Арлы для Арлоўскай

№ 17 (1300) 29.04.2017 - 05.05.2017 г

Не так даўно “К” прадстаўляла гэтага чалавека ў якасці аднаго са стваральнікаў і ўдзельнікаў культавых беларускіх гуртоў “Мроя” ды “N.R.M.”. У тым інтэрв’ю ён абмовіўся, што сканчаў Мінскае мастацкае вучылішча (Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя Аляксея Глебава). “Культура” вырашыла капнуць у гэтым месцы глыбей. І вось што нам удалося атрымаць на паверхні...

/i/content/pi/cult/635/14115/13-1.jpg— У школе я выдатна маляваў (так казаў мне настаўнік Іван Іванавіч — франтавік, ардэнаносец, ад якога мне за “ўзорныя” паводзіны пару разоў дасталося лінейкай па патыліцы), але толькі кеды ды збан з натуры. На тым мае таленты ў выяўленчым мастацтве і вычарпаліся.

Алег Дземідовіч таксама па-майстэрску перамалёўваў розныя прадметы, капіяваў вядомыя палотны, афармляў насценгазеты, не грэбаваў шаржамі на аднакласнікаў ды нешта пісаў на гістарычныя тэмы. Па заканчэнні васьмігодкі ён зразумеў, што, у прынцыпе, вывучыўся ў дастатковай меры ўсяму наогул, а далей яму варта канкрэтна заняцца жывапісам. З гэтай устаноўкай будучы легендарны айчынны бубнач у 1980 годзе і паступіў у згаданае вучылішча.

— У Сашы Кулінковіча з “Нейра Дзюбеля”, мабыць, была цяга да труб, батарэяў ды іншага, раз ён атрымаў прафесію сантэхніка, — смяецца Алег, — а я бачыў сябе тады калі не вялікім жывапісцам, дык недзе каля таго. Свабоды хацелася пасля агульнаадукацыйнай школы, і ў вучылішчы нам, ледзь у яго прынятым, яе адразу ж засведчылі, сказаўшы, што паліць можна там і там. А займаліся з раніцы да вечара — не абы-якія нагрузкі былі.

Атрымаўшы спецыяльнасць “выкладчык чарчэння і малявання” (усур’ёз аб сваёй педагагічнай будучыні Дземідовіч не думаў (яна яго дагоніць, і пра гэта ніжэй)) і абмыўшы “корачку”, ён пайшоў служыць ва Узброеныя сілы СССР (да таго часу ўжо амаль тры гады як існаваў гурт “Мроя”, якi паўстаў у сценах ММВ). Там, у “ленінскім пакоі” казармы, і сядзеў крукам над партрэтамі Ільіча, выпускаў “баявыя лісткі” ды перамагаў на адпаведных вайсковых конкурсах. Зняўшы пагоны, Алег паспрабаваў уліцца ў шэрагі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер БДАМ), але “заваліў” адзін з уступных экзаменаў (“конкурс быў вялікім, месцы былі “распісаныя” і без мяне, як я думаю”). Больш спробаў працягнуць вучобу ў якой-небудзь з ВНУ ён не рабіў. Да таго ж пайшла ўгару кар’ера непрафесійнага рок-музыканта. Але дармаедамі ў Саюзе жылося нявесела, а таму трэба было абавязкова афіцыйна працаўладкоўвацца. Што Дземідовіч і ажыццявіў у адным са сталічных аўтобусных паркаў (што меў рэпетыцыйную кропку). Пасада... маляр пятага разраду. У рэальнасці ён пераважна займаўся мастацка-афармляльніцкай дзейнасцю. (Асобныя адрэзкі гэтага немузычнага шляху Алег пераадольваў плячом да пляча з Лявонам Вольскім і Уладзімірам Давыдоўскім — таксама мэтрамі нашага року).

У тыя гады Алег практычна да “жывапісу для душы” (“не разумею, што гэта такое: ты альбо займаешся жывапісам, альбо не”) не вяртаўся, хіба ў выглядзе вокладак альбомаў для гурта “N.R.M.”. Але з надыходам цяжкіх для каманды дзён у 2009-м Дземідовіч зноў бярэ ў рукі фарбы (“есці ж хацелася”). Сарафаннае радыё разносіць вестку, што ў Мiнску аб’явіўся цікавы... інтэр’ерны дызайнер, да якога і пачынаюць паступаць заказы на ўнутранае афармленне асабістага жылля, дзяржаўных ды прыватных устаноў.

— Я рэалізую задумы кліентаў, — кажа Алег. — Мне цалкам дастаткова агульнага кірунку, нейкага смутнага пажадання, каб перанесці іх у эскізы. Хочаце нешта ў рэалістычным ключы або ў духу еўрапейскай рамантыкі — калі ласка, у імпрэсіянісцкай манеры — і гэта магу. Сам часам нешта прапаную. Пакуль ніхто не прасіў што-небудзь з беларускага пейзажу, а мне вельмі хацелася б паспрабаваць сябе ў гэтай тэме.

Пад адну з першых яго буйных “размалёвак” “трапіў” Дзіцячы музычны тэатр “Рэвю”: “Перад тым як роспіс памяшканняў стаў для мяне асноўным заняткам, была праца ў камерцыйнай будаўнічай фірме. Маляр, тынкоўшчык — гэта ўсё пра мяне. У гэтай якасці і апынуўся ў Палацы культуры прафсаюзаў, калі там ішоў рамонт. Даведаўшыся, што з адукацыі я мастак, дырэктар ПК прапанавала мне аформіць тыя плошчы на двух яго паверхах, дзе “Рэвю” і займаўся”.

У 2016-м Дземідовіч узяўся яшчэ і за скульптуру (гэты прадмет выкладаўся ў ММВ). Першы заказчык быў з Абхазіі! Для яго Алег вырабіў некалькі галоў льва. Сваю майстэрню калегу прадаставіў скульптар Алег Варвашэня, які, ацаніўшы завершаную работу, змрочна пажартаваў: “Ну вось, упусціў да сябе канкурэнта...” Потым былі арол (“Можна Арлоўскую вуліцу такімі птушкамі заставіць, у адміністрацыю раёна, ці што, схадзіць з такой ідэяй?”) ды сувенірны бусел. (Льва, дарэчы, Дземідовіч нядаўна выстаўляў у рамках праекта “Я Манэ. Я Шышкін. Я Малевіч” у мiнскай галерэі “Дом карцін”.)

І аб педагагічнай дзейнасці. У Цэнтры генiяльных гультаёў “12” Алег кіруе арт-майстэрняй, у якой тройчы на тыдзень навучае зусім маленькіх дзяцей, школьнікаў пачатковых і сярэдніх класаў маляванню, размалёўцы, лепцы. Яго вучні ўжо прымаюць удзел у конкурсах, да іх прыйшлі першыя поспехі.

— У Мінску, наколькі мне вядома, не так шмат людзей займаецца інтэр’ерным дызайнам у тым яго выглядзе, які прапаную я, — Дземідовіч задумваецца. — Ці лічу я мастацтвам тое, што раблю? Вядома. Гэта не халтура, гэта звычайны жывапіс, толькі вось такі. Рамяство? Так. Але не рамесніцтва — у зневажальным значэнні слова. Мастак Руслан Вашкевіч мне неяк сказаў, што не кожны мастак з імем зможа так распісваць, як атрымліваецца ў мяне...

Меркаванне мастацтвазнаўцы Пётры Васілеўскага

— Добра, што ў наш няпросты для культуры час існуюць такія творчыя людзі, якія знаходзяць прымяненне сваім талентам, не чакаючы, пакуль адказныя структуры звернуць на іх увагу і забяспечаць працай. Дземідовіч ведае свае магчымасці і ў прапанаваных яму абставінах выдатна рэалізуе тое, чаму навучаны, чым моцны. Да вартасцяў аднясу тое, што ён як творца камфортна сябе пачувае ў двухвымернай прасторы і ў трохвымернай, бо ў мастакоў і скульптараў розныя псіхалогіі. У яго, безумоўна, ёсць свой почырк, ён лёгка пераходзіць ад аднаго стылю да іншага. Хваткi: у тым сэнсе, што ў адпаведнасці з уласнымі задумамі ўмее адаптаваць падгледжаныя дзесьці ідэi. Цікавы майстар увогуле.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"