраваны ў канкрэтных творах.

Другі крок, па меркаванні Ларысы Быцько, у тым, каб змясціць сорак згаданых работ у выставачнай зале на вуліцы Савецкай. Гэта будзе не проста экспазіцыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Мяркуецца, што ля кожнага твора будзе змешчаны партрэт аўтара з кароткай анатацыяй яго творчасці, усе магчымыя кантакты для таго, каб работу можна было замовіць і купіць праз сувенірную краму “Скарбніца”, што дзейнічае пры абласным грамадска-культурным цэнтры. Такім чынам, спажывец (асоба ці арганізацыя / прадпрыемства) будзе дыктаваць попыт. Усё справядліва. Не будзе попыту — кітайскія бісерныя зубрыкі будуць разыходзіцца, як улетку марозіва.

Дайце патраціць грошы!

Не забуду (даруйце за лірыку), як у маленстве пасярод Белавежы я заўважыў у сувенірным кіёску драўляны (на тонкім зрэзе сучка) значак з зубрынай выявай. Ён мне так спадабаўся, што я не адставаў ад мамы, пакуль яна мне яго не набыла. Значак захаваўся і па сёння — даволі аляпаваты залакаваны малюнак на драўляным кавалачку пушчы.

З дзіцячай псіхалогіяй усё зразумела: падабаецца ўсё бліскучае. З дарослымі — больш складана. Ідэальны сувенір той, выгляд якога вымагае адразу шукаць кашалёк. Аднак спалучэнне “разумная цана, безумоўная якасць, брэндавасць, наяўнасць знітаваных традыцыі ды сучаснасці” пакуль ніяк не жадае ўвасабляцца ў адзінай, канкрэтна ўзятай рэчы.

Першае месца ў намінацыі “Родная старонка” заняў на “Берасцейскім сувеніры” разьбяр па дрэве з Камянца (ягоную работу вы бачыце на фота) Анатоль Туркоў. Ён варты гэтай узнагароды. І зубр ягоны — велічны і маляўнічы. Але ж, відаць, абыдзецца пакупніку не танна. Цікава, колькі замоў атрымае гэтая работа, пасля таго, як з’явіцца ў згаданай выставачнай зале?

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"