Італьянскія маскі — беларускія "пасткі"

№ 16 (1299) 22.04.2017 - 28.04.2017 г

Італьянскі акцёр і рэжысёр Матэа Сп’яцы не ўпершыню ставіць у Мінску спектаклі. Спецыяліст у галіне італьянскай камедыі масак, ён праводзіць майстар-класы і семінары па гэтай тэме па ўсім свеце. Два з паловай гады таму рэпертуар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага ўзбагаціўся яго спектаклем “Viva Commedia!”, сёлета да яго далучылася ў тым жа тэатры сусветная класіка — “Карчмарка” Карла Гальдоні. А праз месяц у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек узнік “Пансіён “Belvedere”. Думаеце, гэткае “тыражаванне”, схаванае “пад маскай” розных сюжэтаў? Ажно не: ва ўсіх трох спектаклях мы ўбачылі розныя рэжысёрскія прыёмы і тэатральныя тэхнікі, хаця і з адной асновай. Дык што можа даць беларусам італьянская камедыя дэль артэ? Тым больш пільна прыглядзімся, бо 2017-ы абвешчаны годам італьянскай культуры ў Рэспубліцы Беларусь.

“Пансіён…” з “Карчмаркай”

Найперш павучыцца трэба стаўленню да нацыянальных традыцый. Гэта ж як па-рознаму можна “вырульваць” з традыцыйнай камедыі масак да сучаснасці!

Прызнацца, у свой час “Viva Commedia!” мяне не надта ўразіла. Перад вачыма стаяў колішні прыезд італьянскай трупы на тагачасны сталічны фестываль “Панарама” — і я міжволі параўноўвала тую разняволенасць, імправізацыйнасць з нашай “вымучанасцю”, якая ўспрымалася гэткім вымушаным “крыўляннем”: было не столькі смешна, колькі сумна, асабліва ў расцягнутай да бясконцасці першай дзеі. Але публіка той спектакль прымала вельмі добра: і на стацыянарнай сцэне, і на гастрольна-фестывальных паказах, і ў фармаце вулічнага спектакля на плошчы ля Мінскай ратушы.

/i/content/pi/cult/634/14103/7-1.jpg

Сцэна са спектакля “Карчмарка”. / Фота Настассі ТАРАЧЭНКА

“Карчмарка”, здавалася б, павінна была паўтарыць тую спробу далучэння беларускіх артыстаў да новай для іх тэхнікі буфанады. Але спектакль быў вырашаны як “рэпетыцыя камедыі ў 2-х дзеях” — на фоне абрысаў дэкарацый “Хітрыкаў Ханумы”. Да класічнага тэксту Гальдоні далучыліся імправізаваныя артыстамі ўстаўкі пра іх рэальнае закуліссе, нават з рэальнымі імёнамі і іншымі бытавымі дэталямі. Спектакль “складаецца” літаральна на нашых вачах: паступова “абрастае” ўсё новымі элементамі сцэнічных строяў, а галоўнае — характарамі, пластыкай персанажаў. Самае цікавае, бадай, — сачыць за гэтымі зменамі, што адбываюцца з артыстамі і іх героямі. Прыцягвае і натуральнае маўленне, блізкае “кіношнаму” — без залішняга пафасу. Знарочыстая буфанада ўласцівая хіба Іне Савянковай (Артэнзія) і Алене Дуброўскай (Дыяніра), якія іграюць запрошаных артыстак. Наўмысна акцэнтаваная патэтыка — Аляксандру Вергунову ў ролі Рэжысёра, дый тое, калі ён раздае “палымяныя” заклікі і распараджэнні. Калі ж герой вырашае, нарэшце, на практыцы паказаць артыстам, як трэба іграць, дык таксама пераходзіць ад “рамантызаваных” клішэ да “рэалізму”, вымушаючы не толькі сваіх “падначаленых”, але і гледачоў у зале паверыць, што нешта яму дрэнна з сэрцам стала. Ці ж не дадатковая пародыя на “тэатральны прафесіяналізм”? Ці ж не іронія з саміх нашых уяўленняў пра “сапраўдны тэатр”?

Спектакль вылучаецца цудоўным акцёрскім ансамблем (Вераніка Пляшкевіч, Сяргей Чэкерэс, Уладзімір Глотаў, Алег Коц), дзе кожны разумее астатніх з паўслова-паўуздыху-паўпогляду. Вельмі стыльнымі, у нечаканай светлай палітры (замест традыцыйнай пярэстасці) атрымаліся сцэнічныя строі (мастак — Ала Сарокіна). І ўся драматургічная дзея, уключаючы падвойны прыём “спектакля ў спектаклі”, аказваецца “падвойнай размовай” на тэму хлусні і прытворства, тых самых “чужых масак” (у самым шырокім сэнсе слова), што не дазваляюць разглядзець ісціну, чалавечую сутнасць. І таму да дабра не даводзяць — ні ў прыдуманым сюжэце, ні ў жыцці, ні ў ХVIII стагоддзі, ні ў ХХІ.

“Пансіён “Belvedere”, пастаўлены ў сталічным Тэатры лялек, вымусіў артыстаў не толькі “прымерыць” маскі, якія разам з выкшталцонымі касцюмамі (мастак — Таццяна Нерсісян) надалі людзям аблічча своеасаблівых “лялек”, але і, адпаведна, засвоіць новую сцэнічную манеру. Спектакль ідзе без слоў, спалучаючы характарную пластыку, гэгі, клаўнаду, мастацтва мімаў — і ўсё гэта на фоне разнастайных танцавальных рытмаў. Кожны герой — запамінальны. За кожным паўстае не толькі яркі характар, але і схаваныя “за кадрам” перыпетыі ранейшага жыцця. І гэта пры тым, што некаторыя артысты выконваюць адразу па некалькі роляў! Нечаканасць яшчэ і ў тым, што не толькі мужчыны часам іграюць жанчын, але жанчыны — мужчын. Удзельнікі спектакля заслугоўваюць таго, каб назваць іх усіх пайменна: Любоў Галушка, Іна Ганчар, Валерый Зяленскі, Цімур Муратаў, Дзмітрый Рачкоўскі, Ілья Соцікаў, Надзея Чэча, Дзмітрый Чуйкоў.

Матэа Сп’яцы выступіў у гэтым спектаклі не адно рэжысёрам-пастаноўшчыкам, але і цалкам аўтарам, прыдумаўшы саму “гісторыю” — дакладней, шэраг маленькіх гісторый-эпізодаў, што адбываюцца з пастаяльцамі пансіёна (па-нашаму Дома састарэлых). Шэрыя аблезлыя сцены, змрочны пакой, стары тэлевізар з маленькім экранам (і, зразумела, “барацьба” за “жаночыя” серыялы ці “мужчынскі” футбол), інваліднае крэсла, старэчыя “хадункі”,  і побач з гэтым іранічныя заняткі “аэробікай”, вясёлае святкаванне дня народзінаў, частыя высвятленні адносінаў, ажно да рукапашнай, жартоўна-сур’ёзныя рыначныя стасункі, мара пра падарожжы і многае-многае іншае. Перад намі праходзіць быццам усяго адзін дзень, але ў яго ўкладзена столькі паваротаў у развіцці характараў, столькі спляценняў лёсаў, што тыя некалькі гадзін (а ў тэатральным вымярэнні — увогуле ўсяго 70 хвілін) становяцца сімвалам усяго жыцця. І вымушаюць цаніць кожнае імгненне, напаўняючы яго не проста сэнсам, але і асаблівай каштоўнасцю і, разам з тым, крохкасцю: “хуткую дапамогу” даводзіцца выклікаць для... дзяўчыны-спартсменкі, а не для яе падначаленых.

Назва пансіёна зусім не выпадковая. “Бельведэр” у перакладзе з італьянскай даслоўна азначае “цудоўны від”, гэтым словам называюць пабудовы, змешчаныя на ўзвышэнні (ці тыя ж вежачкі, што вянчаюць палац), з якіх добра аглядаць наваколле. З аднаго боку, гэта іронія: якая ж можа быць “прыгажосць” у такой установе? З другога боку, своеасаблівая рэальнасць: з “вышыні” свайго ўзросту, знаходзячыся “на ўзвышэнні” ад зямлі (іначай кажучы, на шляху да нябёсаў), жыхары пансіёна могуць агледзець усё сваё жыццё. І хаця спектакль жанрава азначаны як “горкая камедыя”, яго агульная “танальнасць” атрымліваецца, як ні дзіўна, светлай і ўзнёслай — зноў-такі, у адпаведнасці з назвай пансіёна. Да тэмы старасці і адзіноты далучаецца тэма... усеабдымнай любові: каханню ёсць месца паўсюль і заўсёды, менавіта яно становіцца галоўным рухавіком чалавечага існавання. Сапраўды, як многа, аказваецца, можна выказаць і знайсці, развіваючы традыцыйны, здавалася б, тэатр масак!

…Раптам узнікла ў думках паралель: у нас, беларусаў, ёсць батлейка. Але ці шмат мы з яе “выціснулі”? Так, паспрабавалі аднавіць — праўда, часцей у адным з двух найбольш распаўсюджаных варыянтаў: ці ў выглядзе звыклых дзіцячых казак, хіба што “ў скрыні”, ці як бясконцыя паўторы “Цара Ірада”, асабліва на Каляды. Праводзіцца Міжнародны фестываль батлеечных і лялечных тэатраў “Нябёсы” (на “круглым стале” апошняга гучала, дарэчы, думка паказваць батлейку выключна на свята Раства Хрыстова, каб тая не страчвала сваёй каштоўнасці: маўляў, ёлку мы ўпрыгожваем толькі на Новы год, таму і бачым у ёй сімвал свята). Можна згадаць і ўвасабленні батлейкі ў іншых відах мастацтва: у кінастужцы “Дзікае паляванне караля Стаха” Валерыя Рубінчыка паводле аднайменнай аповесці Уладзіміра Караткевіча; у сюіце “Батлейка” Уладзіміра Помазава, што калісьці была хітом Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Іосіфа Жыновіча на чале з Міхаілам Казінцом; у народнай музычнай камедыі “Несцерка” Рыгора Суруса ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры; у спектаклі “Тутэйшыя” ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы і дзе рэжысёр Мікалай Пінігін і мастак Барыс Герлаван выкарысталі батлейку не для знешняга антуражу ці “спектакля ў спектаклі”, а як базавую, фундаментальную аснову ўсяго сцэнічна-візуальнага прачытання купалаўскай п’есы. Думаецца, менавіта ў тых “Тутэйшых” быў закладзены падмурак далейшага не проста працягу, а менавіта развіцця глыбінных батлеечных традыцый, надзвычай багатых на разнастайныя мадыфікацыі. Убачыць гэтыя магчымасці і дапамог “італьянец у Беларусі”, прадэманстраваўшы розныя шляхі, што вядуць з аднаго пачатковага пункту. Далейшы пошук, прычым на ўласна беларускіх нацыянальных традыцыях, — за нашымі рэжысёрамі. Гэта ж якая прастора для творчых фантазій!..

Надзея БУНЦЭВІЧ

 

Расклад на старасць

Звычайна акцёры скардзяцца, маўляў, няма годных п’ес для ўзроставых персанажаў. Беларускі дзяржаўны тэатр лялек у чарговы раз даказаў, што ў прасторы мастацтва няма нічога немагчымага: у спектаклі “Пансіён “Belvedere” амаль усе галоўныя героі пакінулі далёка за плячыма пенсійную мяжу. Праўда, лялечнікі і тут вырашылі крыху пахуліганіць: з лёгкай рукі італьянскага рэжысёра Матэа Сп’яцы за замалёўкі пра восень жыцця ўзяліся маладыя артысты. Калейдаскоп карцінак атрымаўся зухавата-смешным. Але ці хапіла аскомістасці камедыі, што ў афішы пададзена горкай?

/i/content/pi/cult/634/14103/7-2.jpg

Сцэна са спектакля “Пансіён “Belvedere”. / Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Яшчэ на стадыі рэпетыцый вакол Тэатра лялек “закіпала” інтрыга: усе чакалі, у што выльецца ўнікальнае спалучэнне класічных падыходаў камедыі дэль артэ і нестандартнага мастацкага бачання лаўрэата Нацыянальнай тэатральнай прэміі Таццяны Нерсісян. Менавіта прапанаваныя апошняй маскі, якія закрылі твар цалкам, вызначылі шлях спектакля, вывелі яго ў рэчышча бязмоўнага дзеяння. Вынік перавысіў чаканні: кожнае з’яўленне чарговай маскі імгненна распавядала гледачу гісторыю жыцця персанажа і сведчыла пра статус у абмежаваным свеце асобна ўзятага дома састарэлых. Адштурхнуўшыся ад знакамітых выяваў дзядкоў у Леанарда да Вінчы, мастак філігранна абазначыла тыпажы: у кругабегу дня праносіцца фанабэрыстая доктарка і не ахвочая да хоць найіменшай адказнасці медсястра, журботны інтэлігент і пранырлівы выпівоха, бабуля-дзьмухавец і жанчына, якая ніколі не ўпусціць сваё, ды іншыя.

Матэа Сп’яцы наўмысна падбіраў акцёраў з рознай фактурай. Калі ж артысту не хапала аб’ёму, на дапамогу прыходзілі касцюмы. Не магу ў звязку са згаданым не адзначыць дакладнасць ігры Валерыя Зяленскага: яму даводзілася не толькі памятаць пра маску і адпаведна пераводзіць квяцістасць акцёрскай мовы ў адметна абраныя жэсты, але яшчэ і штохвілінна змагацца з накладным аб’ёмістым “целам”, якое большасць сцэнічнага часу апранута ў беспамернае футра.

Лялечнікам не ў навіну працаваць з маскамі, але бадай што ўпершыню моладзь на роўных з рэжысёрам складала сюжэтнае рэчышча пастаноўкі і намацвала пластычную выразнасць рухаў, каб кожны з васьмі асноўных персанажаў загучаў непадобным на іншага голасам. Пастаноўшчык смела перамешваў на размеркаванні ролі, аддаючы жаночых персанажаў мужчынам і наадварот, а акцёры актыўна ўключаліся ў гратэскную імправізацыю. Асобныя мізансцэны нагадвалі студэнцкія эцюды.

Публіцы падаравалі 70 хвілін канцэнтраванага жыцця. У гэгах і камікаванні моладзь распавядала, як бабулькі і дзядулькі ваююць за прагляд перадачы па адзіным на ўвесь пансіён тэлевізары, як вынаходлівы дзядок прыгандлёўвае “дэфіцытным” таварам: прадуктамі, соусамі і спецыямі, якія не ўваходзяць у дыетычны стол тых, хто папраўляе здароўе, чакаючы натуральнага сыходу на той свет. Медперсанал на падмостках надзвычай пазнавальна пакутуе ад неабходнасці выконваць свае прафесійныя абавязкі, мерную хаду марнавання часу парушае толькі “святкаванне” дня народзінаў пастаяльцаў, пасля якога застаецца адно абавязковы для справаздачы фотаздымак і акаўпачаны ва ўсіх сэнсах імяніннік. Маладая пастановачная каманда працягвае паддаваць фарсу — і вось ужо ў клубку коцяцца па падлозе аб’ёмістыя жанчыны, задзіраючы як мага вышэй ногі і спадніцы, а сумны інтэлектуал у 98 гадоў застаецца пасярод сцэны ў спушчаных штанах, выстаўляючы напаказ падгузнік… Здаецца, нізка смешных сцэнак пачала тануць у гратэску, страчваючы той самы іранічны падтэкст, які абяцала афіша…

Дазволіць сабе жартаваць на грані фолу могуць сапраўды прафесіяналы, таму сталічным лялечнікам на чале з італьянскім рэжысёрам гэта часта ўдаецца. Але ж ці не губляюць яны часам за гэгамі нітку расповеду? У назву вынесена слова “бельведэр”, якім у Еўропе называюць многія палацы, што месцяцца ў асабліва прыгожых месцах. Тым самым рэжысёр выклікае вострае адчуванне несупадзення знешняга, казачнага малюнка з рэальнасцю ў казённых аголеных сценах, адкуль, у асноўным, адзін выхад — на могілкі… Не думаю, што менавіта ва ўсёаб’яднальнае фінальнае каханне зводзіцца галоўная думка пастаноўкі… Паказаныя гледачу старыя — бездапаможныя, загнаныя абставінамі ў клетку (зусім не залатую!), дзе як ніколі рэзка чакаеш ад недаступнага табе тэлефону вестак з пакінутага жыцця. Спадзяюся, што горыч рэальнасці крыху саступіла эйфарыі ад першых паказаў і таму абавязкова вернецца ў добра складзенае рэчышча, каб надаць глыбіні жыццю хоць і смешнаму, але падпарадкаванаму жорсткаму, безварыянтнаму раскладу.

Настасся ПАНКРАТАВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"