Цеплахода няма. Ёсць байдарка…

№ 25 (1308) 24.06.2017 - 30.06.2017 г

Верхнядзвіншчына: асваенне новых плошчаў ды ідэй
Што засталося ў памяці пасля наведвання Мёршчыны ды Верхнядзвіншчыны? У першую чаргу — упэўненасць тамтэйшых работнікаў культуры. А гэтая рыса, па нашым перакананні, — адна з найважнейшых для прафесіянала. Даўно пішам пра тое, што кантактаваць з такімі профі — асалода.

Падчас аўтаваяжаў мы не адшукваем праблемы, нам пра іх распавядаюць самі работнікі культуры. І не проста распавядаюць, але і самі аналізуюць сутнасць тых праблем, называюць найбольш рэальныя шляхі іх вырашэння, ведаюць, на якую рэальную перспектыву працуюць.

Павукі тут не жывуць

Апошняя, але яркая фарба ў сённяшнім партрэце культуры вёскі Язна, што на Мёршчыне. У папярэднім нумары мы нічога не сказалі пра тутэйшую бібліятэку. Проста месца на газетнай паласе не хапіла. А пра гэтую ўстанову нам хацелася сказаць як найбольш поўна. Прычына таму — больш чым важкая: у Язне працуе лепшы бібліятэкар Віцебшчыны 2014 года Ларыса Карпава.

Але мы спачатку пра эвалюцыю пэўных працэсаў. За пяць гадоў рэалізацыі нашага аўтапраекта (доўжыць далей яго, напэўна, няма сэнсу) чаго толькі мы ні бачылі за бібліятэчнымі дзвярыма і перад імі. Пэўны час “зачыненасць” сельскіх устаноў у рабочы час там-сям сустракалася з непрыемнай перыядычнасцю. Вы памятаеце, мы нават пачалі збіраць калекцыю здымкаў папяровых абвестак з тлумачэннямі, чаму сельскага бібліятэкара няма на месцы. Сітуацыя за апошнія гады змянілася ў лепшы бок: ніякіх парушэнняў працоўнай дысцыпліны цяпер не заўважаем. Без сарамлівасці канстатуем: ёсць у гэтым пэўная доля і нашай журналісцкай заслугі. А вось тое, што ў іншых бібліятэках — у які час мы іх ні наведваем — няма чытачоў, застаецца прыкрай, але явай. Ды толькі не ў сельскай бібліятэцы Язны. Агульнадзяржаўную праблему не надта шырокага чытацкага кола, па меркаванні Ларысы Карпавай, вырашаць трэба з дапамогай шчырага стаўлення да патэнцыйнага чытача. Маўляў, не будзе яго — адпадзе патрэба і ў бібліятэцы. Усё слушна.

Згадайце, мінулым разам мы пісалі, што ў мастацкую самадзейнасць тут ці не конкурс-адбор варта абвяшчаць. Гэткая ж шматлюднасць — і ў гаспадарцы Ларысы Карпавай. Сышлі адны чытачы, з’явілася дзевяцікласніца Аня Пархімовіч, амаль адначасова патэлефанавала нейкая актыўная кабета і пацікавілася, ці будзе бібліятэкарка на месцы, бо яна, кабета, збіраецца па новыя кнігі. А Ларыса Карпава — заўжды на месцы. І гэты факт радуе чытачоў — 80 дзяцей і 156 дарослых.

І вось што характэрна, план па аказанні платных паслуг бібліятэкар значна перавыконвае не за кошт камерцыйнага фонду. У яе — навюткі камп’ютар, прынтар мяняе ўжо трэці раз.

Уся гэтая тэхніка і працуе на “скарэнне” пазабюджэтнага задання. Ларыса Эдуардаўна ўласнаручна і з вялікім густам робіць фотапартрэты, прэзентацыі, фота для дакументаў…

Пра бібліятэчныя фармаванні казаць не будзем: іх дастаткова і працуюць яны з належным вынікам. А вынік заўжды адзіны: бібліятэка не пустуе, павуціння паміж стэлажамі няма.

Рамеснікі — у ваенкамат!

Разам з нашай “Шкодай” пераправіліся на пароме праз Заходнюю Дзвіну і патрапілі на Верхнядзвіншчыну. Калі пару гадоў таму ўсе паромы краіны стаялі на прыколе з-за невыноснай спёкі ды абмялеласці рэк, дык на пачатку сёлетняга лета сітуацыя была зваротнай. Халодныя хвалі камфорту нашай вандроўцы не дадавалі. Але ўсё ж навакольныя рэчкі, азёры ды балоты раёна сталі для нас сімвалам творчай думкі, якая вядзе рэй у прасторы верхнядзвінскай культуры. Але пра гэта — крыху ніжэй.

У Верхнядзвінску адзін з нас — не першы раз. Такім чынам, асноўныя праблемы мясцовага аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі заставаліся для рэдакцыі навідавоку. Першая (адсутнасць музея) — паспяхова вырашана. Другая — недахоп плошчаў пад раённы дом рамёстваў — пакуль застаецца надзвычай рэальнай. Пра гэта і пагаворым.

Віцебшчына — заканадаўца “моды” на дамы рамёстваў. Першы ўзнік у Глыбокім ці не трыццаць гадоў таму. За гэты час, зразумела, у Глыбокім, Лепелі, Сянно гэтыя ўстановы культуры “прыраслі” галерэямі, гуртковымі пакоямі, майстэрнямі і сувенірнымі салонамі. А вось поўначы вобласці з рамесніцкімі плошчамі не шанцуе хранічна. Праблемы ў Мёрах (чытайце папярэднюю публікацыю аўтатуру), не ўсё як мае быць і ў Верхнядзвінску. І не першы год.

Драўляная аднапавярховая будыніна РДР — маленькая і не вельмі прэзентабельная. Пад мастацкую галерэю адведзены нават… калідорчык. А паказаць тут ёсць што: традыцыйная кераміка, лапікавае шыццё, многае іншае. Месца для гуртковай работы — абмежаванае, але майстар-класы ладзяцца штотыднёва. Дырэктар Анжэла Макеенак асабліва не скардзіцца, бо з сітуацыяй звыклася. Ды і час скаргаў, па ўсім відаць, скончыўся, бо знайшлося вырашэнне праблемы. Як тлумачыць дырэктар Раённага цэнтра культуры Святлана Канавальчык, ваенкамат пераязджае ў новы будынак (шчаслівы і нечаканы выпадак), а стары, цагляны і прасторны, пакідае нібыта для РДР.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Гісторыя і вынікі развіцця дамоў рамёстваў на Віцебшчыне вартыя, як мне падаецца, асобнага расповеду ў фармаце багата ілюстраванай кнігі немалога аб’ёму. Захаванне традыцыйных промыслаў, іх адраджэнне і папулярызацыя — адзін з важкіх вынікаў культурных шчыраванняў усёй краіны. Тут, напэўна, варта згадаць і Мікалая Пашынскага, колішняга начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама (менавіта ён стаў ініцыятарам стварэння ў вобласці першых раённых дамоў рамёстваў, адраджэння нацыянальнай кухні, старту многіх знакавых на сёння фэстаў), і Марыю Паляк, колішняга начальніка аддзела культуры Глыбоцкага райвыканкама, пры якой ці не трыццаць гадоў таму быў адкрыты першы ў вобласці РДР. Думаю, і ў Верхнядзвінску ўсе гэтыя слаўныя традыцыі будуць развівацца належным чынам.

/i/content/pi/cult/644/14271/25 kultura 10 copy.jpg

За прычалам — прычал

Вернемся да мясцовага музея. Кіраўнік установы, якая адкрылася ў 2015 годзе, — малады спецыяліст Маргарыта Бембель. Яна мае вышэйшую адукацыю, звязаную з развіццём турыстычнай сферы. Самае тое, як падаецца! Прайшло крыху больш за палову прызначанага для адпрацоўкі тэрміну, з’язджаць Маргарыта не збіраецца: справа на яе долю выпала надзвычай цікавая.

Пра канцэпцыю музея год таму пісаў на старонках “К” наш журналіст Юрый Чарнякевіч. Сцісла яе нагадаем. Экскурсія пралягае па мясцовых рэках, разбітых на 12 прычалаў. У гэтым — галоўная цікавостка ўстановы і брэнд, як падаецца, усяго раёна.

Мы, натуральна, запыталіся (наша ўлюбёная тэма!), чаму ў райцэнтры і на пад’ездах да яго няма вулічнай, прыдарожнай рэкламы, бо без гэтага пра дынамічнае развіццё турызму і марыць не варта. Маргарыта Бембель запэўніла, што цудоўна гэта разумее і вышуквае цяпер шляхі вырашэння пытання. Згадаўшы цеплаход у аграгарадку Ляскавічы (Петрыкаўшчына) і балотаход у вёсцы Язна (Мёршчына), мы зазначылі, што цеплаход на Дрысе (як музейны рухомы філіял!) глядзеўся б вельмі арганічна. І 12 прычалаў з віртуальнага статусу перайшлі ў катэгорыю больш чым рэальную. А плывучы музейны філіял — яшчэ адзін непаўторны брэнд для Верхнядзвіншчыны. Глядзіш, і гасцей са сталіцы было б паболей.

Так, музейны цеплаход — перспектыва, і не вельмі блізкая. А што робіцца на рэальным рачным маршруце сёння? І тут мы даведаліся пра амаль легендарную асобу Антона Бубалы, знакамітага мясцовага краязнаўцы і таленавітага паэта, якому спаўняецца 75 гадоў. Але ўзрост не замінае музейнаму супрацоўніку набіраць байдарачныя групы і адпраўляцца ў рачную вандроўку. Запомніце прозвішча Антона Бубалы, мы працягнем пра яго гаворку, калі распавядзём пра вёску Сенькава…

Нам спадабалася, што музей мае маленькі дворык (яшчэ адзін прыклад пашырэння прасторы культурнага ўплыву), які паспрыяў узнікненню цікавых гарадскіх традыцый. На каваных парэнчах, што аздабляюць прыступкі на ўваходзе, прымацаваныя каляровыя стужкі, якія пакідаюць удзячныя наведвальнікі, а ў дворыку ладзяцца цікавыя сустрэчы, майстар-класы, музейныя ўрокі.

Пра дальнюю перспектыву музея мы ўжо сказалі. А вось бліжэйшая — набыццё аўдыягіда.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Падчас кожнага нашага аўтатуру мяне заўсёды цікавіла пытанне, на якую публіку канкрэтна разлічаны невялікія рэгіянальныя музеі. На розную — адкажуць вам у кожным з іх. І ў той жа час для кожнага музея такога кшталту змаганне за турыста — ці не найважнейшае пытанне. Бо мясцовы жыхар прыйдзе раз яшчэ школьнікам і можа туды больш і не вярнуцца, калі ўсё статычна і аднастайна. Але гэта не пра музеі ў Лявонпалі (Сяргея Панізніка) і Верхнядзвінску, адлегласць паміж якімі — з 20 кіламетраў. А кожны з іх мае адметную канцэпцыю і ўнікальныя прадметы. Кожны можа прывабіць публіку не толькі беларускую, але і замежную. Што і казаць, Латвія пад бокам! Але чамусьці турыст актыўна не едзе. Таму і хвалюе пытанне, наколькі паміж раёнамі маецца каардынацыя па стварэнні турыстычнага “залатога кола” Падзвіння, куды б абавязкова ўвайшлі названыя музеі. Падаецца, прайшоў час апекавання выключна раённымі інтарэсамі — прыйшла пара думаць глабальна, міжраённымі ды міжабласнымі высілкамі. Тады будуць і турыст, і сродкі, і развіццё.

У наступным артыкуле мы распавядзём пра пункт гледжання начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Верхнядзвінскага райвыканкама Надзеі Масквічовай на перспектыву развіцця раённай культуры. Чытач пабывае разам з намі ў таямнічым гарпасёлку Асвея і не менш цікавай ды загадкавай вёсцы Сенькава.

(Не)лірычнае агульнае
заканчэнне

За час вандроўкі па Верхнядзвіншчыне не аднойчы чулі пра тое, што рэдка сюды завітваюць са сталіцы. Мо гэта і сталася прычынай таго, што мясцовая культура развіваецца не так імкліва, як гэта адбываецца ў рэгіёнах, скажам, больш набліжаных да цэнтральнай Беларусі? Аднак, як падалося, сітуацыя ў Верхнядзвінскім раёне заўважна мяняецца да лепшага.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"