Пра зямлю і неба Фердынанда, мудрую маладосць і дударскі рэй

№ 15 (1298) 15.04.2017 - 21.04.2017 г

Натрапіў на сынавы падручнік па маркетынгу. Зацікавіўся і адшукаў шмат карыснага. Да прыкладу, “творчасць” і “крэатыў” — не сінонімы. Творчы працэс складаецца з аўтарскага натхнення і непрадказальнага выкарыстання аўтарскага ж таленту. Крэатыўны працэс — рэч да мяжы прагматычная. Прадукт крэатыву, вобразна кажучы, — гэта карціна ў загадзя абранай раме, змешчаная ў загадзя абраным музеі для загадзя абранай публікі. Давайце разам адшукаем крэатыў у сённяшнім аглядзе вашых пісьмаў.

/i/content/pi/cult/633/14063/11-1.jpgПадведзены вынікі VIII Абласнога конкурсу танцавальных пар — выканаўцаў народных бытавых танцаў “Вытокі”. Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама і Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці паведамляюць, што конкурс, які ладзіцца з 2001 года, гэтым разам адбываўся ў гарпасёлку Уваравічы Буда-Кашалёўскага раёна і ў горадзе Калінкавічы. 95 танцавальных пар з 19 раёнаў Гомельшчыны спаборнічалі ў пяці ўзроставых катэгорыях. Удзельнікі прадэманстравалі майстэрства ў выкананні 21 танца.

Растанцоўваюцца і ў сталіцы. 18 красавіка ў сярэдняй школе № 71 Мінска распачнецца ІІІ Адкрыты конкурс беларускага народнага танца “Ветразь”.

Да 125-годдзя Максіма Багдановіча ў эстонскіх школах і установах культуры быў праведзены шэраг асветніцкіх мерапрыемстваў па папулярызацыі творчасці нашага класіка. Свае ўражанні ды інтэнцыі было прапанавана аформіць у выглядзе мастацкіх работ. Лепшыя можна паглядзець у Літаратурным музеі Багдановіча на выставе “У краіне васільковых сноў”.

Выстава “Народнае адзенне Віцебшчыны” працуе ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі. Гэта сумесны праект музейшчыкаў і метадыстаў. Свае калекцыі прэзентуюць Бешанковіцкі, Браслаўскі, Лепельскі, Пастаўскі, Чашніцкі раёны. Экспануецца каля 400 адзінак адзення.

Галоўны бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Ірына Навумчык распавядае: “Работнікі нашага аддзела правялі краязнаўча-літаратурную гадзіну “Пісьменнік роднага краю” для навучэнцаў ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці. Яны пазнаёміліся з жыццём і творчасцю Уладзіміра Глушакова”.

Дудар і літаратар Віталь Воранаў паведамляе, што 6 — 7 мая адбудзецца першы фэст дударскіх рэгіёнаў “Дударскі рэй-2017”. Прыедуць госці з Польшчы, Чэхіі, Бельгіі, Шатландыі. Падчас мерапрыемства будзе прэзентавана кніга Віталя Воранава “Дударская Глыбоччына”.

У аграгарадку Валеўка выступіў тэатральны клуб “Элегія” аддзела метадычнай работы Навагрудскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Такім чынам стартаваў арт-праект “Мудрая маладосць”. Кіраўнік клуба “Элегія” Іна Гайба патлумачыла, што “Мудрая маладосць” — назва спектакля, створанага на мясцовым матэрыяле. Пастаноўка прапагандуе сярод людзей сталага веку мясцовыя ўстановы культуры. Таму праект — доўгатэрміновы, інакш кажучы, спектакль будзе паказаны па ўсім раёне.

Бібліятэкар Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Валянціна Славуціч напісала пра літаратурны вечар “Надзеямі жыве душа…” да 75-годдзя мясцовага паэта Івана Арабейкі. Юбіляр адказаў на шматлікія пытанні, чытаў свае вершы.

У аграгарадку Мазалава (Віцебскі раён) — чарговая падзея. Свята “Сяброўства без межаў” наладзілі сябры клуба інтэрнацыянальнай дружбы “Згода” — замежныя студэнты Віцебскага дзяржуніверсітэта імя Пятра Машэрава і Ветэрынарнай акадэміі. Мерапрыемства прайшло ў межах сацыякультурнага праекта “Дыялог народаў і культур”. Аўтар праекта — адзін з актыўных пазаштатных карэспандэнтаў “К” Андрэй Струнчанка.

Дзіцячая бібліятэка — філіял ЦБС Браслаўскага раёна сумесна з мясцовым аддзелам па надзвычайных сітуацыях распрацавала комплексную праграму “Тэрыторыя бяспекі”. Былі арганізаваныя экскурсія ў пажарную частку, сустрэчы з выратавальнікамі. “А гэтымі днямі, — паведамляе дырэктар ЦБС Вольга Ляснеўская, — у дзіцячай бібліятэцы адбываецца конкурс малюнкаў “Выратавальнікі вачыма дзяцей”.

А спецыяліст Савецкага раённага аддзела надзвычайных сітуацый сталіцы Таццяна Бычанок нагадвае, што ў красавіку праходзіць пажарна-прафілактычная акцыя “За бяспеку разам”. Правяраецца супрацьпажарны стан жылога фонду.

20 мая ў вёсцы Багданава Валожынскага раёна пройдзе рэгіянальны пленэр-конкурс “Зямля і неба Фердынанда”, прысвечаны памяці мастака Фердынанда Рушчыца. У мерапрыемстве прымуць удзел вучні ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Вядучы спецыяліст па народных традыцыях і абрадах Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Людміла Мельнікава паведамляе: “У аграгарадку Юравічы Калінкавіцкага раёна адбыўся семінар-практыкум клубных работнікаў. Яны пазнаёміліся з дзейнасцю мясцовага цэнтра народнай творчасці. Гаворка ішла і аб праектнай дзейнасці. Цікавай падалася практыка Дудзіцкага цэнтра народнай творчасці па арганізацыі часовай працоўнай занятасці школьнікаў па вырабе сувенірнай прадукцыі”.

Клімавічы мяжуюць з некалькімі раёнамі Расіі. Нядаўна супрацоўнікі цэнтральнай райбібліятэкі наведалі сваіх замежных калег з Шумяцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, прынялі ўдзел у Азімаўскіх чытаннях. Справа ў тым, што фантаст Айзек Азімаў нарадзіўся ў Шумяцкім раёне Смаленшчыны. Дарэчы, 6 красавіка споўнілася 25 гадоў з дня смерці сусветна вядомага пісьменніка. Пра гэта напісала метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Клімавіцкай раённай бібліятэкі імя Івана Пехцерава Юліяна Клімянкова.

Яшчэ інфармацыя пра міжнародныя стасункі. Як распавядае Галіна Гашчук, на сцэне Акадэмічнай капэлы Санкт-Пецярбурга выступіў заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь — ансамбль народнай музыкі “Выцінанка” пад кіраўніцтвам Пятра Астапчука са Століншчыны.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"