У XVI стагоддзі разам з Джавані Марыя Бернардоні на нашы землі прыйшлі італьянскія тэхналогіі і рэнесансныя прынцыпы ўзвядзення палацаў. У тым ліку, і запаўненне аконных праёмаў. Як гэта было прынята ў тагачаснай Італіі, вокны зашкляліся ў адну нітку, прычым шкло было досыць тонкім. Яно змяшчалася ў свінцовую жылку, потым — у металічную раму, а тая — у каменнае абрамленне. Так, прыгожа, але…
У Італіі тэхналогія сябе апраўдала, а вось на Беларусі з такімі шыбамі было ўсё ж халаднавата: клімат у нас, зразумела, трохі іншы. І ў тых тагачасных трактатах па вядзенні гаспадаркі, якія даводзілася трымаць у руках, падуладныя павевам замежнай моды паны нават высмейваліся: маўляў, ці варта яно таго, каб потым мерзнуць ва ўласным жа доме? Таму рэнесансавыя запаўненні аконных праёмаў захаваліся ў нас толькі ў касцёлах, якія часцей за ўсё не ацяпляліся. А ў беларускіх палацах яны доўгі час не пратрывалі і былі замененыя на драўляныя падвоеныя венскія вокны. Мо яны менш адпавядалі архітэктурнай стылістыцы, але… практычнасць узяла верх.
У сваю чаргу, падчас рэстаўрацыі замкавага комплексу мы пайшлі на тое, каб адрадзіць яго палац у рэнесансавым выглядзе — разам з адпаведнымі вокнамі. Тым больш, падчас археалагічных раскопак удалося выявіць шмат каменных аконных абрамленняў, прыналежных акурат да таго часу, і часткова яны адноўленыя. А само запаўненне вокан зрабілі цалкам паводле рэнесансавага ўзору: шкло ў свінцовай вітражнай жылцы, яна змяшчаецца ў жалезную раму, а тая, у сваю чаргу — у каменнае абрамленне. Адным словам, усё як у Італіі.
Але тут ізноў далася ў знакі згаданая праблема: клімат жа ў нас не італьянскі. І таму ўсе вокны палаца прадубляваныя сучаснымі металічнымі рамамі са шклопакетамі. Мы трактуем іх як своеасаблівыя музейныя вітрыны, што дазваляюць аглядаць сапраўднае вакно з інтэр’ера. А звонку яно ўспрымаецца так, як і было ў часы рэнесансу.
Нямала пытанняў даводзіцца чуць і наконт ашклення байніцаў у вежах — асабліва тых, якія ў свой час мелі абарончае значэнне. Раней яны не ацяпляліся, і байніцы, зразумела, шыбаў не мелі. На пачатку мы таксама вырашылі пакінуць іх без ашклення, аднак хутка ўзнікла праблема: у праёмы пастаянна заляталі птушкі, пакідаючы па сабе не музейнага зместу сляды. Паставіўшы ў вокны металічныя сеткі, праблему, нібыта, вырашылі, але… музейшчыкі неўзабаве пачалі скардзіцца на скразнякі. І каб зберагчы іх здароўе, было прынятае рашэнне ўставіць шыбы.
Таму змена функцыянальнага прызначэння аб’екта абумоўлівае і архітэктурныя рашэнні. З пункту гледжання захавання аўтэнтыкі з імі можна паспрачацца, але для эфектыўнага выкарыстання і папулярызацыі спадчыны яны неабходныя. Цяжка сказаць, ці адважыўся б хто з турыстаў падняцца на тыя ж вежы, каб там гуляў вецер...