У чым пра бібліятэкараў вы моцна памыляліся

№ 25 (1308) 24.06.2017 - 30.06.2017 г

— У сусветнай практыцы стварэнне прафесійных асацыяцый разглядаецца як адна з найважнейшых умоў падтрымання сацыяльнага статусу той ці іншай прафесіі. І калі бібліятэчная супольнасць за мяжой мае дастаткова багаты вопыт у гэтай сферы (напрыклад, яшчэ ў 1927 годзе была заснавана Міжнародная федэрацыя бібліятэчных асацыяцый), то наша прафесійнае грамадскае аб’яднанне можна назваць досыць маладым — 16 чэрвеня 2017 года яму споўнілася 25 гадоў.

Беларуская бібліятэчная асацыяцыя ў апошнія гады найбольшую ўвагу надае праектам, якія дазваляюць загучаць словам “бібліятэка” і “бібліятэкар” па-новаму, бо не сакрэт, што сёння прафесія перажывае пэўны крызіс. Досыць часта гучыць меркаванне, што ў эпоху інтэрнэту бібліятэкі не патрэбныя. Самі бібліятэкары, у сваю чаргу, не заўсёды ўмеюць прэзентаваць свае магчымасці і вынікі дзейнасці. Таму мы ставім сабе падвойную мэту. З аднаго боку, нам неабходна ламаць традыцыйныя стэрэатыпы ўспрымання бібліятэк і бібліятэкараў, з іншага — трэба “перазагружаць” прафесійную свядомасць саміх спецыялістаў. Такім чынам, мы імкнемся закладаць асновы новых традыцый.

Адна з іх — велапрабегі. Першы быў арганізаваны ў рамках буйнога міжнароднага праекта Сycling for libraries у 2014 годзе. Беларусь тады ўпершыню выступіла арганізатарам самастойнага маршруту. Група, якая выехала з Мінска, аб’яднала 11 беларускіх і 14 замежных бібліятэкараў. Удзельнікі беларускай часткі маршруту наведалі публічныя бібліятэкі і культурныя цэнтры ў Заслаўі, Маладзечне, Смаргоні і Ашмянах. У той жа час стартавалі бібліятэкары Літвы, Латвіі, Расіі. Усе яны пазней сустрэліся ў літоўскім Каўнасе для правядзення двухдзённай канферэнцыі.

Гэта міжнародная акцыя дала імпульс правядзенню рэгіянальных велапрабегаў “На ровары па бібліятэках”. Яны праходзілі ўжо тройчы: у 2014 годзе — на базе сеткі бібліятэк Барысаўскага раёна Міншчыны; пазалетась — на базе сеткі бібліятэк Баранавічаў і Баранавіцкага раёна Брэстчыны; летась — на базе бібліятэк Вілейскага раёна Мінскай вобласці.

Дывідэндаў ад названага праекта для бібліятэчнай супольнасці нямала. Па-першае, гэта новыя формы кантактаў з мясцовымі структурамі райвыканкамаў, неацэнны вопыт па падтрымцы сваіх пачынанняў. Па-другое, гэта рэзананс, які атрымліваюць мерапрыемствы. Яны прыцягваюць увагу сродкаў масавай інфармацыі як мясцовых, так і рэспубліканскіх. Прычым справа нават не ў колькасці публікацый і відэасюжэтаў, а ў іх танальнасці. “Калі вы думалі, што бібліятэкары — гэта людзі, якія вядуць ціхі і аседлы лад жыцця, то вы моцна памыляліся”, — нарэшце гэтыя словы сказалі журналісты, а не самі бібліятэкары. Па-трэцяе, гэта новыя прафесійныя кантакты, якія з’яўляюцца падмуркам далейшага супрацоўніцтва.

Нельга абысці ўвагай яшчэ адну акцыю, у якой ББА выступае суарганізатарам, — фестываль “Горад і кнігі”. Ён праводзіцца ў Мінску з 2015 года і збірае на сваіх пляцоўках тысячы гараджан. Сёлета фестываль “выйшаў” на вуліцу, таму што знайсці памяшканне, якое можа змясціць усіх ахвотных сюды прыйсці, ужо досыць складана. Важна, што праект рэалізуецца з нулявым бюджэтам, толькі па прынцыпах краўдсорсінгу. Па яго выніках мы атрымліваем дзясяткі публікацый у друкаваных СМІ і на інтэрнэт-парталах, шматлікія сюжэты на тэлебачанні.

Сёлета пад эгідай ББА прайшла “Мінская бібліяноч”, у рамках якой 7 сталічных бібліятэк прапанавалі тэматычныя мерапрыемствы для гараджан. На наш погляд, чым больш будзе нестандартных па форме і змесце праектаў, тым больш лаяльна будзе ставіцца грамадская думка да бібліятэк і іх супрацоўнікаў.

І, вядома, мы імкнёмся праводзіць мерапрыемствы, якія дапамагаюць бібліятэкарам пазіцыянаваць сябе не толькі ў прафесійным, але і ў знешнім асяродку. Гаворка пра рэспубліканскія конкурс “Сам сабе мастак” (2013 г.) і фестываль самадзейнай творчасці “Преображение” (2014, 2015). А летась Гомельскае гарадское аддзяленне ББА выступіла арганізатарам рэспубліканскага ж конкурсу “Мужчыны ў бібліятэчнай справе”.

Да юбілею асацыяцыі, як ужо адзначалася ў “К”, мы вырашылі прымеркаваць рэспубліканскі конкурс “Лепшая бібліятэка года”. Яго ўдзельнікам магла стаць установа, якая рэалізавала ў 2016 годзе сацыяльна значны праект. Сёння праектная дзейнасць з’яўляецца найбольш эфектыўным механізмам развіцця творчага патэнцыялу бібліятэчнай супольнасці і змены механізмаў сацыяльнага партнёрства. Яна выразна адлюстроўвае актыўную прафесійную пазіцыю канкрэтнага бібліятэчнага калектыву, яго здольнасць ісці насустрач чаканням соцыуму.

Алена ДАЛГАПОЛАВА, старшыня Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"