Купляйце запалкі скрынямі!

№ 29 (1312) 22.07.2017 - 28.07.2017 г

Як крэатывяць на “Барысаўдрэве”
У мяне — электрапліта, для іншых патрэб маю запальнічку, таму запалкамі не карыстаюся. Але днямі забыўся заправіць Zippo і быў змушаны купіць пачак запалак, вырабленых на “Барысаўдрэве”. Купіў і быў прыемна здзіўлены: яшчэ колькі гадоў таму такая птушка выглядала даволі нязграбна, вельмі хутка разлахмачвалася, мела не вытанчаны малюнак, а нейкую штампоўку (хоць і беларускага арнаменту); а цяпер мне прапанавалі пачак еўрапейскага стандарту з мелаванай паперы і з выявай герба маёй роднай Веткі. Інакш кажучы, я трымаў у руках бліскучы ўзор дызайнерскага мастацтва.

/i/content/pi/cult/648/14388/11.jpgНатхнёны, пачаў цікавіцца сітуацыяй, абапіраючыся спярша на кола сяброў ды родзічаў. Падаецца, менавіта так становяцца калекцыянерамі, у нашым канкрэтным выпадку — філуменістам (аматарам запалкавых этыкетак і пачкаў). Ды вось, сітуацыя выглядала наступным чынам: мой сусед запалкі купляе ўпакоўкамі — па дзесяць пачкаў за раз, бо хоча сабраць усе гербы беларускіх гарадоў. Ён і распавёў, што былі яшчэ серыі з выявамі зброі, з галаваломкамі (геаметрычныя фігуры выкладаюцца запалкамі), але ён “запаў” толькі на гербы.

Мне ж даспадобы прыйшлося тое, што на гэтым прадпрыемстве сістэмна рэкламуюць беларускае. Каб здабыць больш інфармацыі, звярнуўся да намесніка гендырэктара “Барысаўдрэва” Дзмітрыя Удалова. Ён распавёў, што мадэрнізацыя прадпрыемства была праведзена ў 2015 годзе. Продажы запалак павялічыліся ў разы, у тым ліку і з прычыны якаснага малюнка на пачку, які распавядае пра нашу гісторыю. Па словах Дзмітрыя Пятровіча, тэматычныя серыі рабіліся да кожнага свята: да Новага года, да Жаночага дня… Сваю рэкламу хочуць бачыць на запалках і тыя арганізацыі, якія рэалізоўваюць тавар па абласцях (нашы запалкі нават Украіна закупляе). “Барысаўдрэў” імкнецца задаволіць і іхнюю патрэбу. Але тэматычныя серыі — не знікнуць.

“Чаму надпісы на пачках робяцца толькі на рускай мове?” — запытаўся я ў Дзмітрыя Удалова. Той адзначыў, што магчымы і іншы варыянт, але, як правіла, з’яўляецца шмат незадаволеных з ліку тых, хто родную мову ў школе не вывучаў. Я, настаўніцкі сын, добра памятаю тыя часіны, калі ад вывучэння беларускай мовы і літаратуры маглі вызваліцца па жаданні не толькі дзеці ваеннаслужачых, але і любыя ахвотныя. Вось вам і плён такой моўнай палітыкі. Аднак гэта зусім не азначае, запэўніў намеснік кіраўніка, што родных слоў мы на запалкавых пачках зусім не пабачым.

Інжынер аддзела якасці прадпрыемства Соф’я Леганькова нават зазначыла: цалкам верагодна, што ў якасці ілюстрацыі на пачках з’явяцца асноўныя граматычныя правілы беларускай мовы. Замову на “карцінку” прадпрыемства дае спецыялістам друкарань. Тыя рыхтуюць эскіз і пасля зацвярджэння на “Барысаўдрэве” серыя запускаецца ў вытворчасць. Да 70-годдзя Вялікай Перамогі, да прыкладу, свет пабачылі дзве серыі: з адлюстраваннем больш чым трыццаці савецкіх баявых ордэнаў і медалёў, з выявамі савецкай зброі таго часу (больш за 60 найменняў). Мне хочацца сабраць найперш гэтыя серыі. Соф’я Васільеўна, хітры маркетолаг, раіць купляць запалкі не ўпакоўкамі, а скрынямі (сто ўпаковак). Так, маўляў, серыі будуць сабраны ў поўным аб’ёме і ў мінімальны час.

Наконт гербаў беларускіх гарадоў. Эканаміст камерцыйнага аддзела Вольга Лямешка патлумачыла, што гэтай серыі папярэднічалі гербы нашых абласцей, потым — раёнаў. Нават і цяжка падлічыць агульную колькасць выяў. Яна, па ўсім выпадае, імкнецца да бясконцасці.

Хтосьці скажа: “Штосьці Рагін на свае сельскія бібліятэкі ды клубы забыўся ды немаведама з якіх нагодаў на запалкі пераключыўся?!” Ды я не пра запалкі, а пра крэатыў. Пра тое, што не стае нашым сельскім клубам ды бібліятэкам хітрых менеджараў-маркетолагаў, якія ўмеюць ствараць ды мацаваць брэнды. А добры брэнд, як вы пераканаліся, павялічвае продажы ў разы. І ўрэшце яркія “карцінкі” рэгіянальнага культурнага жыцця я таксама збіраю. Шкада, але тут калекцыя не надта вялікая.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"