Ці суладны ансамбль?

№ 25 (1308) 24.06.2017 - 30.06.2017 г

Галоўны праспект сталіцы як месца яднання
Мноства прыкладаў з гістарычнай і сучаснай практыкі горадабудаўніцтва сведчаць пра тое, што архітэктурна-мастацкае аблічча нават, здавалася б, цалкам сфармаваных фрагментаў гарадскога асяроддзя перыядычна патрабуе перагляду і абнаўлення. Гэтаксама руплівы садоўнік час ад часу павінен зразаць з дрэва засохлыя галіны і даваць прастору маладым парасткам. Менавіта з такога пункту гледжання мы хацелі б разабраць галоўны архітэктурны ансамбль Мінска — праспект Незалежнасці. А дакладней, першую чаргу яго забудовы — паміж вуліцай Свярдлова і плошчай Перамогі.

Без сумневу, гэтаму адрэзку галоўнай магістралі ўласцівыя ансамблевыя якасці, гарманічнасць і адзінства забудовы. Ён падзелены строга супадпарадкаванымі архітэктурнымі аб’ёмамі і прасторавымі інтэрваламі паміж імі. Забудова выканана “пад адзін карніз”, а ўздоўж выразна акрэсленых “чырвоных ліній” чаргуюцца жылыя і грамадскія будынкі, што ўзбагачае аблічча гарадскога цэнтра. Фасады амаль усіх з іх маюць агульныя стылістычныя прыкметы і падпарадкаваны адзінай структуры ўзаемазвязаных чляненняў.

Аднак на кожным этапе развіцця архітэктуры ўзнікаюць новыя напрамкі творчых пошукаў. У іх аснове — карэнныя інтарэсы большасці жыхароў горада. Сацыяльная, функцыянальная і мастацкая цэльнасць жыццёвага асяроддзя прасторы сёння высоўваецца ў якасці прынцыпу, які забяспечвае ўзгадненне супярэчлівых патрабаванняў, непазбежных у працэсе развіцця горада. Таму мэтазгодна перагледзець ролю кожнага элемента забудовы і добраўпарадкавання ў сістэмнай арганізацыі ансамбля праспекта.

/i/content/pi/cult/644/14277/25 kultura 5 copy.jpg

Ходнік: пешаходам пакуль няўтульна

На праспекце зазвычай нешматлюдна, і гэта звяртае на сябе ўвагу. Калі плынь транспарту і ўзровень шуму выраслі неймаверна, дык пешаходаў, асабліва ў першай палове дня, можна сустрэць небагата. Што, зрэшты, не дзівіць: тут практычна няма тых установаў, якія актыўна наведваюць, а звычка шпацыраў з мэтай палюбавацца на архітэктуру, здаецца, адышла ў мінулае. Пэўнае ажыўленне назіраецца хіба каля ГУМа. Працягваюць заставацца папулярнымі “Цэнтральныя” кнігарня і ўніверсам, а таксама перабудаваная крама “Ласунак”. Іншыя памяшканні сёння занятыя збольшага дарагімі ўстановамі харчавання і крамамі, якія спецыялізуюцца на продажы недаступных і проста неабавязковых для шараговага спажыўца тавараў. Наўрад ці яны спрыяюць таму, каб галоўны праспект стаў цэнтрам сацыяльных кантактаў.

Для параўнання магу прыгадаць нядаўнае наведванне кіеўскага Крашчаціка. На яго ўсходнім баку створаная шырокая зялёная зона з утульнымі пляцоўкамі і зручнымі лавамі ў ценю старых дрэваў. Гараджане і турысты ахвотна карыстаюцца дэмакратычнымі па цэнах кавярнямі, дзе заўсёды падаюць традыцыйныя варэнікі з вішнямі. Падчас шпацыру можна аглядаць разнастайныя відавыя перспектывы на цікавыя пабудовы таго самага першага паваеннага дзесяцігоддзя.

У нас жа ўзровень арганізацыі зоны ходнікаў на праспекце вельмі нізкі. Між тым за апошняе дзесяцігоддзе на вуліцах Мінска з’явілася нямала прыкладаў яркіх інавацыйных рашэнняў з выкарыстаннем малых архітэктурных формаў, выкананых у граніце і метале, а таксама партэрнага азелянення, размаітых мясцовых светачаў і нават скульптуры. Аднак на галоўнай вуліцы сталіцы сёння мы не знойдзем нават звычайнай лаўкі, лакальна азелянёнага закутка ці агляднай пляцоўкі! Што гэта: інерцыя архітэктурнай думкі альбо вынік няправільнага падыходу да зменаў аблічча помніка гісторыка-культурнай спадчыны?

У летні перыяд пешаходны рух па праспекце ўскладняецца. Пры значнай шырыні ходнікаў (да 12 метраў), сям-там даводзіцца літаральна праціскацца паміж маладымі дрэўцамі ды летнімі павільёнамі кавярань — не лёгкімі і далікатнымі, як у іншых гарадах, а грувасткімі ды рознакалібернымі. Што-што, а вось яны дакладна парушаюць ансамблевыя якасці забудовы — і, да таго ж, перашкаджаюць простым мінакам.

З мэтай размяшчэння на праспекце новых гандлёвых, відовішчных і іншых карысных для шырокага кола грамадзян устаноў варта было б звярнуць увагу на своеасаблівыя рэзервовыя пляцоўкі — не непасрэдна ў зоне пешаходнага руху, а побач з ёю. Напрыклад, нешта ўтульнае можа быць абсталявана ў прасторнай лоджыі, створанай у свой час перад уваходам у кінатэатр “Цэнтральны”, нават з падключэннем дзвюх арак-уездаў у двор, якія цяпер пустуюць — на радасць уласнікам аўто. Чакаюць на іншую арганізацыю і немалыя пляцоўкі ў межах курданёраў, утвораных карпусамі жылых дамоў №№ 18 і 19 альбо перад домам № 14.

Інтэр’еры: вобраз кола знік незваротна

Зрэшты, новае не заўсёды лепшае за старое. Пасля закрыцця чыгуначных касаў насупраць ГУМа быў страчаны іх надзвычай цікавы ў вобразна-сэнсавым рашэнні інтэр’ер аўтарства архітэктара Аляксандра Дыдышкі. Напаўцыліндрычная форма столі, якая нібы спадае згары, дугападобныя ажурныя фермачкі, якія яе падтрымліваюць, колеравыя палосы на сцяне з касавымі праёмамі і нават паўкруглы даведкавы кіёск — усе гэтыя дэталі выклікалі асацыяцыі з тэмай руху і вобразам кола. На жаль, новы інтэр’ер размешчанай тут жа фірмовай крамы гадзіннікаў атрымаў куды менш выразнае архітэктурнае рашэнне.

Захаваўся арыгінальны інтэр’ер аптэкі №13, створаны яшчэ ў 1950-я гады з актыўным выкарыстаннем дэкаратыўных элементаў з дрэва, у тым ліку і кесаніраванай столі. Аднак сумна, што два падобныя ў стылявых адносінах інтэр’еры (крамы гародніны на Камсамольскай і “Кулінарыі” на самім праспекце) былі страчаны пры рэканструкцыі памяшканняў для іншых мэтаў. Новыя рашэнні дызайнераў выглядаюць куды больш ардынарнымі .

А вось мастацкі салон, які працягвае працаваць на праспекце, пасля рэканструкцыі змяніў свой інтэр’ер да лепшага, пераўтварыўшыся ў сістэму рознавялікіх, утульных і функцыянальна зручных прасторавых ячэек.

Кастрычніцкая: вялікая прастора

Падчас распрацоўкі праекта забудовы тады яшчэ праспекта Сталіна былі зроблены змястоўныя прапановы па арганізацыі Цэнтральнай (цяпер Кастрычніцкай) плошчы. Там меркавалася стварыць цэльны фронт забудовы, дзе дамінавалі б грамадскія ўстановы, але месца знайшлося б і жылым будынкам. Аднак рэалізацыя гэтых праектных рашэнняў пастаянна адкладалася, а затым была замененая паасобным размяшчэннем шэрагу буйных пабудоваў: тэлеграфа, Палаца прафсаюзаў, музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Палаца Рэспублікі… Завяршыў гэты спіс офісны будынак на Інтэрнацыянальнай. Сам па сабе ён зусім не пазбаўлены архітэктурных вартасцяў, але казаць пра яго ўключанасць у ансамбль не выпадае.

/i/content/pi/cult/644/14277/ris_02.jpg

І да зносу старога будынка музея гісторыі ВАВ і, тым больш, у нашы дні плошча была і застаецца вялікай прасторай з мала каардынаванай забудовай, выкарыстоўваецца рэдка і не мае вызначанага прызначэння і багатых візуальных ды кампазіцыйных повязяў з гарадской структурай. Як падаецца, наспеў час гэта выправіць, абвясціўшы адкрыты конкурс на праект планіроўкі і забудовы Кастрычніцкай — з улікам асаблівай важнасці гэтага горадабудаўнічага вузла.

Пастаянна назіраючы за сітуацыяй з акна сваёй кватэры, аўтар гэтага артыкула міжволі распрацаваў і свае варыянты. Адным з іх магу падзяліцца. Я паставіў перад сабой некалькі важных мэтаў: ушчыльненне прасторы гарадскога ядра, арганізаванага для вырашэння сучасных сацыяльных, функцыянальных і эстэтычных задач, размяшчэнне шэрагу новых будынкаў (напрыклад, адміністратыўнага будынка, гатэля, дадатковых памяшканняў Палаца прафсаюзаў), здатных насыціць функцыянальную і мастацка-кампазіцыйную структуру комплексу, стварэнне сістэмы прасторава ўзаемазвязаных вялікіх і малых плошчаў, якія пераліваліся б адна ў адну, выразная каардынацыя дамінуючых і дадатковых пабудоваў і прастораў з дапамогай кампазіцыйных восяў і малых архітэктурных формаў.

Падкрэслім: праектная прапанова ставіць перад сабой мэту не толькі запоўніць вызваленае пасля зносу музея месца, але, што самае важнае, стварыць новую прасторавую арганізацыю гарадскога ядра. Цяпер мы маем апошні шанс выканаць паўнавартасную рэканструкцыю Кастрычніцкай плошчы.

Ад цырку да плошчы Перамогі

Падобнае істотнае пераўвасабленне прылеглага да праспекта Незалежнасці прасторавага асяроддзя звязана з будаўніцтвам (пакуль яшчэ незавершаным) шматфункцыянальнага комплексу каля цырка. Напэўна, хіба нямногія з мінчан не выказалі крытычных заўваг з нагоды яго размяшчэння і аблічча. У сваю чаргу, аўтар прытрымліваецца меркавання, што захаванне папярэдняй сітуацыі з наяўнасцю на пляцоўцы некалькіх старых рознакаліберных пабудоваў не было лепшым варыянтам за новае будаўніцтва. Працяглы і надзвычай пустэльны адрэзак праспекта, які перасякае даліну Свіслачы, стане больш актыўным і ажыўленым.

Аднак патрабаванні актуальнага цяпер асяроддзевага падыходу, відавочна, павінны былі прывесці да распрацоўкі праектнага рашэння, якое ў большай меры ўлічвала б такі фактар, як блізкасць высотнага аб’ёму да ракі. Належала разгледзець магчымасць не перакрываць поўнасцю візуальныя повязі праспекта і парка імя Максіма Горкага, ды і гэтае папраўдзе агрэсіўнае “насоўванне” на мост праз Свіслач і асабліва на суседні будынак цырка выглядае немэтазгодным. У дадзеным выпадку яшчэ раз пацвярджаецца вядомая ісціна: горадабудаўнічае майстэрства выяўляецца не толькі і не столькі ў якасці стылёвага і пластычнага рашэння архітэктурнага аб’ёму, колькі ў арганічнасці яго ўрастання ва ўтворанае папярэдне асяроддзе.

Што да плошчы Перамогі як заключнага звяна ў комплексе першай чаргі праспекта… Па-першае, даўно чакае рэалізацыі прапанова аб стварэнні ўставак паміж жылымі дамамі, страчанымі на адным баку плошчы падчас “барацьбы з архітэктурнымі лішкамі”, і завяршэнне, такім чынам, запраектаванага ў свой час ансамбля. Па-другое, варта адзначыць каштоўнасць і своечасовасць стварэння пашыранай мемарыяльнай пляцоўкі перад абеліскам Перамогі. Можа, не ўсе ведаюць, але з’явілася яна не адначасова з манументам, а толькі ў 1980-я, падчас будаўніцтва метрапалітэна. І гэты прыклад развіцця гарадской прасторы сёння дазваляе нам праводзіць масавыя святочныя мерапрыемствы.

Завяршаючы свае кароткія развагі аб мінулым і будучыні праспекта Незалежнасці, хацелася б асабліва падкрэсліць, што ансамблі вуліц і плошчаў ствараліся найперш менавіта для таго, каб людзі збіраліся там разам, усведамляючы далучанасць да адзінага народа, да агульнага грамадскага пачатку. Архітэктура павінна стаць відочным увасабленнем сутнасці дэмакратычнай дзяржавы, і сёння гэтыя яе функцыі актуальныя як ніколі.