“Мінус” у “плюс” — гэта рэальна?

№ 23 (1306) 10.06.2017 - 16.06.2017 г

Статыстыка — рэч не толькі аб’ектыўная, але, і прынамсі, інфарматыўная. Яе цікава вывучаць не толькі ў звязку з нейкімі фінансавымі ці эканамічнымі рэаліямі, а і з тымі, якія непасрэдна тычацца сферы культуры Беларусі.

/i/content/pi/cult/641/14241/4-22.jpgСкажам, шмат цікавых звестак змяшчаюць статыстычныя даныя Дзяржаўнай інфармацыйнай сістэмы “Інтэграваны банк даных устаноў культуры”. Напрыклад, возьмем статыстыку па бібліятэках краіны, падпарадкаваных Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь за 2015 і за 2016 гады, каб паглядзець, наколькі тут адбыліся вялікія змены цягам мінулага года. Праўда, прадстаўленыя статыстычныя паказчыкі не ўключаюць вынікі дзейнасці бібліятэк, закрытых у 2015 і 2016 гадах, але гэта, відаць, не так ужо і істотна для агульнай карціны.

Пачнём з дзіцячых бібліятэк. Як вынікае, за 2016 год у параўнанні з годам папярэднім, колькасць дзіцячых “кніжніц” у Беларусі зменшылася на 13 адзінак, а чытачоў тут стала менш на 35,9 тысячы чалавек, у тым ліку дзяцей ва ўзросце да 15 гадоў — на 28,7 тысячы чалавек.

Такім чынам, на пачатак 2017 года сістэма дзіцячых бібліятэк Беларусі налічвала 173 адзінкі. Для параўнання, дзесяць гадоў таму гэта лічба складала 255 адзінак, а ў 2006-м — 259 на ўсю краіну.

Больш за ўсё летась было зачынена бібліятэчных устаноў для дзяцей у Мінскай вобласці — усяго чатыры. У астатніх абласцях краіны за год дзіцячых “кніжніц” паменшала на дзве адзінкі, праўда, на Гродзеншчыне закрылася ўсяго адна бібліятэка. Не зачыняліся дзіцячыя бібліятэкі толькі ў Мінску — тут так і засталося 18 бібліятэк, як і годам раней. Але ж, натуральна, Мінск пастаянна расце, і на 2-мільённы горад наогул можна было б і павялічыць колькасць дзіцячых кніжніц, пра што ў нядаўнім інтэрв’ю “К” згадвала дырэктар Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк сталіцы Таццяна Швед.

Але ж пойдзем далей за статыстыкай. За 2016 год натуральным чынам скарацілася і кнігавыдача чытачам на агульную лічбу ў 707 тысяч экзэмпляраў. Менш за ўсіх сталі браць кнігі ў бібліятэках той жа Мінскай вобласці (“мінус” 206,2 тысячы экзэмпляраў), на Віцебшчыне (-195,3 тысячы) і Магілёўшчыне (-122,3 тысячы). Але ж вызначыць, дзе на кнігавыдачу паўплывала скарачэнне сеткі ўстаноў, а дзе дзеці і іх бацькі перасталі цікавіцца кніжнымі навінкамі, з гэтых лічбаў не так ужо і проста. Хутчэй за ўсё, тут сыгралі ўсе гэтыя фактары разам.

Зменшыўся і агульны кніжны фонд дзіцячых бібліятэк: за год тут стала менш на 351,23 тысячы экзэмпляраў. Скараціліся, дарэчы, і новыя паступленні: калі ў 2015-м годзе дзіцячымі “кніжніцамі” было атрымана 257,1 тысячы экзэмпляраў выданняў, дык летась — толькі 204,58.

Апошнім пунктам варта сказаць пра кадры. Скарачэнне назіраецца і тут. Напрыклад, па даных, прадастаўленых самімі бібліятэкамі, за год колькасць персаналу ў дзіцячых бібліятэках скарацілася на 81 штатную адзінку. Найбольш “пацярпелі” ў гэтым плане ўстановы на Віцебшчыне і Міншчыне (па 19 штатных адзінак у абедзвюх абласцях), на Гомельшчыне (-13) і ў самой сталіцы (-12). Прычым, з бібліятэк сыходзіла прыкладна аднолькавая колькасць спецыялістаў як з вышэйшай (-19 чалавек), так і з сярэдняй спецыяльнай (-16 чалавек) адукацыяй.

Як бачна, лічбы даволі сумныя, хоць у артыкуле аналізуюцца даныя ўсяго толькі за мінулы год. За больш працяглы тэрмін лічбы былі б, зразумела, яшчэ больш трывожнымі. Ці спыніцца негатыўная тэндэнцыя скарачэння дзіцячых бібліятэк краіны, ці ператворыцца “мінус” у “плюс”? Пытанне, мабыць, варта адрасаваць мясцовым уладам, бо менавіта ад іх пазіцыі залежыць існаванне дзіцячых бібліятэчных устаноў у раёнах Беларусі. І справа тут не ў платных паслугах, на якіх, натуральна, у дзіцячых “кніжніцах” шмат не заробіш, а ў тым, каб дзеці адчувалі сябе гаспадарамі ў сваіх кніжных дамах, а не туліліся ў закутках “дарослых” бібліятэк.

У наступных нумарах “К” разгледзіць статыстыку па публічных бібліятэках Беларусі.

Фота Юрыя ІВАНОВА з архіва "К"

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"